Докшиччина в этом году богата на яблоки

Вядома, што восень год корміць, і ўсе адмысловыя гаспадары стараюцца да драбніц сабраць вырашчаны ўраджай. Докшыччына сёлета багатая на яблыкі. Іх нарыхтоўка мае вялікае значэнне для прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва. На асаблівым кантролі гэта пытанне ў прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, які даў указанне актыўна інфармаваць насельніцтва аб працэсе закупу яблыкаў.

Па словах  начальніка аддзела нарыхтовак райста Людмілы Варанёнак, у нашым раёне кааператарамі зроблена ўсё, каб яблыкі мог здаць кожны жадаючы. Інфармацыя для насельніцтва  ёсць у кожнай гандлёвай кропцы, размяшчаецца ў раённай газеце, перадаецца па радыё. Нарыхтоўкай займаюцца 20 гандлёвых кропак, нарыхтоўчыя крамы ў Докшыцах і Бягомлі, пазаштатны нарыхтоўшчык у Сітцах. Прадавец сельскай крамы, аўталаўкі прымае заяўку, звязваецца з райста, і да здатчыка накіроўваецца машына. Кошт аднаго кілаграма яблыкаў — 400 рублёў.

Дакладная, прадуманая арганізацыя закупу дазволіла кааператарам нарыхтаваць рэкордную колькасць яблыкаў – 1760 тон. Гэта адзін з лепшых вынікаў у вобласці, ён нават перакрыў той, што быў у “яблычным” 2008 годзе. Добрыя вынікі нарыхтоўчай дзейнасці ў краме в. Барсукі, Парплішчанскім цэнтры кааператыўнай падтрымкі насельніцтва. Прадавец крамы в. Камайск Валянціна Кукса закупіла ў насельніцтва 64 тоны яблыкаў.

Нарыхтоўчая кампанія працягваецца, і кааператары ўпэўнены, што змогуць нарыхтаваць не менш чым 2000 тон сыравіны, патрэбнай перапрацоўчым прадпрыемствам.

Прампрадпрыемства ДП “АграСітцы” таксама запоўнена яблыкамі, як кажуць, пад завязку. Яго кіраўнік Сяргей Кучко вельмі задаволены тым, што на сёння прадпрыемства поўнасцю забяспечана сыравінай, якой набыта 1,5 тысячы тон. Але запас бяды не чыніць, таму закуп працягваецца. Актыўна ідзе перапрацоўка яблыкаў, што дазволіць і надалей прымаць нарыхтаваную кааператарамі садавіну.

НА ЗДЫМКУ: для рабочых прампрадпрыемства Марыны Латковіч, Алены Міхалевіч і слесара Сяргея Альхімёнка работы сёлета непачаты край, толькі паспяваюць разгружаць машыны спажывецкай кааперацыі,  якія падвозяць яблыкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *