Для докшицких старшеклассников провели профориентационную встречу с представителями средних и высших учебных заведений Беларуси

ekz290508_0

Падыходзіць да завяршэння яшчэ адзін вучэбны год. Для выпускнікоў 9 і 11 класаў наступіла хвалюючая пара, калі неабходна прыняць адказнае рашэнне і выбраць будучую прафесію. Для таго, каб дапамагчы выпускнікам сарыентавацца ў разнастайнасці прафесій, азнаёміцца з запатрабаванымі спецыяльнасцямі на рынку працы, штогод у раёне праводзіцца прафарыентацыйная сустрэча старшакласнікаў з прадстаўнікамі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў нашай краіны.

У кінаканцэртнай зале “Іскра” для юнакоў і дзяўчат правялі прэзентацыю сямі навучальных устаноў Беларусі. Найбольш прапагандаваліся сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, якія можна набыць у Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы, Лужаснянскім аграрным каледжы і Глыбоцкім прафесійным ліцэі. Тым, хто жадае працаваць у гандлі, прапаноўвалася набываць спецыяльнасць у Мінскім гандлёвым каледжы.

Наш раён мае вялікую запатрабаванасць у медыцынскіх работніках. Пра гэта на мерапрыемстве гаварыла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Ганна Даніловіч. Яна пералічыла ўсе вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы нашай краіны, дзе можна атрымаць прафесію ўрача, фельчара, медыцынскай сястры, і прапанавала жадаючым набыць іх звяртацца ў раённую бальніцу за накіраваннямі.

Праз відэапрэзентацыі, буклеты і выступленні старшакласнікі атрымалі поўную інфармацыю пра ўмовы паступлення і навучання ў названых установах, забеспячэнне жыллём, прапановы для адпачынку, магчымасці і прывілеі далейшай адукацыі і працаўладкавання.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, начальнікі і спецыялісты аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, арганізацый і ўстаноў раёна, лідар і члены ГА “БРСМ”, настаўнікі і адміністрацыі школ – усе тыя, каму неабыякавы выбар прафесіі выпускнікамі і ўкамплектаванасць раёна прафесійнымі кадрамі.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *