День работников землеустроительной и картографо-геодезической службы празднуют в Докшицком районе

IMG_3804Землеўпарадкавальная служба райвыканкама, якую ўзначальвае Дзіана Шульгат (на здымку), ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за аховай і рацыянальным выкарыстаннем зямель на тэрыторыі раёна. Асаблівая ўвага надаецца мэтаваму выкарыстанню і своечасоваму асваенню зямельных участкаў, навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў.

Прафесійнае свята – добрая нагода яшчэ раз прааналізаваць сваю дзейнасць за мінулы год.

— На сённяшні дзень агульная зямельная плошча Докшыцкага раёна складае амаль 227 тысяч гектараў, з іх большую частку займае лясны масіў, 32 працэнты — сельгасугоддзі, астатняе — кустоўе і балота. У структуры сельгасугоддзяў 59 працэнтаў — гэта ворыўныя землі, — гаворыць Дзіана Міфодзьеўна. — У раёне налічваецца 20574 землеўладальнікі і землекарыстальнікі. У іх ліку – 11 сельгасарганізацый, 10 фермерскіх гаспадарак, 20094 землекарыстання грамадзян і 187 іншых арганізацый.

У 2015 годзе праектны інстытут “Віцебскгіпразем” праводзіў у нашым раёне абнаўленне планава-картаграфічнага матэрыялу. У сувязі з гэтым былі зменены межы 268-і сельскіх населеных пунктаў. Зараз усе неабходныя матэрыялы рыхтуюцца для рэгістрацыі ў Нацыянальным кадастравым агенцтве. У параўнанні з 2014 годам сельскагаспадарчыя землі зменшыліся на 6768 гектараў, ворыўных зямель стала меней на 2912 гектараў. Адбылося гэта за кошт таго, што землі ў населеных пунктах былі перададзены пад прысядзібную забудову.
Штогод праводзіцца работа па выяўленні пустых зямельных участкаў у населеных пунктах. У мінулым годзе арганізацыямі раёна было абарана 386 участкаў плошчай 117,8 гектара. Сёлета ў планах абараць яшчэ 546 участкаў агульнай плошчай 230,4 гектара. Акрамя гэтага, былі праведзены культуртэхнічныя работы на 91,2 гектара.

– Якія галоўныя дакументы рэгулююць зямельныя адносіны?

– Гэта Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, а таксама Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 667 ад 27 снежня 2007 года “Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў”.
– Колькі зямлі, згодна з Кодэксам, можа мець грамадзянін для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі?

– У горадзе ў залежнасці ад аб’ектыўнай магчымасці адводзіцца ад 5 да 15 сотак, у пасёлках гарадскога тыпу і сельскай мясцовасці – ад 15 да 25 сотак.

– У апошнія гады попыт на зямлю ў грамадзян не зменшыўся?

– Яшчэ ў 2012 годзе ў Докшыцах была пабудавана інфраструктура квартала індывідуальнай жылой забудовы плошчай 10 гектараў, разлічаная на 70 зямельных участкаў, з іх 42 участкі прадастаўлены грамадзянам, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У мінулым годзе ў вёсцы Будачы Бягомльскага сельсавета з’явілася інфраструктура для будаўніцтва на 24-х участках.

Летась пад новае будаўніцтва грамадзянам прадаставілі 51 участак, 8 прадалі на аўкцыёне на суму 190 млн рублёў, у прыватную ўласнасць грамадзянам перададзена 37 участкаў на суму 138 млн.

– Скажыце, калі ласка, што трэба зрабіць, калі грамадзянін захацеў прадаць альбо падарыць дом?

– У абавязковым парадку трэба зарэгістраваць зямельны ўчастак (калі гэтага не было зроблена раней) і ўсе пабудовы, якія на ім знаходзяцца. Звяртацца трэба ў бюро Глыбоцкага філіяла РУП “Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”, якія знаходзяцца ў Бягомлі і ў Докшыцах. Дарэчы, за мінулы год такім чынам свае правы аформіў 961 грамадзянін. Гэта пытанне вельмі актуальнае сёння, таму што без дзяржаўнай рэгістрацыі ніводнай натарыяльнай здзелкі зрабіць нельга.

– Землеўпарадкавальная служба кантралюе, як выкарыстоўваюцца землі. Ці рэгістраваліся парушэнні зямельнага заканадаўства?

– У мінулым годзе было праведзена 43 праверкі, вынесена 60 пастаноў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 4 службовыя асобы, 2 фермеры і 54 грамадзяніны. З іх 47 – за парушэнне парадку выкарыстання зямель, 11 – за невыкарыстанне ўчасткаў. Сума штрафаў склала 5 млн 400 тысяч рублёў.

Трэба адзначыць, што ажыццяўляецца пастаянны кантроль за тым, ці праводзяцца работы на тых участках, якія былі прадастаўлены пад новае будаўніцтва. Усяго з 2008 года грамадзянам было прадастаўлена 346 зямельных участкаў, прададзена на аўкцыёне – 61.

– Дзіана Міфодзьеўна, якімі будуць вашы пажаданні калегам з нагоды прафесійнага свята вашай службы?

– Віншую ўсіх калег-землеўпарадкавальнікаў з прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у выбранай прафесіі. Прыемна адзначаць, што сёлета была заўважана работа намесніка начальніка землеўпарадкавальнай службы Алега Калягі, які атрымаў Удзячнасць старшыні Дзяржаўнага Камітэта па маёмасці РБ за добрасумленную і плённую працу ў сферы землеўпарадкавання.

Інтэрв’ю правяла
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *