Крулевщинская участковая больница — коллектив единомышленников

Ганна Зяваліч.

Ганна Зяваліч.

Медыкі Крулеўшчынскай участковай бальніцы абслугоўваюць тэрыторыю, на якой пражывае амаль 3,3 тысячы чалавек, з іх палова – працаздольнага ўзросту. Дзяцей да 18 гадоў каля паўтысячы. З іх 21 – да года. У мінулым годзе ўпершыню за вялікі перыяд на тэрыторыі сельсавета знізілася смяротнасць.
Пад адным дахам дыхтоўнага будынка медыцынскай установы аб’яднаны амбулаторыя, стацыянар, пункт «хуткай дапамогі». На другім паверсе размясцілася аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту, якое функцыянуе па лініі раённай сацыяльнай службы. Па словах загадчыцы ўстановы аховы здароўя Ганны Зяваліч, якая працуе з пачатку васьмідзясятых, за апошнія два дзесяцігоддзі тыповы пацыент участковай бальніцы значна памаладзеў. На гэта ёсць палярныя прычыны. З аднаго боку – экалагічны фактар, харчаванне, злоўжыванне алкаголем, з другога – насельніцтва стала больш увагі ўдзяляць свайму здароўю і звяртацца па параду да медыкаў. Большасць скардзіцца на артэрыяльную гіпертэнзію, ішэмічную хваробу сэрца, сезонныя рэспіраторныя інфекцыі і захворванні, пнеўманію, траўмы рознай ступені цяжкасці.

Па параду – да Ганны Пятроўны

Таццяна Дайлідзёнак.

Таццяна Дайлідзёнак.

Спецыялізацыя загадчыцы бальніцы гучыць так: урач агульнай практыкі. Што хаваецца за гэтымі словамі? А тое, што на першасны прыём да доктара можа прыйсці пацыент любога ўзросту з рознымі захворваннямі: паскардзіцца на ціск, дрэнныя слых і зрок, боль у суставах, траўмы і многае іншае. Хіба толькі зубы не лечыць урач Ганна Зяваліч, але ва ўстанове ёсць стаматолаг Славамір Гапановіч. Адпавядаць кваліфікацыі дапамагаюць Ганне Пятроўне веды, набытыя ў медыцынскай ВНУ, і шматгадовая практыка.

Пра важнасць сваёй асобы ў арганізацыі працэсу нармальнага функцыянавання ўчастковай бальніцы субяседніца гаварыць не хоча, больш распавядае пра свой персанал. Толькі аўтарытэт у яе, як у доктара, сапраўды значны. Вялікі стаж работы ў адной мясцовасці і асабістая чалавечнасць і неабыякавасць да кожнага пацыента зрабілі Ганну Пятроўну практычна сямейным доктарам. Пацвярджаецца выснова, што яна на сваім месцы, і вось чаму. Мы крочым за загадчыцай па стацыянары, які разлічаны на 15 ложкаў і 5 сацыяльных месцаў. Наўкол не па-бальнічнаму прыемная атмасфера: няма спецыфічнага паху, радуе вока пакаёвая зеляніна, медсястрычкі, з якімі размінаемся, прыязна вітаюцца. Ганна Пятроўна кажа, што бытавыя штодзённыя пытанні бальніцы дапамагаюць вырашаць ЦРБ і мясцовыя арганізацыі. Заходзім у блок: дзве палаты, асобны санвузел, цёпла, чыста. Адна з пацыентак – Марыя Януш – праз газету просіць перадаць словы падзякі доктару за прафесіяналізм і чуласць, а таксама ўсім супрацоўнікам, якія лечаць, наладжваюць утульнасць і смачна кормяць. Да яе далучаецца суседка па палаце. Дарэчы, за два апошнія пункты ў бальніцы адказваюць загадчыца гаспадарчай часткі Людміла Майсяёнак і кухар чацвёртага разраду Тамара Асон.

Лучнасць вопыту і маладосці

Вопытны фельчар Аліна Зяваліч  і малады доктар Вераніка Рамановіч у час прыёму.

Вопытны фельчар Аліна Зяваліч
і малады доктар Вераніка Рамановіч у час прыёму.

Фельчар Аліна Зяваліч называе сябе старажылам бальніцы. Старонкі яе працоўнай біяграфіі пачалі адлік у 1974 годзе, калі пасля Полацкага медвучылішча яна апынулася ў Крулеўшчыне. У драўляным будынку амбулаторыі працавала няшмат медперсаналу. Потым доктар увогуле звольніўся, і Аліне Антонаўне прыйшлося спасцігаць на практыцы ўсё: як весці прыём, рабіць прызначэнні, даваць парады. Шчыра кажучы, пакуль у бальніцу не накіравалі маладога спецыяліста, яна да сённяшняга часу падмяняла загадчыцу, калі была неабходнасць. Узрост у медыка ўжо пенсійны, аднак развітвацца з вопытным фельчарам у Крулеўшчыне не хочуць: просяць папрацаваць, перадаць свой бясцэнны вопыт. Згаджаецца, бо сэрцам прыкіпела да гэтай работы.

Не так даўно ў Крулеўшчыну быў накіраваны яшчэ адзін урач агульнай практыкі – Вераніка Рамановіч. Вераніку Аляксандраўну ў бальніцы характарызуюць як стараннага і адказнага маладога спецыяліста, які першыя крокі ў прафесію робіць на сваёй малой радзіме.

Першыя пасля доктара

Сярэдняга медыцынскага персаналу ў Крулеўшчынскай бальніцы налічваецца 15 чалавек. Пра кожнага з іх можна сказаць добрыя словы. Узяць, да прыкладу, Алену Крупскую, якая шмат гадоў была выдатнай дзіцячай медсястрой. Загадчыца звяртае ўвагу на тое, што гэта адказны спецыяліст, які дакладна і акуратна працуе з паперамі, умее ўсё сістэматызаваць так, што неабходную інфармацыю знойдзеш без праблем. Зараз яна працуе ўчастковай медсястрой, а на змену прыйшла таксама вопытны медык Таццяна Дайлідзёнак. Хоць медсястра і мясцовая, аднак сваю прафесійную школу яна праходзіла ў рэанімацыйным аддзяленні райбальніцы і дзіцячай паліклініцы. За невялікі час здолела знайсці падыход да маленькіх пацыентаў, пэўна, яшчэ і таму, што сама маці пяцярых дзетак.

Іна Грыцкевіч.

Іна Грыцкевіч.

За парадкам і ўтульнасцю  сочаць Валянціна Бялюк і Людміла Майсяёнак.

За парадкам і ўтульнасцю
сочаць Валянціна Бялюк і Людміла Майсяёнак.

Тамара Асон.

Тамара Асон.

У Крулеўшчынскай участковай бальніцы можна атрымаць фізіятэрапеўтычнае лячэнне. Працэдуры УВЧ, УФА, магніта-і ультрагукавой тэрапіі, электрафарэз выконвае пацыентам Таццяна Майсяёнак. У гінекалагічным кабінеце за здароўем жанчын сочыць Наталля Пятровіч. У дзень нашага прыезду на посце ў стацыянары дзяжурыла медсястра Іна Грыцкевіч, поруч з ёй свае абавязкі выконвала санітарка Валянціна Бялюк.

Увогуле, медыцынская ўстанова пакінула ўражанне, што там ёсць не толькі патрабавальная рука, але і матчын клопат яе загадчыцы. А ўзмацнілі гэту выснову словы адной з медсясцёр: “Мы просім у Бога, каб Ганна Пятроўна папрацавала з намі як мага больш. Каб яна, як тая маці ў прыказцы, дагадавала нас, як сваіх дзяцей, да пенсіі.” І, ведаеце, па ўсім адчувалася, што не было ў гэтых словах ні хлуслівай ліслівасці, ні прыкрай іроніі.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *