Докшицкий район ждёт туристов

 

3 169

Прайшло тры месяцы з таго часу, як стартаваў праект ініцыятывы Міжнароднага экалагічнага грамадскага аб’яднання “Прырода і мы” “Развіццё патэнцыялу сельскіх тэрыторый Докшыцкага раёна” ў рамках праекта

ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Старшыня праўлення МЭГА Алег Лысёнак з задавальненнем адзначае, што грашовыя сродкі, выдзеленыя на рэалізацыю праекта, у пэўнай ступені дазваляюць вырашаць экалагічныя праблемы сельскіх тэрыторый, дапамагаюць ствараць або ўдасканальваць зоны адпачынку, ландшафтныя паркі, музеі, даюць магчымасць пасадкі алей рэдкіх дрэў і кустарнікаў і інш. Гэта рэальная дапамога, падкрэслівае Алег Клетавіч, а не бессэнсоўныя канферэнцыі, трэнінгі, замежныя паездкі па абмене вопытам.
Наша газета ўжо пісала пра тое, як стартаваў праект у Валкалацкім сельсавеце. За тры месяцы ў кожным з 11 сельсаветаў была праведзена пэўная работа па абследаванні і добраўпарадкаванні тэрыторый, правядзенні маніторынгу рэк і азёраў і выяўленні экалагічных праблем, стварэнні грамадскіх экалагічных пастоў і школьных экалагічных атрадаў.
У Парплішчанскім сельсавеце ўласнымі сіламі жыхароў пад кіраўніцтвам старшыні сельвыканкама Антона Андрыеўскага з дапамогай ПМК-52 і пры падтрымцы тэхнікай ад ААТ “Барсучанка” была праведзена ліквідацыя велізарных, хоць і санкцыяваных, сметнікаў у кар’ерах Варганскай гары. Для ўборкі ж яе крутых схілаў былі прыцягнуты альпіністы. У аграгарадку Порплішча каля вадаёму ўстанавілі лавачкі, уздоўж берага пасадзілі алею ніцых вербаў. У дэндрапарку школы ўстаноўлена альтанка для правядзення заняткаў з членамі экалагічнага атрада.
Алег Лысёнак адзначае вельмі актыўную дапамогу ў справе і энтузіязм дырэктара школы Аксаны Палачанінай і кіраўніка экалагічнага паста Ганны Маркевіч. На гэтым тыдні Алег Клетавіч прывёз з Глыбокага стол і лавачкі для адпачынку, падняць якія на Варганскую гару работнікам Глыбоцкага ПУП “У ажуры” дапамагалі вучні старэйшых класаў мясцовай школы і ўласна сам старшыня сельвыканкама. Устаноўлены таксама інфармацыйны стэнд з цікавымі звесткамі пра гэты помнік археалогіі вышынёй 40 метраў, на крутых схілах якога прасочваюцца рэшткі абарончых валоў, і раскопкі сведчаць, што абарона тут вялася сямнаццаць стагоддзяў таму, а сляды наземнага жылля – печка-каменка, жалезныя сякеры, нажы, шылы, фрагменты глінянага посуду і гліняных формаў для адліўкі бронзавых упрыгожанняў – датуюцца VI-VII стст.3 165


Падчас нашага прыезду на беразе возера Сэрвач поўным ходам вяліся работы па ўстаноўцы непадалёк ад маляўнічай мясцінкі з кладкай над вадой (здымак 1), дзе з задавальненнем купаюцца, загараюць, бавяць вольны час мясцовыя жыхары і шматлікія прыезджыя, дзвюх кабінак для пераапранання і століка з лавачкамі для адпачынку сучаснага дызайну (здымак 2).
– Створаная на тэрыторыі сельсавета экалагічная сцяжынка, – распавядае Алег Лысёнак, – будзе ўнесена ў Рэгістр турыстычнага экалагічнага маршруту, які возьме свой пачат

ак у парку аграгарадка Сітцы. Далейшы напрамак маршруту такі: Валкалаты – Дунілавічы (парк Крыкалы) – Мосар – Глыбокае – Варганская гара – возера Сэрвач. Канечны пункт – дэндрапарк Парплішчанскай сярэдняй школы. Маршрут мае назву “Экстрэмальны” і будзе рэкамендаваны для студэнтаў-краяведаў.
У кузаве грузавічка яшчэ чакаюць устаноўкі ўказальнікі экалагічнай сцяжынкі і дзве прыгожыя лавачкі – іх плануецца адвезці на астравок пасярод вадаёму ў Сітцы. Па ўсім бачна, праект рэалізуецца паспяхова, і інфармацыю аб яго далейшым ходзе мы з задавальненнем будзем размяшчаць на старонках нашай газеты.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *