Першае поле маладога агранома

P1310317Аляксандр Ананіч — карэнны бягомльчанін. Тут ён зрабіў першыя крокі па жыцці, тут пачалася яго працоўная біяграфія. Сын з сям’і міліцыянера і медработніка выбраў сабе шлях аграрніка. Лічыць, што выпадкова. Хаця бацькі неаднаразова ставілі яму ў прыклад Уладзіміра Петрушэнку, якога ведалі па СВК “Прудніцкі”. Бачылі вынікі яго працы, адзначалі, якім чынам той заваяваў аўтарытэт у вяскоўцаў, гаварылі пра важнасць працы агранома. Хлопец слухаў, задумваўся над пачутым, а пасля заканчэння школы падаў дакументы ў Лужаснянскі каледж. Пасля яго працягнуў вучобу ў Горацкай сельгасакадэміі, каб атрымаць вышэйшую адукацыю па выбранай спецыяльнасці. Не ўтойвае Аляксандр, што і каханне падштурхнула яго на гэты крок.

Вось ужо другі год юнак працуе ў “Бягомльскім”. Тут праходзіў вытворчую практыку, тут знайшоў паразуменне з кіраўніком сельгасфіліяла. Вельмі цэніць прынцыповасць, патрабавальнасць і чалавечнасць Бальшунова. Вось таму і застаўся працаваць у гэтай гаспадарцы. І хоць займаецца ў асноўным падрыхтоўкай і захоўваннем насеннага матэрыялу, унікае ў справы іншыя. Зараз, калі ўзнікла такая патрэба, выконвае абавязкі галоўнага агранома. Пад кіраўніцтвам Ананіча ў СГФ “Бягомльскі” першымі ў раёне завяршылі сяўбу азімых культур і ўбралі кукурузу, а зараз механізатары вядуць зяблевае ворыва: рыхтуюць пасяўныя плошчы на вясну. Аднак поле, дзе сеялі азімыя, Аляксандр лічыць сваім і з нецярпеннем чакае ўсходаў, каб убачыць, што на ім вырасце, якую дадуць ураджайнасць збожжавыя. Менавіта ў гэты складаны перыяд юнак адчуў смак аграномскай справы. Яму падабаецца адказнасць, якая ўскладзена на тэхнолага палёў, прыняцце рашэнняў, ліквідацыя ўзнікшых праблем. Прызнаецца, што часта тэлефануе Міраславу Аляксандравічу, каб атрымаць параду. Рад падтрымцы і падказкам дырэктара Анатоля Мікалаевіча, які лічыць, што з яго будзе толк. Прыслухоўваецца і да вопытных механізатараў, не ігнаруе іх заўваг. Ён да іх ставіцца з павагай, і яны перасталі ў ім бачыць толькі мясцовага юнака.

Пытаемся, ці з’явілася жаданне штосьці перайначыць, па-новаму падысці да спраў у раслінаводстве і чуем у адказ, што тэхналагічны працэс і рабочы механізм тут наладжаны адмыслова, а яму пакуль трэба толькі вучыцца і вучыцца.

Аляксандр любіць свой Бягомль, які стаіць на скрыжаванні цэнтральных дарог. Усведамляе, што ёсць шматлікія накірункі, каб рэалізаваць сябе як асобу. Аднак не лічыць памылковым выбраны шлях. І няхай у сельскай гаспадарцы ёсць шмат праблем, невысокай з’яўляецца заработная плата, расцягваецца ў гадзінах рабочы дзень у вясенне-асеннім перыядзе, вырошчванне хлеба — адна з важнейшых спраў на зямлі. Ён да яе мае дачыненне і ад гэтага на душы спакойна і добра.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *