В Докшицах отремонтировали общежитие для медиков

Нельга не заўважыць, як апошнім часам аднавілася Цэнтральная раённая бальніца: праведзены рамонт у паліклініцы, хірургічным і тэрапеўтычным аддзяленнях, добраўпарадкавана тэрыторыя. Усё гэта зроблена для нас, наведвальнікаў, каб мы нават у бальніцы адчувалі сябе ўтульна і камфортна, нягледзячы на тыя праблемы, якія нас сюды прывялі.

На тэрыторыі “бальнічнага гарадка” знаходзяцца і інтэрнаты для супрацоўнікаў ЦРБ. Адзін з іх апошнім часам быў адрамантаваны.

– Раней гэта было дзіцячае аддзяленне, потым тут размясціўся інтэрнат для малодшага медперсаналу,  – расказвае галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар. – Перш за ўсё рамонтныя работы былі праведзены дзеля замацавання на месцы маладых спецыялістаў.

“Народная будоўля”,  як назваў яе галоўны ўрач, пачалася з замены даху, якую правялі за сродкі сельгасарганізацый раёна. Замена вокнаў і дзвярэй, электраправодкі, касметычны рамонт пакояў, двух санвузлоў, душавых і харчблокаў была праведзена пад “шэфствам” больш трыццаці арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Старшыня райвыканкама Алег Пінчук, які пабываў у інтэрнаце пасля капітальнага рамонту, выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто ўнёс свой уклад у гэту справу:

– Вы зрабілі высакародную справу, бо прафесія медыка не такая лёгкая, як можа здавацца на першы погляд. А таму нам неабходна было стварыць нармальныя бытавыя ўмовы для пражывання медыцынскіх работнікаў.

Алег Леанідавіч разам са сваімі намеснікамі, кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў прайшоўся па інтэрнаце, агледзеў пакоі і, у цэлым, застаўся задаволеным праведзенай работай.   

– Я ўжо практычна два гады жыву ў гэтым інтэрнаце. Канечне, да рамонту ўмовы былі не самыя лепшыя: з вокнаў дзьмуў вецер, растаптаны лінолеум мы хавалі дыванамі. Зараз жа ў пакоі цёпла і ўтульна. Дзякуй за гэта і раённай уладзе, якая паклапацілася пра нас, і тым людзям, што прымалі непасрэдны ўдзел у работах, – падзялілася з намі жыхарка інтэрната, участковая медсястра ЦРБ Аксана Вашкевіч.

Зараз рамонтныя работы праводзяцца і на іншых медыцынскіх аб’ектах раёна: у Крулеўшчынскай бальніцы, на харчблоку Бягомльскай бальніцы, у  Бярэзінскай участковай бальніцы, заменена дахавае пакрыццё гінекалагічнага корпуса ЦРБ. 

Таццяна ШУЛЬГАТ.

На здымку: медсястра ЦРБ Аксана Вашкевіч у сваім адрамантаваным пакоі.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *