С осенней депрессией можно справиться

Пісьменніца Марта Кетро аднойчы пажартавала пра тое, што кожны інтэлігент, які сябе такім лічыць, восенню павінен адваляцца ў дэпрэсіі, як алюмініевая лыжка. Калі жартам – то смешна, а калі сур’ёзна – то не вельмі, бо дэпрэсія –  вельмі некамфортны і небяспечны стан. Восенню асобным людзям пастаянна хочацца спаць, а замест работы, вучобы ці хатніх спраў, часам нават любімых, з’яўляецца жаданне сядзець і нічога не рабіць. Настрой часта падаўлены, плаксівы, не хочацца мець зносіны з сябрамі і нават блізкімі. Усё гэта ўказвае на першыя прыкметы асенняй дэпрэсіі. Часта медыкі называюць яе прычынай усіх бед, бо ведаюць, што яна правакуе  мноства  захворванняў, сур’ёзных псіхічных расстройстваў і суіцыды.  Пра тое, як распазнаць дэпрэсію і справіцца з ёй, наша размова з псіхолагам цэнтральнай раённай бальніцы Валянцінай Каляда.

– Асенняя (сезонная) дэпрэсія – гэта асаблівы псіхаэмацыянальны стан, – гаворыць яна, – які характарызуецца няўстойлівасцю настрою, беднасцю мыслення, зацыкліваннем на нейкіх сітуацыях, страхах, часта з рухальнай затарможанасцю.

– Чаму дэпрэсія любіць восень?

– Восенню скарачаецца светлавы дзень. Наш арганізм атрымлівае менш неабходнай энергіі. Адсюль санлівасць, апатыя і нежаданне працаваць. Вялікую ролю іграе псіхалагічны аспект. Восень – гэта канец года. Кожны чалавек пачынае пераасэнсоўваць падзеі, учынкі, часта разумее, што не ўсё атрымалася, не ўсе мары збыліся. Гэта незакончанасць, адчуванне нерэалізаванасці сябе як асобы прыводзіць да таго, што настрой становіцца няўстойлівым. Спрыяюць з’яўленню дэпрэсіі хранічныя стрэсы, завышаныя патрабаванні як да акружаючых, так і самога да сябе, парушэнне рэжыму працы і адпачынку, непаўнацэнны сон.

– Хто больш падвержаны дэпрэсіўнаму стану?

– Заўважана, што больш схільныя да дэпрэсій людзі, праца якіх звязана са зносінамі і абслугоўваннем. У гэтым выпадку адбываецца так званае перанасычэнне зносінамі ці “псіхалагічнае выгаранне”. Жанчыны, так як валодаюць большай эмацыянальнасцю, часцей падвяргаюцца гэтаму сезоннаму расстройству, чым мужчыны. Аднак дэпрэсіўны стан можа назірацца ў любым узросце –  як у дарослых, так і ў дзяцей.

– Ці можна папярэдзіць сезонную дэпрэсію?

– Можна і неабходна!  Па першае, трэба старацца максімальна выкарыстоўваць светлавы дзень: больш часу праводзіць на паветры, хадзіць на прагулкі, цаніць кожны пагодлівы дзень. Памяшканне, у якім знаходзімся, трэба максімальна асвятляць. Дома, а асабліва на рабочым месцы, карысна ствараць яркія колеравыя плямы, акаляць сябе яркімі рэчамі. Абавязкова трэба добра высыпацца, раней класціся спаць, бо самы паўнацэнны і прадуктыўны сон – да 24 гадзін. Важна сфарміраваць рэжым дня, не парушаць яго і не збіваць “біялагічны гадзіннік”. Больш рухацца! Танцаваць, займацца спортам. Нават у халодныя дні аддаваць перавагу пешым прагулкам, апранацца зручна і ў адпаведнасці з надвор’ем. Больш мець зносіны з прыемнымі, цікавымі людзьмі, выбраць таго, каму можна даверыць сакрэты і расказаць пра праблемы. Вельмі карысна што-небудзь памяняць у жыцці. Змены не абавязкова павінны быць кардынальнымі. Можна, напрыклад, абнавіць гардэроб, зрабіць перастаноўку ў памяшканні ці хаця б генеральную ўборку. Адцягвае ад зацыкленасці цікавы занятак, рытмічная вясёлая музыка.

Справіцца з дрэнным настроем дапамагае водаратэрапія. Сумесь цытрусавых ці кветкавых эфірных масел станоўча ўплывае на агульны стан арганізма і дае яму тонус. Самым эфектыўным у барацьбе з дрэнным настроем з’яўляецца масла мелісы. Для водаратэрапіі падыходзіць любы час сутак. Можна, напрыклад, раніцай накапаць масла на запясце рукі ці хусцінку. Восенню дабаўце ў харчовы рацыён  шакалад і бананы. Яны ўтрымліваюць эндарфіны, здольныя ўзнімаць настрой.

Сачыце за паставай. Выпрастайце плечы, падыміце падбародак – і адразу адчуеце сябе намнога лепш. Практыка паказвае, што ў выпрамленым палажэнні, не важна за рабочым сталом ці пры хадзьбе, чалавек адчувае сябе больш упэўнена і лёгка. Кожны дзень думайце пра тое, за што можна быць удзячным.

Калі дэпрэсія ўсё ж такі здарылася, цягнецца некалькі месяцаў, і нішто не палягчае пакуты – гэта ўжо повад звярнуцца за дапамогай да ўрача (псіхіятра, псіхатэрапеўта ці псіхолага). Трэба памятаць, што дэпрэсія – сур’ёзнае псіхічнае захворванне. Калі яго не лячыць, наступствы могуць быць цяжкімі.

– Дзякую за размову.

Гутарыла Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Один комментарий для “С осенней депрессией можно справиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *