Сразу 12 пар зарегистрировали брак в Тумиловичском сельском Совете

Залатыя юбіляры Аркадзій Іванавіч і Ніна Дзянісаўна Пяцько.

   Мінулая пятніца ў Тумілавіцкім сельскім Савеце была незвычайнай. Тут рэгістравалі шлюб адразу  12 пар. Абрадавая зала ззяла каштоўным прасторавым светам ад бляску золата, сапфіра, рубіну, карала, жэмчугу, срэбра і фарфору.

Сабраць разам усе сем’і, якія ў гэтым годзе адзначалі юбілеі вяселляў, прапанавала кіраўнік спраў Тумілавіцкага сельвыканкама Валянціна Наско. Перад пачаткам цырымоніі яна растлумачыла сваю ідэю.

– Раней мы таксама віншавалі сем’і з круглымі датамі іх шлюбаў. Выязджалі да іх дамоў.  Некаторых запрашалі  ў абрадавую залу. Найбольш іх тут  адначасова было 3 сям’і.   Сёлета вырашылі заўважыць і тых, хто рэгістраваў шлюб у іншых населеных пунктах, але зараз пражываюць на тэрыторыі сельсавета.  Адсачылі іх з дапамогай Докшыцкага загса.  З пачатку года такіх сем’яў набралася  17. Усіх запрасілі на ўрачыстасць.   Выбралі зручны час, калі вяскоўцы ўбралі ўраджай і закончылі працоўны тыдзень. На запрашэнне адгукнулася 12 сям’яў.  Думаецца, што масавасць і прыгажосць новай абрадавай залы ўзмоцняць урачыстасць і зробяць гэты дзень незабыўным для сённяшніх маладажонаў.   Яшчэ хачу сказаць, што мая ідэя ніколі б не ажыццявілася без дапамогі нашага галоўнага бухгалтара Марыі Корсун. Яна ўзяла на сябе важкую долю работы ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемства.Валянціна Наско і Марыя Корсун  вялі мерапрыемства ўдваіх.

Самымі паважанымі сярод запрошаных былі залатыя юбіляры Аркадзій Іванавіч і Ніна Дзянісаўна Пяцько.  Яны першымі пад вальс Мендэльсона занялі ганаровае месца маладых.  Нявеста, якой сёння фату замяняла белая хусцінка, вельмі хвалявалася. Жаніх трымаўся ўпэўнена. З дрыжачымі слязінкамі ў вачах яны выслухалі ўсе ўзвышаныя словы,  вершы і песні ў свой адрас. Потым, як і 50 гадоў таму, пакінулі свае роспісы ў кнізе знамянальных дат і падзей. Пасля гэтага атрымалі дазвол павіншаваць адзін аднаго сямейным пацалункам. Усе гучна крычалі ім: горка! Яны саромеліся, як дзеці, і гэтым яшчэ больш выклікалі да сябе  замілаванне.
Залатую пару павіншаваў старшыня мясцовага сельвыканкама Дзям’ян Варанковіч і ўручыў ёй памятнае пасведчанне з юбілейным шлюбам.

Сямейны вальс фарфоравых маладых Аляксандра Іванавіча і Таццяны Аркадзьеўны Кажамячонкаў.

Старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Таргуны” Лілія Апанасевіч таксама сказала, што не магла застацца раўнадушнай да такой падзеі сваіх працаўнікоў. Яна прыехала на мерапрыемства з падарункамі. Сардэчна віншавала кожную пару і ўручала сувеніры.

Ганаровае месца маладых сем’і займалі  па прыярытэце каштоўнасці іх шлюбу. Праграма рэгістрацыі  ва ўсіх была традыцыйнай: урачыстыя словы пра каштоўнасць і адметнасць іх даты, роспіс у кнізе знамянальных дат і падзей, абмен пацалункамі, уручэнне ад старшыні сельвыканкама  пасведчанняў аб юбілейных шлюбах,  падарункі і кветкі ад прафсаюзнага камітэта, віншаванні родных і сяброў.  Аднак для кожнай пары было прыдумана арыгінальнае жартоўнае  заданне. Сапфіравых юбіляраў Аляксандра Антонавіча і Таццяну Паўлаўну Малюжанцаў папрасілі падзяліцца з прысутнымі парадамі, як захаваць на доўгія гады шчаслівы шлюб. Мікалаю Антонавічу і Антаніне Мікалаеўне Маскалёнкам, якія адзначалі рубінавае вяселле, прапанавалі пагутарыць па душах, задаць адзін аднаму сямейныя бытавыя пытанні і адказаць на іх. Каралавай сям’і Леаніда Аляксандравіча і Марыі Віктараўны Тхаровых далі магчымасць успомніць усе пяшчотныя і ласкавыя словы, якімі яны называлі адзін аднаго на працягу 35 гадоў шлюбу. Найбольш было жамчужных маладажонаў – 5 сем’яў: Сяргея Рыгоравіча і Галіны Сцяпанаўны Гушчыкаў, Фёдара Іванавіча і Валянціны Міхайлаўны Мялежкаў, Мікалая Віктаравіча і Ніны Васільеўны Лаўрынковічаў, Фёдара Мікалаевіча і Валянціны Мікалаеўны Юхневічаў, Анатолія Іванавіча і Галіны Сцяпанаўны Трус. Ім уручылі ганаровыя дыпломы аб паспяховым праходжанні сямейных навук.  Дзве сярэбраныя сям’і – Івана Міхайлавіча і Ларысу Дзмітрыеўну Шубіных і Станіслава Яраслававіча і Ірыну Васільеўну Ермаловічаў – папрасілі расказаць, як яны размяркоўваюць сямейныя абавязкі. Самай маладой сярод маладых была фарфоравая пара. Гэта Аляксандр Іванавіч  і Таццяна Аркадзьеўна Кажамячонкі, якія, дарэчы з’яўляюцца дачкой і зяцем залатых юбіляраў.  Іх віртуальна перанеслі на 20 гадоў таму і задалі такія ж пытанні, якія ім задавалі на вяселлі: пра колер вачэй, размер абутку, дзень нараджэння свякрові і іншыя. З заданнямі ўсе справіліся выдатна. Падтрымлівалі адзін аднаго апладысментамі.

Жамчужныя муж і жонка Сяргей Рыгоравіч і Галіна Сцяпанаўна Гушчыкі распісваюцца ў кнізе знамянальных дат і падзей.

У канцы мерапрыемства ўсіх запрасілі на сумесны сямейны вальс. Потым, як і належыць на вяселлі,  пілі шампанскае з цукеркамі, расказвалі сямейныя гісторыі. Было многа кветак, музыкі, хвалявання і шчырых усмешак.

Таццяна СТАДОЛЬНІК

Фота А. Варанковіча.

no images were found

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *