В Парафьяново Докшицкого района отпраздновали 110-летие костёла

IMG_3608«Вядзі, Марыя, за сабой!» Гэтымі радкамі з песні пачалася Святая імша ў гонар 110-гадавіны Параф’янаўскага касцёла. Пранікнёныя, шчырыя словы закранулі самыя глыбокія куткі душы, якая разам са спевамі рвалася ўвышыню, да неба і Бога, за Марыяй – Маці Збаўцы. Наводзіла на думкі пра жыццё, сваё месца ў ім, пра мэту, з якой табе дадзена магчымасць прайсці гэты шлях. Кранала ўсё: прыгажосць старога касцёла, роспісы на сценах, Божы позірк з абразоў, атмасфера, якая панавала, мяккі, узнёслы голас арганіста.

Назва Параф’янава сама па сабе здаўна сведчыць пра тое, што тут ёсць парафія і касцёл. Згодна з гістарычнымі дадзенымі, ён быў заснаваны ў 1624 годзе. Захавалася яго выява, зробленая ў 1650 годзе. Але той будынак быў знішчаны і адбудаваны ўжо ў 1675 годзе. Яго ўзнаўленнем заняўся архідыякан Мікалай Слупскі, які вельмі шанаваў Імя Маці Божай, таму надаў касцёлу тытул Імя Панны Марыі. Збудаваны з сасновага дрэва касцёл меў памер 21 метр даўжынёй і 10,5 метра шырынёй. На фасадзе была адна вежа. Званіца з двума званамі стаяла асобна.

Час больш як у два стагоддзі прывёў стары будынак у непрыглядны стан. Узнікла патрэба ва ўзвядзенні памяшкання з новага будматэрыялу. Новы касцёл у стылі нэабарока быў змураваны ў 1899 – 1904 гадах пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Баляслава Кораня. У гімне касцёла адведзены радкі, прысвечаныя яму:

У прыгожым кутку
нашай роднай зямлі,
Дзе спакойная рэчка
Галядза бруіцца,
Людзі гожа касцёл
на вякі ўзвялі.
Ён для нас –
жыватворнае веры крыніца.
Усхваляем ксяндза,
што падмурак заклаў
Параф’янаўскай нашай
цудоўнай святыні.
Гэта слаўны святар.
Гэта Корн Баляслаў.

Дарэчы, у той дзень гімн прагучаў практычна ўпершыню. А напісала яго па матэрыялах, які прадаставіў пробашч Раман Мурзіч, мясцовая паэтка і парафіянка Марыя Дзюбак.

Свята з нагоды 110-й гадавіны касцёла прайшло ў мінулыя выхадныя пампезна, шыкоўна. Людзей сабралася больш, чым звычайна, хоць ніколі вялікі касцёл не бывае пустым.

Урачыстасць пачалася ў будынку, дзе вернікі, дзякуючы паслугам ксяндзоў Докшыцкага дэканата, змаглі прыступіць да сакрамэнту споведзі і даверыць свае падзякі і грахі Езусу Хрысту ў Найсвяцейшым сакрамэнце. Святую імшу ўзначаліў ксёндз Тадэвуш Кавальскі, які пэўны час працаваў у гэтай парафіі і прыклаў шмат намаганняў для яе ўзнаўлення і росквіту. Яго працу высока цанілі тады, добрым словам успамінаюць і цяпер. У гаміліі айцец Тадэвуш заклікаў падзякаваць Богу за святыню і працу ўсіх людзей, “за добрыя сэрцы і адкрытасць, што патрэбны былі, каб касцёл аднавіўся”.

Традыцыйна напрыканцы набажэнства адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым сакрамэнтам, у якой святары і вернікі прайшлі вакол касцёла. Дружна маліліся, спявалі песні, а ў неба плылі пералівы званоў.

Дзякуючы задумкам і намаганням пробашча парафіі, свята не скончылася ў мурах касцёла. Пасля паўдня ў Доме культуры на станцыі Параф’янава для вернікаў і ўсіх жадаючых даў канцэрт харэаграфічны ансамбль з Маладзечна “Белыя крылы”, які пасля імшы ў касцёле выступіў з тэатралізаваным прадстаўленнем. Дзяўчынкі, хлопчыкі ў вобразе анёлаў нібы спусціліся з неба і праплылі сярод людзей. Ад гэтага відовішча ажно захапіла дыханне, насцярожыла, усхвалявала, агарнула пачуццём святасці і чысціні.

Суботнім вечарам гледачам была прапанавана канцэртная праграма на вуліцы. Калі ж на зямлю спусцілася шэрань, неба расквецілася феерверкам.
У Святой нядзельнай імшы прыняў удзел ксёндз біскуп Алег Буткевіч. Ён вітаў вернікаў і гасцей словамі: “Няхай урачыстасць будзе знакам удзячнасці, што Бог на гэтай зямлі жыве!” Удзяліў сакрамэнт канфірмацыі (біжмавання, умацаванне сакрамэнту хросту). З рук іерарха яго атрымалі ў той дзень каля паўсотні чалавек.
Падчас Святой імшы адбылося блаславенне адрэстаўрыраванага крыжа і абраза Маці Божай у галоўны алтар.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: у час святкавання юбілею святыні.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *