В семье Нестерёнков из Докшиц есть сокровище

У доме Ірыны і Валерыя Несцяронкаў ёсць вялікі скарб. Так яны называюць сваіх дзяцей: Максіма, Ганну, Мацвея і маленькую Любачку.

Разам Ірына і Валерый  ужо трынаццаць год. Ён карэнны дакшычанін, яна – з Дзяржынску. Калі вучылася на апошнім курсе педагагічнага ўніверсітэта, прыехала ў Замасточча на вяселле да сваёй сяброўкі — і  сустрэла тут свой лёс. Прыняла Докшыцкую зямлю, як другую радзіму.

– Была магчымасць працягваць вучобу, былі перспектывы для кар’еры. Але захацелася паспытаць настаўніцкага хлеба, – расказвае Ірына. – Думалася, што папрацую, набуду вопыт, а потым займуся далейшай адукацыяй. Толькі лёс распарадзіўся па-іншаму. Выйшла замуж, пасыпаліся дзеці – і вось мая кар’ера (Ірына паказвае на дзяцей) усё множыцца і падрастае, – пяшчотна ўсміхаецца. –  Але на такую альтэрнатыву я згодная.

Калі пажаніліся, маладыя людзі не загадвалі, колькі ў іх будзе дзяцей. Абодва – глыбока веруючыя людзі, таму паклаліся на волю Бога: колькі Ён падорыць – столькіх і выгадуем.  Сёння іх жыццё ўпрыгожваюць два сыны і дзве дачушкі. Старэйшаму Максіму 12 год, Ганне – 11, Мацвею – 8. Тры месяцы таму нарадзілася Любачка.

– Яна такая хітруга, – гаворыць пра малышку Ірына, – да абеду ляжыць ціхенька, бо чуе, што ў хаце, акрамя мамы, нікога няма, а калі час братам і сястры прыходзіць са школы, пачынае капрызнічаць: ведае, што ёсць каму яе насіць на руках. 

Дзеці, і праўда, толькі пераступаюць парог дома, адразу бягуць да Любачкі: «Як ты тут, наша прыгажуня?» – дастае Максім малышку  з ложка, гладзіць па галоўцы. На руках з сястрычкай-крошкай дванаццацігадовы хлопчык выглядае зусім дарослым, самастойным.

У тым, што ў гэтай сям’і ўсе любяць адзін аднаго, лёгка пераканацца: любоў чытаецца ў вачах, жэстах, словах, жартах. Пытаюся Ірыну, як яны будуюць узаемаадносіны з мужам, як вырашаюць праблемы? У адказ яе твар адразу цяплее – яны ўсё вырашаюць сумесна, раяцца адзін з адным па любой справе.

Яны не дзеляць працу на “мужчынскую” і “жаночую”, ва ўсім і ўсюды дапамагаюць адзін аднаму. Што датычыцца дзяцей, то ў кожнага свае абавязкі.  Аніна  задача прыбраць у доме, дапамагчы прыгатаваць ежу. Каля мамы яна ўжо навучылася выпякаць піражкі, торты, булачкі. На стале ёсць выпечка практычна кожны дзень, бо  Ірына захапляецца кулінарыяй. Хлопчыкі больш працуюць у двары, прыбіраюць, дапамагаюць тату. Дзеці, бачачы мадэль адносінаў паміж бацькамі, несвядома пераймаюць яе, адчуваючы роўнае і нязменнае цяпло бацькоўскай любві. У сям’і паважліва ставяцца да пачуццяў, патрэб і жаданняў кожнага. Бацькі заахвочваюць захапленні дзяцей. Усе, зразумела, акрамя немаўляткі, займаюцца ў музычнай школе. Аня наведвае аддзяленне харэаграфіі і мастацтва, Максім і Мацвей вучацца іграць на баяне. Нярэдка ўстройваюць маме і тату канцэрты. Усе разам ходзяць у касцёл, наведваюць заняткі па катэхезе. Старэйшы хлопчык ужо служыць у міністрантах.

– Я не магу сказаць, што адданасць дзецям прадугледжвае поўнае забыццё пра сябе і пра асабістае развіццё, – працягвае размову Ірына. – Дзеці – гэта мы самі. У кожным з іх ёсць наша часцінка. Калі сочыш за іх учынкамі, за іх адносінамі з сябрамі, то дзесьці пазнаеш сябе. Радуешся, калі бачыш у іх тое добрае, якое імкнуўся выхаваць, і засмучаешся, калі яны робяць промахі. Прычыну іх памылак шукаеш у сабе, а таму працуеш, у першую чаргу, над выпраўленнем сябе самога.

Гаспадара сям’і мы не засталі дома. Ён быў на працы (працуе слесарам у РВУ “Докшыцырайгаз”). Аднак усюды адчувалася яго рука. У доме зроблены рамонт,  спраўная ўся тэхніка, дагледжаны двор. Ды і для сыноў ён неаспрэчны аб’ект гонару. Мацвей некалькі разоў прасіў: “Прыходзьце да нас вечарам, тады наш тата таксама будзе дома”.   

Такой павазе дзяцей да бацькі Ірына радуецца. Увогуле, у іх сям’і ўсё трымаецца на павазе і спакоі.

Не можам утрымацца і не дадаць да сказана, што Ірына Мечыславаўна – наша калега. Да дэкрэтнага адпачынку яна працавала ў рэдакцыі раённай газеты карэктарам. Яе ўсе любяць за выключную прыстойнасць, акуратнасць, разважлівасць і добрую душу.  Нараджэнню Любачкі вельмі радуемся і ганарымся, што ў нашым калектыве ёсць шматдзетная маці, прыклад цудоўнай моцнай сям’і. У народзе кажуць: «У каго дзяцей многа – той не забыты ў Бога». Хочам, каб гэта мудрасць пацвердзілася на прыкладзе Ірыны і Валерыя Несцяронкаў.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *