Понимает ли здоровый больного?

За доўгія гады працы ў газеце не раз даводзілася пісаць пра дзейнасць медустаноў. Сярод артыкулаў былі розныя: і хвалебныя, і крытычныя. Але ў кожным з іх, сёння шчыра прызнаю, прысутнічала суб’ектыўнае журналісцкае меркаванне. Каб яно стала больш набліжаным да рэчаіснасці, трэба самому пабыць у ролі медыка ці пацыента. Першае ўжо немагчыма, калі толькі ў санітаркі падацца, а вось ад другога становішча ніхто не застрахаваны. Трапіла ў шпіталь неспадзявана і я. Зараз, калі ўсё самае страшнае засталося ў мінулым, захацелася падзяліцца з чытачамі ўбачаным і перажытым для ўзаемнай карысці.shutterstock_79304863

У выхадны дзень, як кажуць, на роўным месцы атрымала траўму нагі з падвывіхам і пераломам. Няма патрэбы ўсімі фарбамі апісваць боль, жах і ўсе астатнія пачуцці, што імгненна авалодваюць чалавекам, які раптам становіцца амаль нерухомым. Гэта трэба перажыць самому. Потым за шчасце лічыш, што, калі здарылася бяда, побач былі родныя людзі. На “хуткай дапамозе”, якая прымчалася па выкліку праз 10 хвілін, дзяжурыла вопытнейшы фельчар Святлана Андрыеўская, а ў бальніцы — урач-хірург Аляксандр Бароўка. Дзесьці праз тры гадзіны, калі прыйшла ў сябе ад чарговай анестэзіі, ён стаяў побач і любаваўся справай сваіх рук: сціснутая лангетай нага, у якой пятка дагэтуль была вывернута набок, ужо ляжала роўненькая і амаль што прыгожая. “Усё склалася цудоўненька”, — падвёў вынік сваёй работы доктар і запрасіў з’явіцца на прыём праз дзень. З гэтага часу і пачалася мая галгофа, уражанні ад якой сталі падставай для напісання артыкула.
Мыліцы ўдалося адшукаць хутка, але на адной назе, прычым, левай і таксама не зусім здаровай, у 59 гадоў з вагой далёка не балерыны, ідучы на прыём, пераадолець удалося толькі некалькі метраў. Каб не дапамога навакольных, то, бразнулася б яшчэ раз. А як жа ўзлезці на другі паверх паліклінікі, дзе знаходзіцца хірургічны кабінет? Зразумела, што задача для мяне невырашальная. Не ведаю, як іншыя гаротнікі з паламанымі нагамі спраўляліся з ёй? Я ж шчыра ва ўсім прызналася доктару. Аляксандр Усеваладавіч, дай бог яму здароўя, пашкадаваў і параіў паспрабаваць дабрацца хаця б да прыёмнага пакою. Ура! Даклыпала. Прыём прайшоў на аптымістычнай ноце, таму было вырашана тэрмінова асвойваць “хадзьбу” на мыліцах, каб “узяць” нарэшце з боем гэты другі паверх.
Стала першы раз на мыліцы, другі, а на трэці здарылася тое, што і павінна, калі людзі спяшаюцца і апярэджваюць падзеі: пахіснулася і зрушыла з такімі вялікімі намаганнямі складзеную нагу. Пра гэта даведалася праз дзень у час другога прыёму. Мілы доктар зноў дазволіў “не пакараць” другі паверх, а адразу паспрабаваць дабрацца да рэнтгенкабінета. Знайшлі ў будынку паліклінікі адзіныя незамкнёныя дзверы на першым паверсе, да якіх вёў ганак толькі з трыма прыступкамі, адчынілі, 200 метраў галгофскага шляху — і вось я ля кабінета. Шлях назад да хірургічнага аддзялення, дзе трэба было здаць аналізы, каб ехаць у Наваполацк выпраўляць нагу, здаўся яшчэ больш пакутлівым. Сэрца ад перанапружання тахкала дзесьці ў горле, у вачах цямнела, адзіная нага падкошвалася і здавалася: не дайду. Пэўна, так і было б, каб не падтрымалі людзі. Выбрацца з аддзялення з найменшымі пакутамі дапамагла спачувальная санітарка, якая цішком “пазычыла” ў прыёмным пакоі калясачку. Спускаючыся на ёй па пандусе, адчувала сябе каралевай. Пры гэтым, праўда, з жахам думала: як я буду “хадзіць” у Наваполацкай бальніцы, значна большай па плошчы? Баялася дарэмна. На ідэнтычнай калясачцы тамтэйшая санітарка забрала мяне з прыёмнага пакоя і завезла ў палату. Там доктар строга загадаў на мыліцы станавіцца толькі па пільнай патрэбе. На рэнтген таксама вазілі на калясачцы і пры выпісцы на ёй жа адвезлі зноў у прыёмны пакой. Апошняе сталася толькі праз тыдзень, а да гэтага быў жах у чаканні аперацыі і бязмерная радасць, калі ўдалося абысціся без яе. Скрануты сустаўчык проста ўправілі на месца і пры гэтым сказалі: ”Мы толькі падкарэкціравалі тое, што было цудоўна зроблена ў Докшыцах”. Пры гэтых словах, не паверыце, сэрца перапоўнілася такой бязмернай радасцю “за дзяржаву” пад назвай “Докшыцкая ЦРБ”, што і не перадаць. Нарэшце, з’явіўся доктар, прафесійная работа якога ў гарадскіх калег выклікала вялікую павагу. Дзякуй, Аляксандр Усеваладавіч, што вы ёсць у нас.
А што датычыцца вандровак пацыентаў з траўмамі на другі паверх, то няўжо сённяшнім часам, калі робяцца дастаткова вялікія рамонты медустаноў, набываецца каштоўнае абсталяванне, нічога нельга прыдумаць для пацыентаў з траўмамі. Ліфт пабудаваць, канечне, складаней (хаця зараз пад’ёмнікі будуюць звонку), але набыць калясачку, аддаць яе ў распраджэнне хірургіі і ўвесці ў абавязкі малодшага медперсаналу дастаўку пацыентаў са складанымі траўмамі на прыём у кабінет, які можна выдзеліць на першым паверсе, здаецца, не патрабуе вялікіх выдаткаў? Упэўнена, што пры жаданні можна адшукаць і іншыя варыянты. З жаданнем, напэўна, складаней. З кім і што павінна здарыцца, каб яно ўзнікла?

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *