Млынец — «і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц»

У ДУА “Тумілавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа” натхнёна і творча працуе настаўнік Анатоль Млынец. Акрамя чарчэння ён выкладае яшчэ тэхнічную працу. На ўроках вучыць хлопчыкаў навыкам, якімі, па вялікім кошце, павінен валодаць кожны будучы мужчына. Яго выхаванцы ўмеюць трымаць у руках рубанак, долата і іншы сталярны інструмент, карыстацца пласкагубцамі, дрыляй, ведаюць, што можна змайстраваць з дроту ці любога іншага кавалка металу. Тыя, каго захопліваюць падобныя заняткі, наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Тэхналогія разьбы па дрэве”.

Здымак 1

Здымак 1

Лёгка і весела бегае па дошцы рубанак, знімаючы тонкую ў завітках, залатую стружку. Пахне смалістай чысцінёй драўніна, яе жывую цеплыню адчувае далонь. Хлопчык прыладжвае на дошчачку стамеску, і яна ў дзіцячых руках становіцца жывой і паслухмянай. Рэжа па дрэве ўзоры, як па масле, а калі заўпарціцца, умелая рука настаўніка дапамагае малому з ёй справіцца. Вучні Анатоля Рыгоравіча робяць шматлікія патрэбныя рэчы (донцы, таўкачыкі, зэдлікі, табурэткі) для сябе і для школы. Дапамаглі яму зрабіць сапраўдны цуд у выглядзе драўлянага коніка з калёсамі, рагулі, якая “шчыпле” ля школы травіцу. Як жывыя выглядаюць буслікі і дэльфіны. Гэтай прыгажосцю на прышкольнай тэрыторыі можна любавацца бясконца. Лепшыя вырабы займаюць месцы на розных выставах і конкурсах. На адну з іх тумілавіцкія ўмельцы Аляксей Баранаў, Іван Гмырак прадставілі верталёт і, канечне, забяспечылі сабе першае месца. Дзіма Трус і Ваня Парцянка неаднаразова прымалі ўдзел у раённай алімпіядзе па прадмеце “Тэхнічная праца” і таксама прывозілі адтуль дыпломы пераможцаў. Многім урокі Анатоля Рыгоравіча дапамаглі вызначыцца ў далейшым жыцці. Жэня Васюковіч стаў сталяром-станочнікам, будаўнічую прафесію выбраў былы лепшы гуртковец Сяргей Парцянка.

Здымак 2

Здымак 2

Сам жа Млынец, шчыра кажучы, рэзчыкам па дрэве стаў выпадкова. Канечне, яго бацька, які быў з тых мужчын, якія ўмеюць рабіць усё, многаму навучыў і сына, у якога рукі, як кажуць, раслі з таго месца, што трэба. Але ў школе ён больш, чым урокі працы, любіў матэматыку, фізіку. Вучыцца ж пайшоў у Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, які быў бліжэйшай навучальнай установай ад яго вёскі ў родным Драгічынскім раёне. У характары Анатоля Рыгоравіча ёсць адна вельмі прывабная рыса: калі бярэцца за што, то робіць справу толькі выдатна. Таму і каледж закончыў з чырвоным дыпломам. Працаваць з жонкай паехалі на яе радзіму, на Віцебшчыну. Тут у іх з Наталляй нарадзіліся тры дачушкі. Шчаслівыя будуць тыя зяці, якія займеюць такога ўмельца-цесця, як Анатоль Рыгоравіч. Пакуль жа ім цешыцца Тумілавіцкая школа і вельмі баіцца страціць настаўніка-мужчыну, настаўніка-творцу: майстра і артыста адначасова.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1) Задавальненнем гараць вочы ад занятку любімай справай у вучняў Вадзіма Шарабуркіна з 6-га класа і пяцікласніка Арцёма Труса (злева направа); 2) Спявае дуэт у складзе Анатоля Млынца і педагога-арганізатара Наталлі Найдзяновіч.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *