В СХФ «Бегомольский» ОАО «Витебскдрев» Докшицкого района приступили до уборки зерновых

мутантПагодныя ўмовы паспрыялі таму, што ўжо ў пятніцу тры гаспадаркі раёна (СГФ “Бягомльскі”, ААТ “Таргуны” і “Барсучанка”) вывелі свае камбайны на жытнёвае поле. Пачалася ўборка збожжавых. Нізка схіліла азімае жыта свае каласы, якія ахвотна лезлі ў жняярку. А навокал стаяў водар свежага хлеба, звінела ад спякоты паветра, гудзелі авадні.
СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” традыцыйна першым у раёне прыступае да сяўбы. Вясной – бо зямля пясчаная хутчэй пазбаўляецца вільгаці, восенню – бо раней вызваляецца яна ад сельскагаспадарчых культур. Як вынік таго, тут першымі прыступаюць да жніва. На рапсавым полі бягомльскія аграрнікі былі 13 ліпеня. Тут да заканчэння ўборкі рапсу засталіся тры гектары і толькі па той прычыне, што культура яшчэ не паспела. Але паміж жнівом рапсу і азімага жыта не было і хвілінкі перапынку: нельга марудзіць, чакаць міласці ад Бога, трэба спяшацца. Калі на ўборцы рапсу працаваў камбайнер Аляксандр Дударонак, то на ўборку жыта першым выйшаў Уладзімір Батура – камбайнер вопытны, старанны, які ведае кошт пагодлівай хвіліны і хлеба.
– Была б салярка, – гаворыць Батура, – а за намі справы не стануць. Камбайны да жніва падрыхтаваны. Мы стараліся зрабіць гэта загадзя. Вось і Аляксандр перайшоў з выратавальнікаў і сеў за штурвал, каб дапамагчы аграрнікам сабраць хлеб. Зараз адчэпіць прыстаўку, прыстасаваную пад жніво рапсу, і прыступіць да жніва збажыны. Як у бой рвецца на збожжавую ніву Андрэй Аўтушка. Усяго нас трое камбайнераў, але з работай справімся.
Самая далёкая адлегласць ад зернятока да поля – 15 кіламетраў. Тэхніка, якая будзе занята на адвозцы зерня, не дапусціць прастою. Адзін толькі “МАЗ”, на якім працуе Уладзімір Дудуронак, прыме за адзін рэйс выгрузку з трох бункераў. На падтрымку яму выдзяляюцца трактар “Беларус -1221” і аўтамабіль “ЗІЛ-130”. За тэхнікай у філіяле затрымкі не будзе. Трактарны парк абноўлены, ёсць усё, што трэба для комплекснай работы. Поле ля цэнтральнай дарогі Бягомль – Докшыцы пястрыць рулонамі. Не паспелі з яго сысці камбайны, як валкі скруцілі, прыгатавалі для сціртавання.
Практычна адзінае, што хвалюе бягомльскіх хлебаробаў, гэта работа ачышчальна-сушыльнай гаспадаркі. Менавіта яна ўжо даўно просіць абнаўлення. Вось і рапс здалі на камбікормавы завод недасушаны, а гэта значыць, што частка грошай будзе страчана. Дзяржзаказ тут таксама выконваюць толькі пасля ачысткі, без дасушвання.

– Зараз збожжа ідзе павышанай вільготнасцю, – працягвае галоўны аграном філіяла Міраслаў Ушкевіч. – Канечне, сушылку пусцілі ў дзеянне, але спадзявацца на яе не прыходзіцца. І магутнасць не тая, і амартызацыя вялікая. Сушы, ды Бога прасі, каб зміласцівіўся і дапамог вытрымаць яшчэ адзін сезон.
Няўпэўненасць у аграрнікаў з “Бягомльскага” стварае надвор’е. Напрыклад, яшчэ ўчора каля Студзёнкі стаяла жыта сцяной і радавала тых, хто яго бачыў. Сёння ж 17 гектараў скручана і зложана, быццам НЛА на яго прызямліўся. Урэшце, і з гэтым можна справіцца – была б салярка.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

 Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *