Воспитанники воскресной школы Свято-Покровского прихода в Докшицах встретили Рождество

DSC00485 DSC00482Вось і прыйшло свята, якое хрысціянскі свет чакае з асаблівай радасцю і імкнецца сустрэць як мага больш урачыста. Праваслаўным вернікам у Докшыцах зрабіць гэта ўжо каторы год дапамагаюць  выхаванцы нядзельнай школы Свята-Пакроўскага прыходу. Пасля завяршэння  святочнай літургіі ў галоўным храме благачыння, прыхаджане спяшаюцца ў глядзельную залу ГДК, дзе іх чакае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне.

Сёлета дзеці агучылі на сцэне падзеі, якія адбываліся на зямлі Іўдзеі напярэдадні нараджэння Збаўцы і адразу пасля гэтага. Найстаражытнейшы Віфлеем з вешчунамі, суседкамі-габрэйкамі, дзе Марыя нарадзіла Богадзіця, грозны рымскі намеснік са сваімі салдатамі стварылі абсалютна праўдзівую карціну тых падзей, якія так непазнавальна змянілі свет (на здымках). Юныя артысты ў маляўнічых касцюмах вельмі стараліся. Гледачы, якімі была запоўнена зала, горача падтрымлівалі іх апладысментамі і ўсе разам ад гэтага мелі неверагодную асалоду і адчуванне прыналежнасці да святых падзей.

Калі адгучала апошняя песня ў гонар Нараджэння Хрыстова, на сцэну да дзетак выйшаў айцец Георгій Мялешка. Благачынны шчыра падзякаваў выхаванцам школы за прадстаўленне. Цёпла павіншаваў прысутных з вялікім святам.

– Сіла праваслаўнай веры ў тым, што вялікая радасць Нараджэння Хрыстова даецца нам сёння ва ўсёй сваёй паўнаце, гэтак жа, як і дзве тысячы гадоў таму, – сказаў ён, – як і тады нясе хрысціянам свет, напаўняе нашы сэрцы мірам і добразычлівасцю.

Завяршылася свята раздачай падарункаў, якія падрыхтавалі дзецям айцец Георгій з матушкай Тамарай. Першымі іх атрымалі выхаванцы Янкаўскага прытулку.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *