Продавца автолавки Ирину Малюженец из Докшицкого района покупатели ждут с нетерпением

IMG_9219Прадаўцом аўтакрамы Ірына Малюжанец працуе другі год, але за гэты невялічкі час усмешлівая прыязная дзяўчына заваявала аўтарытэт сярод вяскоўцаў, якім яна дастаўляе патрэбны для іх тавар. У сістэме спажывецкай кааперацыі Іра працуе з 2002 года.

– Па праўдзе кажучы, прафесія прадаўца не была марай, – дзеліцца Ірына. – Са школы захаплялася тэхнікай, трызніла машынамі, матацыкламі. Таму, скончыўшы сярэднюю школу, без разважанняў пайшла ў Мінскі машынабудаўнічы каледж. Атрымала спецыяльнасць тэхніка-эканаміста на прадпрыемствах машынабудавання.

Набытая прафесія дазваляла працаўладкавацца калі толькі ў мегаполісе, але туга па родным краі пацягнула Іру ў родную Крулеўшчыну. Вярнуўшыся, знайшла работу менавіта ў райста. Спачатку гандлявала ў краме роднай вёскі, потым – у Слабадзе. Спасцігаць азы прафесіі прадаўца дапамагала свякроў Людміла Малюжанец, якая ўсё жыццё адпрацавала ў гандлі.

– Мне вельмі пашанцавала, што побач з парадамі і падтрымкай заўсёды ёсць высакакласны спецыяліст Людміла Вацлаваўна, – дзеліцца Ірына. – Яна ўжо на заслужаным адпачынку, але яе карысныя падказкі і сёння часта выручаюць мяне ў непрадказальных сітуацыях, якіх у нашай рабоце хапае.

На абслугоўванне кожнай вёскі, а іх на маршруце аўтакрамы бывае і васямнаццаць, па графіку адводзіцца пятнаццаць хвілін. Але ўлетку да асноўных жыхароў дадаюцца яшчэ і шматлікія дачнікі, а таму рабочы графік трохі зрушваецца. Вось так і калясіць аўталаўка па вёсках раёна, дастаўляе дакшычанам харчовыя і нехарчовыя тавары.

– Стараемся прывезці ўсё, што заказваюць вяскоўцы, – кажа Ірына. – У жыхароў населеных пунктаў, дзе бываю, ёсць нумар майго тэлефона. Таму прапановы прымаю нават дома. Нельга назваць тавар, які карыстаецца большым попытам, бо раз на раз не прыходзіцца. Аднойчы амаль ва ўсіх вёсачках на маршруце пыталіся пра гумовыя боты. Такі вось модны бум. Самым любімым пунктам на маршруце для мяне з’яўляюцца Макаравічы. Ведаю, што там заўсёды мяне чакае шэсць бабулечак – апошнія жыхары маланаселенай вёсачкі. Яны вельмі асаблівыя: такія добрыя, цікавыя, пазітыўныя. І пра свае справы раскажуць, і мяне выслухаюць. І паплачам разам, і пасмяёмся.

Не апошнюю ролю ў рабоце аўтакрамы адыгрывае і вадзіцель. Ірына працуе ў зладжаным экіпажы са сваім земляком Генадзем Прохаравым, ад якога, як лічыць прадавец, залежыць палова поспеху ў агульнай справе.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *