Чтобы не засох источник жизни — нельзя бросать дом, с порога которого отправился в большой мир

DSCN0203Малая радзіма, бацькоўская хата заўсёды чакае сваіх дзяцей. Вось і ў вёсцы Паўднёвае Гняздзілава адна з сядзіб прыветна прыняла сваю дачку. Людміла Гільніч, ураджэнка гэтых мясцін, якая па волі лёсу стала мінчанкай, вырашыла адрадзіць сваё амаль раскінутае гняздо. Пасля страты бацькоў рэдка наведвалася сюды, але нешта шчымлівае падштурхоўвала да дзеянняў: напэўна, стала крыўдна за бацькоў, якія ўвесь час бераглі свой дом, завіхаліся ў працы. «Нельга кідаць хату, з парога якой выправілася ў вялікі свет», – такія думкі не давалі спакою жанчыне. Людміла Аляксандраўна прыгадала, як пасля заканчэння школы разам з сяброўкамі-аднакласніцамі паехала вучыцца ў Віцебск. Пасля размеркавання трапіла ў сталіцу, працавала на фабрыцы “Mілавіца”, дзе, як спецыяліст, вырасла ад швачкі да майстра. Надышоў час заслужанага адпачынку, а значыць, з’явілася цудоўная магчымасць прывесці ў належны парадак родны дом. Поўная энергіі і энтузіязму, яна ўзялася за работу. “Трэба толькі за нешта зачапіцца, і, як у тым ланцужку, адна справа будзе хутка замяняць іншую, толькі не спі ў шапку”, – разважала жанчына.
Адрамантавалі хату намаганнямі ўсёй сям’і: паднялі зруб, замянілі падлогу і сцены, уставілі новыя вокны. У старым садзе абсталявалі зону для адпачынку: сакавіты мурог, гамак і качэлі. Узрадавалася жанчына, што ўнукі, якіх у яе трое, займелі добрую магчымасць адпачываць з бабуляй у вёсцы. Свежае паветра, лясныя абшары, шмат прастору і волі. Што яшчэ трэба чалавеку, які вырваўся з горада! Але найбольшым гонарам стаў для вёскі калодзеж грамадскага карыстання. Быў час, калі крыніца жыцця займела непрыглядны выгляд: усё падгніло, пакрылася цвіллю, да вады было не даступіцца. Толькі вочы баяцца, а рукі робяць. Вярнула да жыцця Людміла Аляксандраўна калодзеж, нават верх пафарбавала ў блакітны колер, каб на фоне царквы, якая знаходзіцца побач, глядзеўся прывабна. Вада тут смачная, але, дзеля цікавасці, хоча звазіць у Мінск, у лабараторыю. У будучым гаспадыня плануе падвесці ваду бліжэй да хаты. Гэта добрая справа паслужыла своеасаблівым урокам для іншых вяскоўцаў, у якіх зайграла сумленне і якія таксама падрамантавалі іншы калодзеж. Вада дае жыццё. А пакуль не перасохлі ад нашай нядбайнасці вось такія калодзежы, ёсць надзея, што вёска не згіне. І няхай толькі пэўную частку свайго жыцця праводзіць новая гаспадыня на сваёй бацькаўшчыне, жаданне спрыяць адраджэнню і станоўчы прыклад у адносінах да сваёй спадчыны сведчаць пра любоў да роднага краю і вяртанне да сваіх каранёў.

Ірына Несцяронак.
НА ЗДЫМКУ: калодзежных спраў майстар ЛюдмілаГільніч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *