Служители Мельпомены в Докшицах отметят День театра

IMG_5204Гісторыя Докшыцкага народнага тэатра пачынаецца ў далёкім 1947 годзе. Дзякуючы тагачаснаму кіраўніку раённага Дома культуры Ганне Лыновай, якая аб’яднала вакол сябе самадзейных артыстаў, дакшычане далучыліся да тэатральнага мастацтва. У 1975 годзе рэжысёрам драматычнага калектыву становіцца Ганна Яцкоўская. Сваім прафесійным майстэрствам, уменнем даказваць праз пастаноўкі свае погляды і пры гэтым мець поспех у гледачоў, яна зрабіла мясцовы тэатр візітоўкай культурнай спадчыны нашага краю. У 1982 годзе калектыў атрымаў званне народнага. Штогод самадзейныя служыцелі Мельпамены радуюць докшыцкіх гледачоў прэм’ерамі, гастраліруюць не толькі па роднай Беларусі, але і па-за яе межамі. За гэты час калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Сем разоў намінаваліся на Гран-пры за лепшую ролю артысты Марыя Немцава, Святлана Шышла, Руслан Паперадзень, Ірына Кірыенка. Другі год запар усюды і заўсёды пры поўным аншлазе праходзіць спектакль-камедыя “Асцярожна: жанчыны!” па п’есе А. Курэйчыка. Сёння тэатр працуе над новай пастаноўкай, з якой некалі і пачалося тэатральнае жыццё ў раёне. Гэта п’еса А.П. Чэхава “Мядзведзь”. Напярэдадні свята мы распыталі апантаных тэатралаў Докшыччыны пра незабыўныя для іх спектаклі і ролі ў выкананні калектыву народнага тэатра.

Уладзімір Арцімёнак, былы дырэктар СШ № 1 г. Докшыцы, зараз пенсіянер:

– Для мяне і маёй жонкі тэатр – гэта месца духоўнага развіцця. Спектаклі дапамагаюць перажыць новыя эмоцыі, адпачыць ад будзённасці, спыніцца, каб задумацца над праблемамі быцця. Сярод самых запамінальных пастановак – “Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча і “П’ямонцкі звер” А. Курэйчыка. Калі гаварыць пра акцёраў, то заўсёды захапляемся сцэнічнымі вобразамі Ірыны Кірыенка. Таксама сярод цікавых самабытных акцёраў Тамара Альшэўская, Віктар Стадольнік, Святлана Шышла, Валерый Шышла. Зразумела, што ўсе заслужаныя перамогі на шматлікіх конкурсах і вялікая папулярнасць драматычнага калектыву, – гэта прафесіянальная работа рэжысёра Ганны Яцкоўскай.

Антаніна Стадольнік, настаўніца біялогіі Барсукоўскай СШ:

– Тэатр – гэта заўсёды свята, радасць, напал эмоцый. Докшыцкі тэатр – сэрца горада, а яго рэжысёр Ганна Яцкоўская – душа тэатра. Вялікі дзякуй ёй за тое, што яна змагла згуртаваць людзей розных прафесій у адно цэлае. З тых спектакляў, якія ёсць у рэпертуары драматычнага калектыву, вельмі ўразілі “Паўлінка” Я. Купалы, “Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Млын” і “Не пакідай мяне” А. Дударава. Вельмі люблю і захапляюся сцэнічнымі вобразамі такіх акцёраў-землякоў, як Віктар Стадольнік, Тамара Альшэўская, Святлана Шышла.

Валерый Міхайлоўскі, дырэктар Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат:

– Ад тэатральнага мастацтва я атрымліваю найвышэйшую асалоду. Кожны спектакль – гэта інтрыга, бо невядома, як акцёры перададуць тыя ці іншыя пачуцці, як вырашыцца тая ці іншая жыццёвая сітуацыя. Кранальным і запамінальным менавіта для мяне стаў спектакль “Не пакідай мяне” А. Дударава.

Аляксандра Каляга, былая старшыня праўлення райста, зараз пенсіянерка:

– Захапляюся тэатрам са школы, была ўдзельніцай драматычнага гуртка. Таму заўсёды з вялікай ахвотай спяшаюся на прэм’еры местачковага тэатра. Вельмі цікава назіраць за пераўвасабленнем знаёмых людзей на сцэне. Заўсёды здзіўляюць сваёй прафесійнай работай у спектаклях Фёдар Палачанін, Віктар Стадольнік, Валерый Шышла, Аляксандр Новік. Незабыўнымі і непаўторнымі сталі ролі Тамары Альшэўскай і Ірыны Кірыенка. Шыкоўныя дэкарацыі, дакладна падабранае музычнае афармленне, касцюмы і, канечне ж, ігра акцёраў у спектаклі “П’ямонцкі звер” А. Курэйчыка, на маю думку, сталі найвышэйшым паказчыкам прафесіяналізму драматычнага калектыву. Немагчыма не ўспомніць і першую работу рэжысёра Ганны Яцкоўскай – пастаноўку п’есы Р. Тама “Восем закаханых жанчын”, у якім адну з роляў выдатна выканала сама Ганна Васільеўна. Наогул, усе спектаклі, лічу, атрымаліся. Часта пераглядаю іх у Інтэрнэце. Вялікі дзякуй за падораныя пачуцці і зарад станоўчых эмоцый усім, хто мае дачыненне да народнага тэатра.

Апытанне правяла
Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота Ю. Шульгата.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *