Заведующая магазина «Дежурный» нашла себя в профессии

Изображение 004Загадчыца крамы “Дзяжурная”, што ў райцэнтры, Ала Дубаневіч ніколі не марыла пра прафесію прадаўца, але калі па волі лёсу стала за прылавак, то палюбіла сваю работу раз і назаўсёды.
Пасля школы дзяўчыне з невялічкай вёскі Туркі параілі пайсці вучыцца ў школу прадаўцоў, якая адкрылася ў той час пры вучэбна-вытворчым камбінаце ў Докшыцах. Пасля навучання практыку праходзіла ў таргуноўскай краме. Менавіта там пачалося не толькі авалодванне азамі прафесіі, але і ўзніклі асаблівыя пачуцці да справы.
– Што мне падабаецца ў маёй працы? Напэўна, зносіны з людзьмі, – дзеліцца Ала Канстанцінаўна. – Калі ты задавольваеш патрэбы пакупніка і чуеш “дзякуй!”, то адчуваеш такі прыліў энергіі, быццам крылы вырастаюць за спіной. Вядома, што кліенты бываюць розныя. Стараемся кожнага сустракаць усмешкай, бо да гэтага абавязвае абраная прафесія.
Напрацоўвала вопыт прадаўца жанчына і ў вясковай краме ў Чырвоным Беразіно, “Кулінарыі” і “Меркурыі” ў райцэнтры. Дзевяць гадоў завіхалася на прадуктовым складзе грамхарчу. У “Дзяжурнай” Ала Дубаневіч працуе пяты год, з іх два – як загадчыца крамы. А гэта не толькі абслугоўванне кліентаў, але і работа з пастаўшчыкамі, кантроль тэрмінаў і паступленняў.
– Я ўдзячна лёсу за тых людзей, якія працуюць побач са мной, – кажа Ала Канстанцінаўна. – Работа ў нас, вядома, працаёмкая. Справіцца з усім вельмі дапамагае ўпэўненасць у тым, што калегі заўсёды падтрымаюць, падставяць сваё плячо.
Крама “Дзяжурная” працуе без выхадных з 7 да 23 гадзін без перапынку, а таму прадаўцы выходзяць у дзве змены. Самыя запатрабаваныя тавары – хлебабулачныя, малочныя і каўбасныя вырабы. Увечары сярод пакупнікоў шмат гаспадынь, у якіх то цукар на варэнне скончыўся, то воцат для кансервавання.
Стаж Алы Дубаневіч у спажывецкай кааперацыі складае каля дваццаці гадоў. І хоць дзеці, а іх у яе двое, не пайшлі па слядах маці, то, магчыма, унукі, якія з радасцю забягаюцца да бабулі ў краму, працягнуць гандлёвую гісторыю.

НА ЗДЫМКУ: (справа налева) загадчыца і прадавец крамы “Дзяжурная” Ала Дубаневіч і Ванда Каляга.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *