Витуничский детский сад Докшицкого района дети посещают с радостью

IMG_1139У Вітунічы рэдакцыя прыехала па зусім іншым пытанні, аднак, як гэта часта бывае, новыя тэмы з’яўляюцца пасля размовы з мясцовымі людзьмі. У той дзень ад многіх мам і бабуль мы пачулі безліч добрых слоў пра дзіцячы садок. Маўляў, дзеткі нават засмучаюцца, калі іх забіраюць дадому. А з раніцы з радасцю прачынаюцца і збіраюцца ў садок. Хаця кожная матуля дакладна ўяўляе, як складана ў працоўны дзень разбудзіць малыша (у выхадныя ж яны, наадварот, прачынаюцца хутчэй за ўсіх дамашніх). Жыхары Вітуніч яшчэ шмат за што дзякавалі дружнаму калектыву, таму мы не прамінулі магчымасці пазнаёміцца з ім бліжэй і завіталі ў садок без папярэджання, знянацку.

Знаходзіцца ён у комплексе з былой школай, куды ўжо два гады як перабазіраваўся дзіцячы лагер “Бярозка”. Тэрыторыя па добраўпарадкаванасці не горшая за гарадскія дашкольныя ўстановы. Нават у пахмурны восеньскі дзень пазітыўны настрой ствараюць казачныя персанажы, выявы жывёл і іншая каляровая прыгажосць, якой багата вакол. У будынак заходзім пад абед, таму адразу адчуваем па-хатняму прыемны пах ежы і атмасферу асаблівай утульнасці.

У гульнявой выхавальніц Жанну Ставер і Тамару Багданаву абступілі дзяўчынкі. Заўважна, што малышы – выхаванцы ясляў. Высвятляецца, што ўсе пяцёра дзетак, якія наведваюць садок, ва ўзросце да трох гадоў. Відаць, і сапраўды за імі арганізаваны належны догляд, калі матулі не пабаяліся аддаць малечу, якой толькі мінула паўтара годзіка, у садок.
І Жанна Мікалаеўна, і Тамара Вадзімаўна працуюць з дзеткамі, лічы, усё жыццё. Яны памятаюць тую пару, калі дашкалят у вёсцы набіралася да 35 чалавек. Зараз вось пяцёра. Але гэта не значыць, што клопат пра іх павінен быць меншым. Тым больш, што група сёлета атрымалася поўнасцю ясельнай. А гэта азначае, што самастойна апранацца, правільна трымаць лыжку, прыбіраць пасля гульні цацкі, рабіць гігіенічныя працэдуры малышоў трэба вучыць і вучыць. Між тым размову ўвесь час перапыняюць дзеткі, якія падыходзяць да выхавальніц, просяцца на рукі. Жанчыны з радасцю гушкаюць малышак, забаўляюць іх цацкамі. А дзеці, прысеўшы на хвілінку за столікі, разглядаюць рознакаляровыя прадметы і, між іншым, пільна цікуюць за чужым чалавекам.

Калі агледзець садок уважліва, у вочы кідаецца парадак і наяўнасць многіх забаў для малышоў. У скрынках ляжаць цацкі, на паліцах стаяць каробкі з гульнямі і кніжкі, аформлены тэматычныя куточкі. Музычныя заняткі і фізкультуру выхавальніцы праводзяць самастойна. Яны таксама стараюцца не абмінуць увагай святы і радуюць малышоў і бацькоў ранішнікамі.
Умовы для дзетак у Вітуніцкім дзіцячым садку арганізаваны належным чынам: прасторная гульнявая, асобны пакой з ложкамі, харчблок і абавязковае штодзённае меню. У раздзявальні – рознакаляровыя шафы, стэнды з інфармацыяй для бацькоў. Кіруе ўстановай Марыя Крупская. Правай рукой у выхавацельніц з’яўляецца памочніца Ларыса Пільчук. Кухарам працуе Святлана Сініца.

У пытанні выхавання нельга рабіць спасылку на велічыню населенага пункта і колькасць дзяцей. Калі ёсць жаданне, то гэты працэс можна наладзіць належным чынам у любой мясцовасці. І Вітуніцкі садок, як дарэчы і многія іншыя дашкольныя ўстановы раёна, дакладна пацвярджае гэту выснову.

НА ЗДЫМКУ: годна нясуць місію выхавання вітуніцкіх дашкалят Жанна Ставер і Тамара Багданава.

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *