Леонид Гуляко встретился со священнослужителями Докшицкого района

 

9 жніўня з рабочым візітам наш раён наведаў упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Паўлавіч Гуляка. У гэты ж дзень ён сустрэўся са святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій раёна, а таксама актывістамі раённага аддзела  Рэспубліканскага ГА “Белая Русь”.

У ходзе размовы са святарамі Л.П. Гуляка закрануў шэраг пытанняў, якія тычыліся  няўхільнага выканання патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь пры адводзе зямельных участкаў пад будаўніцтва культавых будынкаў і недапушчэння працяглых тэрмінаў іх будаўніцтва.

У ходзе размовы ўпаўнаважаны адзначыў, што з дзяржаўнага бюджэту штогод выдзяляюцца сродкі для правядзення рэстаўрацыйных і аднаўленчых работ культавых збудаванняў. Пры гэтым падкрэсліў, што гаворка не ідзе аб будаўніцтве новых храмаў або іх аднаўленні, якія маюць патрэбу ў рамонце. Дзяржаўныя грошы выдзяляюцца толькі на тыя будынкі, якія адносяцца да катэгорыі помнікаў гісторыі і культуры.

– Гэта работа ў цэлым у рэспубліцы ідзе дастаткова актыўна, –  сказаў Леанід Гуляка. – Але складанасць у тым, што бюджэтных сродкаў не хопіць, каб адрэстаўраваць усе помнікі Беларусі.

Што тычыцца рэканструкцыі праваслаўнай царквы Усіх Святых у г.п. Бягомль, упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей парэкамендаваў святарам, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, за ўласныя сродкі прыходу падрыхтаваць праектна-сметную дакументацыю, а ўжо потым разлічваць на дапамогу з раённага бюджэту ці на ахвяраванні дабрачынцаў.

Закрануў Леанід Паўлавіч і актуальную сёння тэму, а менавіта, моўную палітыку Рымска-каталіцкай царквы. Зазначыў, што польская мова не з’яўляецца культавай падчас правядзення службаў у касцёлах.

– Часам да мяне звяртаюцца людзі, якія расказваюць, як некаторыя каталіцкія святары на працягу многіх год праводзяць службы толькі на польскай мове. Каталікі – гэта не палякі, а таму службы павінны праводзіцца на той мове, якая з’яўляецца дзяржаўнай у краіне: рускай або беларускай, – падкрэсліў ён. – Сёння ў нашай краіне працуе каля 435 каталіцкіх святароў, 153 з іх запрошаны з замежжа. Аднак паступова моўнае пытанне вырашаецца.

Падводзячы вынікі размовы са святарамі, Л.П. Гуляка адзначыў, што святары, як праваслаўныя, так і каталіцкія, вядуць вельмі важную работу ў кірунку маральнага выхавання падрастаючага пакалення. Святар павінен быць бясспрэчным узорам для сваіх прыхаджан. А ахвяраванні, якія людзі прыносяць у храм, не павінны быць устаноўленымі, бо “ахвяраванне – гэта ахвярую колькі магу”.

На сустрэчы актывісты грамадскага аб’яднання “Белая Русь” разам са сваім лідарам А.С. Ванюшыным абмеркавалі з Леанідам Гуляка пытанне пераўтварэння рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ў партыю.

Анатоль Ванюшын выказаў некаторыя прапановы і пажаданні па дзейнасці грамадскага аб’яднання, якія ўпаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, абяцаў перадаць старшыні РГА “Белая Русь” Аляксандру Рацькову.

Таццяна ШУЛЬГАТ.

На здымку: упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей РБ Л.П. Гуляка ў час сустрэчы з намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях В.Ю. Рандарэвіч, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.І. Гапанёнак і святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій раёна.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *