Крепко держится традиций семья Гущиков из Докшицкого района

IMG_0451Заснавальніка працоўнай сямейнай дынастыі Рыгора Гушчыка ў раёне добра ведаюць і паважаюць. Пацвярджэннем таму стаў шквал апладысментаў, якім сустрэлі Рыгора Ісакавіча працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу падчас урачыстасці ў гонар свайго прафесійнага свята ў кінаканцэртнай зале “Іскра”.

Сорак шэсць гадоў аддаў любімай справе ветэран вайны і працы, прайшоўшы шлях ад вадзіцеля да галоўнага інжынера калгаса “Зара камунізму”. Не будзе перабольшваннем сказаць, што за гэтыя гады ён унёс значны ўклад у развіццё гаспадаркі. За сваю плённую сумленную працу Рыгор Ісакавіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу”, сярэбраным і бронзавым медалямі Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі, знакамі ўдарніка пяцігодкі, пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва і вялікай колькасцю Ганаровых грамат. Акрамя гэтага, усё жыццё займаўся грамадскай дзейнасцю: шмат гадоў быў начальнікам добраахвотнай дружыны калгаса, старшынёй рабочага камітэта, узначальваў камісію па сацыяльных пытаннях і ветэранскую арганізацыю гаспадаркі, быў дэпутатам раённага і сельскага Саветаў.

Пасля выхаду на пенсію Рыгор Ісакавіч не пакінуў грамадскай справы, бо ўсёй душой перажываў за гаспадарку і за сваю малую радзіму. Аднавяскоўцы выбралі яго старэйшынам вёскі і не памыліліся: Рыгор Гушчык і да гэтай справы аднёсся з заўсёдным імпэтам і вялікай адказнасцю. Нездарма ў 2004 годзе на абласным аглядзе-конкурсе на лепшы санітарны стан сельскіх населеных пунктаў быў прызнаны лепшым старэйшынам года.

Як вядома, каб шчасце было поўным, чалавеку, акрамя здароўя, рэалізацыі планаў, любімай справы, патрэбен яшчэ надзейны “тыл” – сям’я. Рыгора Ісакавіча можна назваць шчаслівым чалавекам. З жонкай Ганнай Іванаўнай яны разам ужо без малога шэсць дзясяткаў гадоў, вырасцілі траіх дзяцей – дзвюх цудоўных дачок і сына, які стаў прадаўжальнікам бацькоўскай справы.

– У Гарадоцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме вучыліся разам з татам, – смяецца Сяргей Гушчык, галоўны інжынер ААТ “Таргуны”, – толькі я на стацыянары, а тата завочна, як кажуць, без адрыву ад вытворчасці.

У 1981 годзе Сяргей Гушчык прыйшоў працаваць у родную гаспадарку механікам, быў загадчыкам майстэрні. Да справы, як і бацька, адносіўся сур’ёзна і адказна, дзякуючы яго парадам і заўсёднай падтрымцы хутка набіраўся вопыту, заваёўваў аўтарытэт сярод калег. У 1994 годзе Сяргей Рыгоравіч стаў галоўным інжынерам тады яшчэ калгаса “Зара камунізму”, змяніў бацьку, які пайшоў на заслужаны адпачынак. На гэтай пасадзе, ужо ў ААТ “Таргуны”, ён шчыруе і зараз. Стаў дастойным прадаўжальнікам бацькавай справы, і за сваю добрасумленную працу таксама мае шэраг узнагарод.

Тры сыны Сяргея Рыгоравіча падлеткамі пастаянна аказвалі дапамогу гаспадарцы падчас жніва: працавалі на зернесушылцы, памочнікамі камбайнераў. Але менавіта малодшы, Вадзім, цвёрда вырашыў прадоўжыць сямейную дынастыю. Зараз хлопец – трэцякурснік БДАТУ. Здагадайцеся, якую прафесію ён атрымае пасля заканчэння навучальнай установы? Вядома ж, інжынера-механіка! Няма сумненняў, Вадзім, як і бацька ў свой час, з дапамогай роднага чалавека замацуе атрыманыя веды на практыцы і стане выдатным спецыялістам. Інакш нельга: сямейную традыцыю трэба прадоўжыць дастойна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: дзядуля, бацька і сын Гушчыкі.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *