Научное общество действует в СШ №1 г. Докшицы

DSCN2756Сваё пяцігоддзе адзначыла навуковае таварыства вучняў СШ № 1 г. Докшыцы “Міленіум ХХІ стагоддзе”. Яно было арганізавана на базе пачатковай школы ў 2010 годзе і аб’яднала здольных да навуковага пошуку і паглыблення сваіх ведаў дзяцей. Кіраўніком першай навуковай суполкі была настаўнік-наватар Таццяна Хамко. Ужо на наступны год пасля стварэння таварыства да яго далучыліся вучні сярэдняга і старэйшага звяна. Развіццём і павышэннем інтэлектуальнага ўзроўню хлопчыкаў і дзяўчынак у свой час займаліся Ірына Кірыенка і Святлана Януковіч. Першымі пераможцамі абласнога дыстанцыйнага конкурсу даследчых работ былі вучні настаўніцы замежнай мовы Ларысы Маркавец. Сёння таварыствам кіруе Галіна Гарбаценка, вучні якой сталі ўладальнікамі Дыплома ІІ ступені ў навукова-практычнай канферэнцыі сярод устаноў адукацыі Віцебскай вобласці “Эўрыка”. Удзельнікі таварыства па праве ганарацца сваімі поспехамі ў навуковых пошуках і ўдасканальванні ведаў. Пра гэта сведчаць Дыпломы ІІІ ступені ў абласным дыстанцыйным конкурсе “Юны даследчык” другакласнікаў Рэнаты Каляга і Аляксандры Елісеенка. Трэцякласніца Вікторыя Каросцік з даследчым праектам “Чаму кісне малако?” стала ўладальніцай Дыплома ІІ ступені гэтага конкурсу. У абласным конкурсе “Вернісаж” прымалі ўдзел Кірыл Яцкоўскі і Юліяна Палідавец. Вучні настаўніцы геаграфіі Таццяны Януковіч з праектам “Тапаніміка Докшыцкага раёна” ўдзельнічалі ў фінале конкурсу “Я родным краем ганаруся”, які ладзіўся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

За час дзейнасці таварыства ўдзельнікамі школьнай канферэнцыі “Фестываль навук “Сузор’е” стала 68 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту.

На юбілейным мерапрыемстве дзеці прадставілі дзевяць даследчых праектаў. Вельмі цікава было паназіраць за вынаходніцтвам Кірыла Яцкоўскага, які з густога сіропу, сродку для мыцця посуду, афарбаванай вады і расліннага масла “будаваў” вежу шчыльнасці. Дарэчы, на дадзены момант другакласнік працуе над стварэннем спецыяльнага прыбора для вымярэння шчыльнасці ў хатніх умовах. Яго аднакласніца Аляксандра Елісеенка знайшла адказ на пытанне “Як не атрымаць цеплавы ўдар?” Шляхам асабістых назіранняў яна выявіла, якога колеру павінен быць летні капялюшык, каб ён змог абараніць галаву ад сонечных прамянёў. Рэната Каляга даследавала, што хутчэй астудзіць ліманад дапаможа лёд, які трэба пакласці на шклянку з напіткам. Аляксандр Аліноўскі вывучаў паходжанне свайго імя, а Вікторыя Каросцік праводзіла вопыты з малаком, а таксама дазналася, як выпусціць газету. Вырасціць багаты ўраджай памідораў без паліву спрабавала Юліяна Палідавец, і ў яе гэта атрымалася. Пяцікласнікі Алеся Пакора і Вікторыя Глінская даследавалі асобу чалавека з дапамогай псіхагеаметрыі, а вучаніцы дзясятага класа Ганна Дземідовіч і Юлія Шарох выяўлялі асаблівасці нямецкай мовы.

Па традыцыі, напрыканцы фестывалю юным даследчыкам былі ўручаны канфедэраткі. Гэта місія была даручана сённяшнім выпускнікам школы: удзельніцы першай школьнай канферэнцыі, вучаніцы 11 “А” класа Дар’і Ралавец; прызёру раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, адзінаццацікласніку Аляксею Русаку і неаднаразоваму пераможцу абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, вучню 11 “А” класа Уладу Труханаву.

P.S. Пакуль рыхтаваўся артыкул, стала вядома, што на абласным конкурсе даследчых работ і творчых праектаў “Вернісаж” вучань 2 “А” класа Кірыл Яцкоўскі з даследчай работай “Вежа шчыльнасці” (кіраўнік – Валянціна Арцімёнак) атрымаў Дыплом І ступені.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *