Поэтесса Алина Легостаева на Докшиччине — своя

IMG_5749У пачатку верасня адбылася сустрэча члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсы, нашай зямлячкі Аліны Легастаевай з наведвальнікамі аддзяленняў для грамадзян пажылога ўзросту і дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН.

Трэба адзначыць, што для наведвальнікаў гэтых аддзяленняў іх загадчыцы даволі часта ладзяць розныя цікавыя мерапрыемствы, сустрэчы. Гледачы і слухачы яны ўдзячныя, на імпрэзы прыходзяць ахвотна і, лічы, у поўным саставе. Так было і на гэты раз.

Паэтэса Аліна Легастаева пабудавала свой маналог такім чынам, што ён не прамінуў перарасці ў дыялог: яе і слухачоў. Кожную старонку сваёй біяграфіі ці адказа на пытанні слухачоў яна падмацоўвала вершамі. Жанчына нарадзілася на Пастаўшчыне. Яе бацька быў памочнікам машыніста, і сям’я ў хуткім часе перабралася ў Крулеўшчыну. Менавіта там, у сённяшнім аграгарадку, яна атрымала сярэднюю адукацыю. Затым былі вучоба ў Мінскай школе кінамеханікаў і заканчэнне хіміка-біялагічнага факультэта Віцебскага педінстытута. Калі стала жонкай ваеннага, Аліна Антонаўна пераехала працаваць у Вільнюс, затым былі пяць гадоў працы на БАМе, зноў школа ў Вільнюсе… Калі Савецкі Саюз перастаў існаваць, згубілася і адчуванне адзінай для ўсіх Радзімы. Жанчына зразумела, што сваімі там не стаць, і сям’я вярнулася ў Беларусь. Доўгі час яны жылі ў Лагойску, зараз – у Мінску. Гэта калі коратка.

Насамрэч, падчас сустрэчы паэтэса падмацоўвала расповед пра сябе цікавымі гісторыямі, цытавала класікаў, рабіла высновы. Яе вершы – цёплыя, шчырыя, крыху настальгічныя, але такія зразумелыя ўсёй аўдыторыі разам і кожнаму паасобку: пра дзяцінства і маладосць, настаўніцкі шлях і хуткаплыннасць часу, вайну, сучаснасць. Яны розныя. На рускай і беларускай мовах у паэтэсы выйшла 6 зборнікаў.

Аліна Антонаўна прызнавалася, што пісаць вершы пачала ў сталым узросце, а першы твор ёй быццам хтосьці нашаптаў звыш, што спачатку не ведала, як працягваць вершаскладанне далей, а потым не магла спыніцца.

Гэта жанчына рушыць стэрэатыпы пра паэтак-летуценніц. І хаця яна па-мастацку чытае вершы, але не губляе іранічнага стаўлення да сябе і свету. Рэальна ацэньвае сітуацыі. Пры яе зносінах з аўдыторыяй адчуваюцца цікаўнасць да падзей у свеце, падарожжаў, дасведчанасць, шчырасць, асэнсаванне перажытага і глыбокі патрыятызм.

Аліна Антонаўна часты госць у нашым раёне, бо ён для яе таксама свой. У Крулеўшчыну яна прыязджае ў бацькоўскую хату, як і многія спадчыннікі на малую радзіму. З нецярплівасцю будзем чакаць Аліну Легастаеву на чарговым пасяджэнні нашага літаратурнага аб’яднання “Крыніцы”.

НА ЗДЫМКУ: член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Легастаева чытае свае вершы.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *