В четверг Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь депутат по Докшицкому избирательному округу № 22 Владимир Андрейченко провел личный приём граждан

99

У чацвер Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутат па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 Уладзімір Андрэйчанка ў памяшканні райвыканкама правёў асабісты праём грамадзян. З пытаннямі да дэпутата звярнуліся два жыхары райцэнтра і адна жыхарка Бягомля. Усе тры звароты ў той ці іншай ступені тычыліся тэмы газіфікацыі і далейшага абслугоўвання газавага абсталявання.

Так атрымаляся, што два Уладзіміры з райцэнтра – Даніловіч і Дзегцяронак прыйшлі на прыём з амаль падобнымі пытаннямі. У свой час абодва гаспадары пры газіфікацыі свайго жылля вырашылі набыць катлы замежнай вытворчасці ў суседнім райцэнтры. І мелі на гэта поўнае права. Праўда зараз, каб іх абслужыць і дапусціць да карыстання ў ацяпляльным сезоне, трэба выклікаць сэрвісную службу, якая знаходзіцца ў Глыбокім. У мінулым годзе такая паслуга каштавала больш за тры сотні тысяч рублёў, у гэтым – ужо больш за чатырыста тысяч. Палічылі мужчыны, што гэта дарагавата і вырашылі звярнуцца ў мясцовую газавую службу. Толькі наш райгаз арыентуецца на абслугоўванне айчынных катлоў і пры правядзенні газіфікацыі загадзя папярэджвае пра гэта насельніцтва. Праўда, аднаму з мужчын у райгазе ўсё ж не адмовілі ў абслугоўванні замежнага катла. Спецыяліст выехаў на месца і зрабіў усе неабходныя маніпуляцыі. Каштавала гэта жыхару танна – крыху больш за трыццаць тысяч рублёў. Толькі вось гаспадар палічыў праведзеную работу недастатковай, пра што таксама паведаміў на прыёме. Уладзімір Паўлавіч упэўнены: каб не губляць кліентаў, мясцоваму райгазу трэба пачаць праводзіць абслугоўванне катлоў больш шырокага мадэльнага раду. Ён даручыў газавай гаспадарцы заняцца падрыхтоўкай спецыялістаў і назапашваннем запасных частак, каб у далейшым зняць падобныя пытанні.

Старшыня аднаго з газавых кааператываў у Бягомлі Аляксандра Сысоева паскардзілася на тое, што ў Беларусбанку на гэты год амаль вычарпаны крэдытныя ліміты на газіфікацыю, а насельніцтву, вядома, не хочацца чакаць, пакуль магчымасць скарыстацца льготнымі крэдытнымі рэсурсамі з’явіцца зноў. Па тлумачэнні кіраўніка фінансавай структуры, гэта адбылося з-за таго, што магчымасць газіфікаваць дамы атрымала вялікая колькасць жыхароў раёна. Безумоўна, пазітыўны момант, але ж на ўсё ёсць ліміты. Старшыня Палаты прадстаўнікоў узяў гэтае пытанне на кантроль і будзе хадайнічаць аб дадатковым выдзяленні крэдытных рэсурсаў для патрэб газіфікацыі жылых памяшканняў у Докшыцкім раёне. Аляксандры Цімафееўне было рэкамендавана ў самы бліжэйшы час разам з членамі газавага кааператыва заняцца падрыхтоўкай усёй нехапаючай дакументацыі для магчымасці адкрыцця крэдытных ліній. Напрыканцы размовы з дэпутатам жанчына выказала шчырыя словы падзякі ад многіх жыхароў Бягомля за тое, што Уладзімір Паўлавіч пасадзейнічаў правядзенню блакітнага паліва на многія вуліцы гарпасёлка.

Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: усіх, хто прыйшоў на прыём, У.П. Андрэйчанка ўважліва выслухаў.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *