Двадцатитрехлетний водитель с ОАО «Торгуны» Докшицкого района Виктор Раткевич остался работать в родной деревне


Кіпіць надвор’е, кіпіць работа на збожжавай ніве. І няма часу перадыхнуць, паскардзіцца на спякоту. Праўда, без кандыцыянераў камбайнеры ў поле не выходзяць. Тое ж самае і з вадзіцелямі, якія заняты на адвозцы зерня. І ўсё ж час ад часу сціраюць хлебаробы пот з твару, стомлена ўсміхаюцца:

— “Нічога, уборачная пара пройдзе хутка, – гаворыць Вячаслаў Аніковіч з ААТ “Таргуны”. – Мы вельмі рады, што дажджы не перашкаджаюць на жніве. Астатняе для нас дробязь: каму лёгка працаваць!”

Такой жа думкі і вадзіцель гэтага таварыства Віктар Раткевіч. Прыйшоў у гаспадарку юнак пасля заканчэння Лепельскага меліярацыйнага каледжа. Атрымаў спецыяльнасць механіка і быў забяспечаны работай. Але ў гэтай ролі працаваў нядоўга. Папрасіўся на машыну. І, як упэўнена гаворыць цяпер, правільна зрабіў. Бо пачынаць трэба з першай прыступкі, каб у будучым быць добрым спецыялістам. Тое, што ён назаўсёды застанецца ў вадзіцелях, Віктар не абяцае ні нам, ні сабе. Ён завочна вучыцца ў аграрным універсітэце і ў далейшым плануе рэалізаваць сябе як інжынер сельгасмашын.

Дваццацітрохгадовы Раткевіч родам з Таргуноў. Тут нарадзіўся, тут праходзіць перыяд станаўлення як асобы. У “Таргунах” спазнаў і першыя хвіліны славы. У мінулым годзе выйшаў пераможцам сярод вадзіцелей на адвозцы зерня, сёлета – таксама лідзіруе першыя дзве пяцідзёнкі. Лічыцца лепшым маладым вадзіцелем на жніве.

У чарговы раз з Віктарам мы сустрэліся разам з першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Таццянай Гайчук. Яна ад імя “Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі” віншавала пераможцу спаборніцтва. Нас жа цікавіла, як вясковы хлопец, які не па словах ведае сялянскую цяжкую працу, вырашыў стаць аграрнікам? Ён не адмаўляецца ад таго, што працаваць нялёгка. Нават успамінае словы бацькоў, якія гаварылі тады яшчэ сыну-школьніку: “Старайся вучыцца, каб не застацца ў калгасе”. Зараз яны проста шчаслівыя, што сын побач, што ў сына сям’я, дом, дзеці – іх унукі. А жывуць Раткевічы па-сусецку. Гаспадарка выдзеліла маладой сям’і дом (так склаліся абставіны, што гэты дом побач з бацькоўскім), даверыла магутны “МАЗ”, пастаянна заахвочвае: выдзяляе прэміі, адзначае дыпломам, памятным падарункам.

DSC00054
– Я ніколі не захачу ў горад, – кажа Віктар. – Мне добра тут. Люблю назіраць, як зямля абуджаецца пасля зімняй спячкі, як распускаюцца на дрэвах лісточкі, люблю вось такую спелую рабіну (на фотаздымку якраз пад ёй). Я – вясковец, і гэтым усё сказана. А ў горадзе бываю часта. Вучуся завочна. Разам з сябрам Андрэем Маскалёнкам. Мы з ім у многім аднадумцы. Апрача яго ў вёсцы нямала моладзі, маладых сямей – так што сумаваць не даводзіцца. Летам – у працы, а зімой ёсць час для яго вольнага баўлення. Магу параіць кожнаму: не трэба чакаць, каб цябе зацікавілі, развесялілі – гэта па сіле толькі самому. У Старажытным Егіпце, кажуць, Богі стаялі перад варотамі раю і задавалі падыходзячым два пытанні: ці знайшоў на зямлі радасць і ці даў яе каму? Я сваю радасць адчуваю кожны дзень. Спадзяюся, што і раздаю. Гэтага ж жадаю кожнаму.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ
Фота  А. Варанковіча

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *