Ансамбль мажореток-барабанщиц появился в Докшицах
На святкаванні Дня Незалежнасці ўдала дэбютавалі аж два калектывы: духавы аркестр з новым кіраўніком (выкладчык ДШМ І. Карповіч) і амаль поўнасцю абноўленым саставам і ансамбль мажарэтак-барабаншчыц. Стыльныя касцюмаваныя дзяўчаты, якіх вы бачыце , прыцягвалі позіркі, надавалі святу атмасферу ўрачыстасці і ваеннага духу.
Нараджэнне калектыву – плён сумеснай працы творчых, таленавітых людзей. Ідэя, як заўсёды, нарадзілася ў ініцыятыўнай Вольгі Сушко. Дырэктара дзіцячай школы мастацтваў падтрымала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская, і работа закіпела. Будучых мажарэтак шукалі сярод вучаніц школы мастацтваў па постаці. Абавязковым было наяўнасць абаяльнай усмешкі і пачуцця рытму. Потым прыродныя дадзеныя дзяўчат цэлы месяц кожны дзень “шліфавалі” настаўнікі музычнай школы. Ігар Карповіч вучыў адстукваць рытм на барабане, а Святлана Яцына – рабіць дэфіле. Заключны акорд ансамблю надалі ўмелыя рукі касцюмера ГЦК Наталлі Пузаковай. Гэта дзякуючы ёй, з’явілася абавязковая для мажарэтак-барабаншчыц ваенізаваная форма з галунамі і ўпрыгожваннямі і, канечне, гусарскі ківер з пяром.
Пасля канікулаў ансамбль зноў аднаўляе рэпетыцыі. Наперадзе свята горада, а без прыгажунь-барабаншчыц, якія адбіваюць рытм духавому аркестру, зараз і свята ўжо не свята.
Фота А. Канавалавай.