Докшицкий районный отдел МЧС готовится встретить День спасателя

Здымак 1

Здымак 1

Са студзеня 1999 года пачалі адлік сваёй гісторыі органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях, створаныя на базе ваенізаванай пажарнай службы МУС. На яе былі ўскладзены шматлікія задачы, у першую чаргу такія, як рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, захаванне пажарнай бяспекі. Пазней на выратавальнікаў былі ўскладзены дадатковыя задачы па стварэнні і падтрымцы ў гатоўнасці сістэм упраўлення, апавяшчэння і сувязі.

Сёння мы прапануем чытачам чарговы сумесны праект з аддзелам па надзвычайных сітуацыях.

Валянцін Іванавіч Баравікоў (здымак 1) чалавек у пажарнай службе не новы. Пасля заканчэння першай гарадской школы юнак паступіў у Мінскі дзяржаўны лётна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць “Пажарная тэхніка і бяспека”. Праз год быў пераведзены ў Гомельскае пажарна-тэхнічнае вучылішча, паспяхова закончыўшы якое ўладкаваўся ў раённы аддзел МНС інспектарам. Далей была яшчэ і вучоба ў Камандна-інжынерным інстытуце.

Ішлі працоўныя будні, а разам з імі і паступовае павышэнне па службовай лесвіцы. У 2008-м годзе Валянцін Іванавіч быў назначаны намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні аддзела МНС, а ў снежні 2015 года заняў адказную пасаду начальніка. Мінулы год прынёс яму не толькі новае службовае амплуа, а яшчэ і ўзнагароду – медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені.

Здымак 2

Здымак 2

Завяршыўся 2015-ы год, а гэта значыць, што і пажарная служба ўжо падвяла яго вынікі.

– Па-ранейшаму дзейнасць нашай службы накіравана на прафілактыку і папярэджанне пажараў, – расказвае Валянцін Баравікоў. – Напрыклад, зараз актыўна праводзяцца рэйды – правяраецца жылы фонд. Інспектары з’яўляюцца частымі гасцямі ў шматдзетных сем’ях, у дамах адзінокіх грамадзян. Пад пільным наглядам асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Менавіта па віне гэтай катэгорыі грамадзян часцей за ўсё і здараюцца пажары. Ужо ў бягучым месяцы ў выратавальнікаў быў выезд у Бягомль. Мужчына курыў у ложку, пры гэтым знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Здарэнне абышлося без ахвяр дзякуючы хуткім дзеянням суседзяў.

Пачатак мінулага года для нашых байцоў выдаўся не зусім святочным. 4 студзеня ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме па вуліцы Міцкевіча ў Докшыцах. У тую ноч дзяжурства неслі камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Аляксандр Ясючэня, старшы пажарны Сяргей Шарох, вадзіцель Віталь Галоўчыц, старшы інспектар Дзмітрый Палачанін (здымак 2) і вадзіцель Аляксандр Білкшта. Пасля прыбыцця да месца здарэння работнікі РАНС выратавалі з агню двух чалавек, у якіх медыкі канстатавалі дыягназ “атручванне прадуктамі гарэння”. На жаль, мужчыне выжыць не ўдалося.

Выратавальнікі прыходзяць на дапамогу не толькі тады, калі здараецца пажар. Напрыклад, летась у жніўні пажарным Алегу Канапелька і Алегу Міхалевічу з ПАВП №14 прыйшлося даставаць з каналізацыйнага калодзежа двух чалавек, якія праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы па абслугоўванні каналізацыйнай сеткі ў Крулеўшчыне. Пацярпелыя былі “вызвалены”, адзін з мужчын быў шпіталізаваны ў бальніцу.

Адной з важнейшых задач, якую ставяць перад сабой нашы работнікі, лічыцца навучанне насельніцтва мерам пажарнай бяспекі не толькі ў сваім доме, а і на рабочым месцы. Вялікая ўвага надаецца навучанню дзяцей асновам бяспечнай жыццядзейнасці з самага ранняга ўзросту, з дзіцячага сада, калі з выхаванцамі праводзяцца шматлікія гульні і конкурсы.
У мінулым годзе ў працоўных калектывах адбыліся 152 выступленні, падчас якіх дэманстраваўся дакументальны фільм “Цана імгнення”, заснаваны на рэальных падзеях.

– Валянцін Іванавіч, як будзе працаваць ваша служба ў гэтым годзе?

– Будзем працягваць дзейнасць па папярэджанні пажараў і гібелі людзей. Прыярытэт застаецца за жылым сектарам і арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці.

– Што паказваюць праверкі домаўладанняў? Якія парушэнні ўплываюць на пажарную бяспеку дамоў?

– Тыповыя сярод іх – дрэнны стан пячнога ацяплення, яго няправільная эксплуатацыя. Небяспечна, калі ў дымаходзе або корпусе печы ёсць трэшчыны. Гутарым з гаспадарамі, папярэджваем іх і даём тэрмін для ўстаранення недахопаў, але калі гэта не дапамагае – караем рублём.

– Акрамя паўсядзённай працы, чым жывуць супрацоўнікі?

– На працягу ўсяго года – спортам. Дарэчы, можна пахваліцца, што асабісты састаў прымаў удзел у штогадовай абласной спартакіядзе ў 11-ці відах спорту і заняў 2-е месца.

– Валянцін Іванавіч, якімі будуць вашы віншаванні калегам, былым супрацоўнікам?

– Калектыву райаддзела і нашым шаноўным ветэранам, іх сем’ям жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і ўсяго самага найлепшага.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *