Воспитанники воскресной школы Свято-Покровского прихода в Докшицах встретили Рождество
Вось і прыйшло свята, якое хрысціянскі свет чакае з асаблівай радасцю і імкнецца сустрэць як мага больш урачыста. Праваслаўным вернікам у Докшыцах зрабіць гэта ўжо каторы год дапамагаюць выхаванцы нядзельнай школы Свята-Пакроўскага прыходу. Пасля завяршэння святочнай літургіі ў галоўным храме благачыння, прыхаджане спяшаюцца ў глядзельную залу ГДК, дзе іх чакае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне.
Сёлета дзеці агучылі на сцэне падзеі, якія адбываліся на зямлі Іўдзеі напярэдадні нараджэння Збаўцы і адразу пасля гэтага. Найстаражытнейшы Віфлеем з вешчунамі, суседкамі-габрэйкамі, дзе Марыя нарадзіла Богадзіця, грозны рымскі намеснік са сваімі салдатамі стварылі абсалютна праўдзівую карціну тых падзей, якія так непазнавальна змянілі свет (на здымках). Юныя артысты ў маляўнічых касцюмах вельмі стараліся. Гледачы, якімі была запоўнена зала, горача падтрымлівалі іх апладысментамі і ўсе разам ад гэтага мелі неверагодную асалоду і адчуванне прыналежнасці да святых падзей.
Калі адгучала апошняя песня ў гонар Нараджэння Хрыстова, на сцэну да дзетак выйшаў айцец Георгій Мялешка. Благачынны шчыра падзякаваў выхаванцам школы за прадстаўленне. Цёпла павіншаваў прысутных з вялікім святам.
– Сіла праваслаўнай веры ў тым, што вялікая радасць Нараджэння Хрыстова даецца нам сёння ва ўсёй сваёй паўнаце, гэтак жа, як і дзве тысячы гадоў таму, – сказаў ён, – як і тады нясе хрысціянам свет, напаўняе нашы сэрцы мірам і добразычлівасцю.
Завяршылася свята раздачай падарункаў, якія падрыхтавалі дзецям айцец Георгій з матушкай Тамарай. Першымі іх атрымалі выхаванцы Янкаўскага прытулку.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.