Тэхнолаг палёў і інжынер людскіх душ

Галоўны аграном ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Васіль Раманавіч Грыгаровіч з тых, хто за справу бярэцца з душой, абапіраецца на веды, набывае вопыт, ідзе ў нагу з часам, выкарыстоўваючы перадавыя тэхналогіі. У акцыянерным таварыстве, дзе галіна раслінаводства падпарадкоўваецца яму, дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў.  Па выніках 2012 года «Докшыцкі райаграсэрвіс» выйшаў у пераможцы сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна па вырошчванні збожжавых культур, рапсу і льну. Калектыў быў адзначаны на свяце работнікаў сельскай гаспадаркі, а яго галоўны аграном прызнаны ў раёне лепшым па прафесіі.

Выбар жыццёвай дарогі Васіля Грыгаровіча прыпаў на пачатак 90-х гадоў.  Курдзецкі хлопец пасля заканчэння Сітцаўскай школы на “чатыры” і “цяць” падаў дакументы ў Горацкую акадэмію. Вяскоўцу са звычайнай класічнай сям’і, дзе маці працавала даяркай, а бацька – механізатарам, інакшым не ўяўлялася жыццё, як праца ў сельгасвытворчасці. Паступіў адразу, вучыўся амаль без здавальняючых адзнак: на “добра” і “выдатна”. Праўда, пэўныя праблемы былі з французскай мовай. Мабыць, таму, смяецца Грыгаровіч, яго так “цягне” да насення французскай селекцыі.

На памяць узбягае жнівень 2011 года. Мы прыехалі на льняное поле пад Грынеўшчыну. Перад вачамі — нібы вытканы і разасланы рукамі майстрыхі кілім. Так выглядаюць радкі вырванага льну на гладкім пляцы. Але яго церабленне знаходзіцца ў пачатковай стадыі, а таму разам з лёгкім ветрыкам даносіцца тонкі звон, які ствараюць рудыя галоўкі, ператвораныя з блакітных кветак даўгунцу. Своечасова вырваць паўночны шоўк, даць магчымасць вылежацца яму пад росамі – вось праблема, якая стаіць перад аграномам напрыканцы лета. А таму невыпадкова, што з Васілём Раманавічам мы сустрэліся менавіта там. Ён  расказваў, што пасеялі лён насеннем французскай і беларускай селекцыі. Практычна на адным участку, каб высветліць: якое насенне дасць лепшы вынік, адкуль можна атрымаць выгаднейшы эканамічны эфект? Ужо з вясны было бачна, што пасевы рэзка адрозніваюцца. Вось таму пакінулі 110 гектараў ільну сорту “Дракар” і “Элізэ” на насенныя мэты, і вясеннюю пасяўную 2012 года правялі ім. Вынікі перавысілі  ўсе чаканні. Лён урадзіў, вылежаўся, яго паспелі своечасова звезці з поля. Праўда, пакуль ільнозавод з вытворцамі не разлічыўся. На рахунак таварыства павінна паступіць каля двух мільярдаў рублёў.

Гараць на гэту суму вочы ў Грыгаровіча. Для ажыццяўлення яго мары вось гэтых грошай якраз хапіла б: можна закупіць неабходныя 560 тон эліты збожжавых культур. Даўно носіць у сабе мару аграном засеяць палі элітным насеннем. Укласці веды і ўжо набыты вопыт у доглядныя работы за пасевамі і атрымаць, урэшце, рэкордны ўраджай. Летась, да слова, збожжавыя  далі найбольшую ўраджайнасць у раёне: 34,4 цэнтнера, азімы рапс – 22 цэнтнеры з гектара, а льновалакна сабралі па  9,8 цэнтнера. Лічбы  высокія, але далёка не тыя, якія б маглі задаволіць запатрабаванні Васіля Раманавіча.

На маё пытанне: «Якая культура яму больш даспадобы, што хоча сеяць, даглядаць?» — ён адказаў:

– Люблю культуры ўдзячныя, якія даюць стабільна высокую ўраджайнасць. Канечне, – удакладняе тэхнолаг палёў, – не спадзяюся на лёгкі хлеб, але пры вялікіх затратах на яго вытворчасць вынікі павінны быць аналагічныя.

За плячамі В.Р. Грыгаровіча каля двух дзясяткаў гадоў працы ў сельгасвытворчасці, з якіх два гады на пасадзе кіраўніка. Багаты вопыт дазваляе дабівацца пастаўленай мэты, мець падыход да кожнага чалавека, які ў яго падпарадкаванні, і пры строгай захаванасці тэхналогіі вырошчваць багаты ўраджай.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Васіль Грыгаровіч.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *