Докшичане могут оздоровиться в санаториях

Летні сезон пакрысе пераступіў за палову, і тыя, хто свой водпуск атрымаў ці яшчэ атрымае летам, ужо, пэўна, ведаюць, дзе і як яго правядзуць. Сённяшняе наша інтэрв’ю з галоўным спецыялістам прадстаўніцтва абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Докшыцкім раёне Марынай Абірала прысвечана адпачынку і аздараўленню, якія плануюць не толькі ў сезон, а і на працягу ўсяго года.

VDQWIdnHm78

– Які парадак забеспячэння пуцёўкамі на санаторна-курортнае лячэнне грамадзян?
– Акрамя таго, што грамадзяне могуць самастойна па поўным кошце набыць пуцёўку ў любую санаторна-курортную ўстанову, дзяржава прадугледзела і магчымасць атрымання санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення з дапамогай сродкаў сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту. Гэты працэс рэгулюе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.08.2006 № 542 “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”.
– Хто мае права на санаторна-курортнае лячэнне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання згодна з Указам?
– Назаву асноўныя катэгорыі грамадзян. У першую чаргу асобы, якія падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню і за якіх наймальнік плаціць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама тыя, хто плаціць узносы самастойна. Пры гэтым не мае розніцы, працуе чалавек у дзяржаўнай установе ці структуры прыватнай формы ўласнасці. Зразумела, што існуе чарга на выдзяленне пуцёвак.
– А пенсіянеры?
– Грамадзяне, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку і маюць запіс у пасведчанні пра тое, што яны з’яўляюцца ветэранамі працы, могуць скарыстацца санаторнай пуцёўкай па зніжаным кошце. Для гэтага ім неабходна звярнуцца ў наша раённае прадстаўніцтва, якое знаходзіцца ў г. Докшыцы (будынак райвыканкама, другі паверх) з заявай. Мы заносім чалавека ў чаргу, згодна з якой пры выдзяленні пуцёвак паведамляем пра магчымасць аздаравіцца.
Здараецца, што хтосьці з падаўшых заяўку адмаўляецца ад пуцёўкі (не падыходзіць час і іншыя асабістыя прычыны), тады пуцёўка ў хуткім парадку прапаноўваецца наступнаму па чарзе пажылому чалавеку. Толькі сёлета 21 ветэран працы і адзін інвалід з нашага раёна паправілі здароўе ў санаторыях рэспублікі. Зразумела, што пуцёўка не даецца зусім бясплатна. Існуе даплата, якая разлічваецца ў адпаведнасці з памерам пенсіі, аднак яна з’яўляецца даступнай. Хачу звярнуцца да ветэранаў працы з прапановай не баяцца таго, што чаргі давядзецца чакаць некалькі гадоў. Таму смела падавайце заяўкі на атрыманне пуцёўкі. Гэты працэс значна хутчэйшы, чым здаецца на першы погляд. Людзі пенсійнага ўзросту маюць права на атрыманне пуцёўкі раз у два гады. Яна прадастаўляецца пры наяўнасці заключэння медыкаў аб неабходнасці лячэння і аздараўлення і адсутнасці супрацьпаказанняў. Гэта правіла дзейнічае для грамадзян усіх узростаў. Інваліды першай і другой груп аздараўліваюцца бясплатна.
– Раскажыце пра алгарытм атрымання пуцёўкі работнікам арганізацыі, куды яму звяртацца?
– У кожнай арганізацыі павінна быць створана камісія па аздараўленні. На імя яе старшыні работнік піша заяву і прыкладае да яе медыцынскую даведку. Затым ад імя арганізацыі састаўляецца заяўка, якая падаецца да нас. Можна падаваць заяўкі на аздараўленне работнікаў, а таксама на аздараўленне ў санаторыях для маці і дзіцяці і на аздараўленне дзяцей супрацоўнікаў. Хочацца, каб старшыні камісій па аздараўленні больш прадуктыўна працавалі з нашай службай: не прамаруджвалі з заяўкамі і сачылі за чаргой унутры прадпрыемства. Няхай заявак лепш будзе некалькі на год, чым адна. Адзін і той жа работнік мае права атрымаць пуцёўку штогод. Але трэба ўлічваць унутранную чаргу арганізацыі. Таксама штогадова могуць аздараўлівацца дзеці-інваліды. Дарэчы, апошнія атрымліваюць дзве пуцёўкі – на сябе і суправаджальніка. Сёлета ў санаторыях адпачылі шасцёра дзяцей-інвалідаў з нашага раёна. Усю дадатковую інфармацыю можна атрымаць, звярнуўшыся ў прадстаўніцтва абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Докшыцкім раёне па нумары 2-15-41. Мы працуем з панядзелка па пятніцу, з 9 да 13 гадзін.
– Дзякуй за адказы.

Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *