Искренняя работа Инны Скурко из Докшицкого района даёт хорошие результаты

Изображение 130Вынікі сельскагаспадарчага года падводзяцца заўсёды раней за каляндарны, бо яны залежаць не ад пэўнай даты, а ад завяршэння ўсіх работ у гэтай галіне. Мабыць, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі прыпадае на сярэдзіну лістапада менавіта таму, што позняй восенню агульнай рабоце кіраўніцтва і працоўных калектываў гаспадарак даецца самая аб’ектыўная ацэнка.

Агульнымі імкненнямі і інтарэсамі аб’яднаны дырэктар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Васіль Васюковіч, галоўны заатэхнік Жанна Баравінец і калектыў малочна-таварнай фермы “Альхоўка”, у склад якога ўваходзіць дванаццаць даглядчыкаў і шэсць аператараў машыннага даення. Безумоўна, галоўную ролю ў тым, што калектыў дабіваецца поспехаў, іграюць людзі, а таксама вельмі важныя ў гэтым парадак і дысцыпліна. На станоўчы вынік уплывае таксама і разумная арганізацыя вытворчага працэсу, збалансаваны рацыён кармлення жывёлы.

“Альхоўка” – самая буйная малочна-таварная ферма ў гаспадарцы. На ёй утрымліваецца 2300 галоў жывёлы, з іх 780 кароў.

– У нас тры даільныя залы, – распавядае галоўны заатэхнік Жанна Баравінец. – У адной з іх знаходзіцца 340 кароў-першацёлак. Ад кожнай каровы за 9 месяцаў бягучага года надоена 4121 кілаграм малака, якое рэалізуецца стопрацэнтна класам “экстра”. У дзень ад кожнай рагулі мы надойваем у сярэднім 13 кілаграмаў малака. У гэтым годзе, тры месяцы таму, на ферме ўведзена ў эксплуатацыю яшчэ адна даільная зала, дзе размясцілася 165 першацёлак. Ад іх на рэалізацыю ўсё надоенае малако адпраўляецца таксама экстракласам.

Жанна Аляксандраўна адзначае, што кармоў для жывёлы ў гаспадарцы нарыхтавана больш чым дастаткова, кармленне цалкам механізаванае, а рацыён збалансаваны. Кожная кароўка на надоены кілаграм малака атрымлівае 350 грамаў камбікорму плюс яшчэ 2 кілаграмы на галаву. Акрамя таго, рагулі ласуюцца брыкетаванай патакай у неабмежаванай колькасці, як кажуць, колькі душы заўгодна. Да зімова-стойлавага перыяду ферма поўнасцю падрыхтавана.

За гэтымі вынікамі, безумоўна, шчырая праца даглядчыкаў і аператараў машыннага даення. Ствараюць жа належныя ўмовы працы, арганізоўваюць рабочы працэс і сочаць за дакладным выкананнем тэхналогіі спецыялісты: тэхнік-асемянатар Наталля Дзямідчык і загадчыца фермы Зінаіда Бакаўліс.

Іна Скурко (на здымку) працуе даглядчыцай на МТФ “Альхоўка” толькі год, але ўжо зарэкамендавала сябе як руплівая, адказная і добрасумленная працаўніца. Дзвесце трыццаць цялят-малочнікаў у яе на дарошчванні, а гэтыя малышы патрабуюць вельмі вялікай увагі, цярпення, стараннасці і, безумоўна, пэўных навыкаў.

– Я сем гадоў адпрацавала ў гаспадарцы загадчыцай зернясклада. Перайшла на ферму – і не пашкадавала аб гэтым ні разу. Даглядаць цялятак мне падабаецца больш, я іх вельмі люблю, – прызнаецца Іна. – І графік работы – з 8.00 да 13.00 і з 16.30 да 20.00 – мяне цалкам задавальняе. Праўда, летам і даўжэй затрымлівацца на рабоце даводзіцца. Але паспяваю ўсюды: і на ферме, і дома.

Цяляткі ў маладой жанчыны прыбываюць у сярэднім па 900 грамаў за суткі, дагледжаныя, чысценькія. А як жа іначай: шчырая праца дае і добрыя вынікі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В.Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *