Работники культуры Докшицкого района дарят свой талант обществу и людям

На сцэне "Калядны дуэт" з Крулеўшчыны.

На сцэне «Калядны дуэт» з Крулеўшчыны.

Работнікі культуры раёна падвялі вынікі дзейнасці за мінулы год, адзначылі дасягненні, акрэслілі недапрацоўкі, каб у “свой” год дасягнуць значна большага.

Зарабляць грошы трэба ўмець

На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў такой галіны, як культура, летась было затрачана больш за 300 мільёнаў рублёў. З гэтай сумы 165 мільёнаў рублёў – уласныя сродкі, атрыманыя за кошт аказання платных паслуг насельніцтву. За гэтыя грошы быў праведзены тэхнічны рамонт у 17 установах, а таксама набыты сцэнічныя касцюмы, аргтэхніка, мікрафоны, мяккі інвентар, зроблены дэкарацыі. Найбольш платных паслуг аказалі Валкалацкі, Сітцаўскі, Прудніцкі, Крыпульскі, Бярозаўскі, Бераснёўскі СДК, Бярэзінскі клуб-бібліятэка, Дом рамёстваў. Яшчэ некалькі гадоў таму галоўным мерапрыемствам, на якім зараблялі грошы, былі дыскатэкі. Сёння, на жаль, яны аджываюць свой век. Затое карыстаюцца папулярнасцю розныя шоу-праграмы. І прыклад таму мерапрыемства “Містар Докшыцы”, якое прайшло з аншлагам.

Творча і з фантазіяй працуюць бібліятэкі, якія зарабляюць грошы такімі, у прынцыпе, нетрадыцыйнымі для іх формамі работы, як правядзенне латарэй у час масавых мерапрыемстваў, арганізацыя мультымедыйнага цэнтра (раённая дзіцячая бібліятэка).

Крыніцай папаўнення пазабюджэтнага капіталу з’яўляецца і арганізацыя гульнявых пляцовак на раённых і абласных святах. Летась упершыню выканаў план аказання платных паслуг Бягомльскі музей народнай славы. Палепшылі сваю работу ў гэтым накірунку Гарадзішчанскі, Таргуноўскі, Барсукоўскі СДК.

Прафесія для іх – прызванне

Выступае тэатр мініяцюр.

Выступае тэатр мініяцюр.

Культура – гэта тая галіна дзейнасці, у якой практычна не бывае выпадковых людзей. Затрымліваюцца працаваць на гады, незалежна ад адукацыі, людзі творчыя, нераўнадушныя да мастацтва. У большасці сваёй яны самі надзелены тымі ці іншымі мастацкімі здольнасцямі.

Зараз тут працуюць каля 200 спецыялістаў, з якіх 76 чалавек маюць вышэйшую, а 99 – сярэднюю спецыяльную адукацыю. У апошнія гады сталі прыходзіць маладыя спецыялісты. Многія з іх застаюцца ў раёне і нават ствараюць сямейныя пары. Гэта Андрэй і Марына Чабаны, Вольга і Алег Жаўткевічы, Ігар і Людміла Карповічы, Вераніка і Яўген Крывічаніны.

Для арганізацыі вольнага часу насельніцтва

Летась праведзена 3687 культурна-масавых мерапрыемстваў. З іх такія вядомыя, як святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі, Дзень Рэспублікі, Дзень горада, Дзень Бягомля, якія з’яўляюцца своеасаблівым аглядам творчых сіл раёна. У межах сваіх рэгіёнаў брэндавымі сталі: “Фэст на Роха” у Валкалаце, “Кірмаш на святога Серафіма” ў Сітцах, свята мёду ў Прудніках.

Высокі ўзровень такіх мерапрыемстваў, як свята мота-велааматараў “Насустрач ветру” ў Крулеўшчыне і свята возера “Сонца ў азерцы” ў Бярозаўцы, дазваляе ім таксама прэтэндаваць на гэта званне, хаця і праводзіліся яны летась упершыню.

Дапрацоўкі патрабуе “Джынсавы фестываль” (агр. Параф’янава), “Свята чарніц” (Беразіно) і іншыя мерапрыемствы. Для жыхароў маланаселеных вёсак праведзена 67 святаў, у якіх яны і самі прымалі ўдзел.

Над адраджэннем беларускай нацыянальнай культуры плённа працуе раённы Дом рамёстваў і народны клуб народных майстроў “Докша”, у скарбонцы майстроў якіх таксама значыцца шэраг перамог на прэстыжных фестывалях-конкурсах.

Пры дамах культуры дзейнічаюць 125 клубных фарміраванняў. Сем калектываў мастацкай самадзейнасці маюць званне “народны”. Да яго атрымання рыхтуюцца вакальны ансамбль “Сакавіца”, клуб пчаляроў “Залатая пчолка”, хор ветэранаў “Залатыя гады”. Многія калектывы і асобныя выканаўцы на працягу года займаліся актыўнай канцэртнай дзейнасцю, удзельнічалі ў конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню, адкуль прывозілі шматлікія ўзнагароды. Пра ўсе гэтыя перамогі неаднаразова пісала наша газета.

Музей – лепшая ўстанова культуры ў 2015 годзе

Летась у знакавы для краіны год Бягомльскі музей народнай славы, яго філіял у Шунеўцы наведалі 172 экскурсіі. Навуковыя супрацоўнікі плённа працавалі над распрацоўкай доўгатэрміновых тэм па гісторыі раёна, зборы звестак пра спаленыя вёскі, выяўленні пахаванняў чырвонаармейцаў ля вёскі Беразіно. Устаноўлена сувязь з ураджэнцам раёна контр-адміралам Уладзімірам Дронавым. Падрыхтавана 16 выстаў.

Традыцыйным стала святкаванне Дня музеяў. Летась яркай і запамінальнай атрымалася “Ноч у музеі” пад назвай “Перамогі нязгаснае святло”.

Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр

Бягомльская бібліятэка на свяце ў гарпасёлку праводзіць латарэю.

Бягомльская бібліятэка на свяце ў гарпасёлку праводзіць латарэю.

У сетку публічных бібліятэк раёна ўваходзіць 25 устаноў. Адметным у іх мінулагодняй дзейнасці сталі сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі Уладзімірам Ягодзікам, Алінай Легастаевай, Лёляй Багдановіч, удзельнікамі літаратурных гасцёўняў пры рэдакцыях газет “Воскресение” і “Родныя вытокі”. Плённа працавалі клубы па інтарэсах, да якіх у 2015 годзе далучыліся яшчэ тры, арганізаваныя ў Заборцаўскай, Парплішчанскай і Літоўскай бібліятэках.

Распачата работа па зборы матэрыялаў краязнаўчага характару, на падставе якіх праводзіўся конкурс “Няхай раскажа час”. Сёлета гэтай тэматыцы прысвячаецца праект “За што я люблю сваю вёску”.

За эстэтыкай у дзіцячую школу мастацтваў

Менавіта ў гэтай установе культуры займаюцца эстэтычным выхаваннем падрастаючага пакалення. У нашым раёне працуюць тры ДШМ. Для іх дзейнасці апошнім часам характэрны павелічэнне колькасці як саміх школ, так і аддзяленняў у іх, а значыць, і новых вучняў. Летась адкрыты клас акардэона ў Тумілавічах, дзе выкладае малады спецыяліст Вераніка Сыс. У Докшыцкай ДШМ пачало працаваць тэатральнае аддзяленне, у Крулеўшчынскай – школа ранняга развіцця. Усяго ў ДШМ займаецца больш за 600 дзяцей. Летась набор павялічылі Докшыцкая і Бягомльская школы. Чатыры выпускнікі вырашылі звязаць сваё далейшае жыццё з музыкай і паступілі вучыцца ў сярэднія спецыяльныя музычныя ўстановы.
Сяргей Красільнікаў з Докшыц, Лізавета Яцкевіч з Бягомля і Вольга Козак з Крулеўшчыны сталі пераможцамі розных конкурсаў. Акрамя гэтага, вучні і настаўнікі ДШМ вядуць актыўную канцэртную дзейнасць. Ва ўстановах працуюць некалькі вакальных, музычных, харэаграфічных калектываў.

У сёлетні Год культуры ад дзейнасці гэтай галіны грамадствам чакаецца многае. Каб спадзяванні аказаліся не дарэмнымі, дапамагчы прафесіяналам сваёй актыўнасцю павінны грамадзяне.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *