Знаменитый земляк из Докшицкого района

Вернон ДЮКУ далёкім 1903 годзе ў сям’і інжынера-пуцейца чыгуначнай станцыі Параф’янава нарадзіўся Уладзімір Дукельскі – рускі і амерыканскі кампазітар, паэт і мемуарыст.

Дзяцінства яго прайшло на Урале і ў Крыме. Затым, пасля смерці бацькі, у Кіеве. У дзясятых гадах Уладзімір наведваў класы Кіеўскай кансерваторыі, у якіх навучаўся ігры на фартэпіяна. Ва ўзросце 15 гадоў, у 1918 годзе, яго афіцыйна залічылі ў кансерваторыю, аднак напярэдадні здачы горада Добраахвотніцкай арміяй (канец 1919 года) сям’я Дукельскіх пакідае Кіеў і ў 1920 годзе прыбывае ў акупіраваны войскам Антанты Канстанцінопаль.
Даведка: антанта – ваенна-палітычны блок Расіі, Англіі і Францыі, створаны ў якасці процівагі «Траістага саюзу» (A-Entente – Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі); склаўся ў 1904-1907 гадах і завяршыў размежаванне вялікіх дзяржаў напярэдадні Першай сусветнай вайны.

Менавіта ў Канстанцінопалі Дукельскі піша самастойныя музычныя сачыненні і разам з Барысам Паплаўскім стварае “Цэх паэтаў”.

Даведка: «Цэх паэтаў» быў заснаваны ў кастрычніку 1911 года ў Пецярбургу ў процівагу сімвалістам. Пратэст удзельнікаў групы быў накіраваны супраць магічнага, метафізічнага характару мовы паэзіі сімвалістаў. Узначальвалі групу М. Гумілёў і С. Гарадзецкі. У склад групы ўваходзілі таксама А. Ахматава, О. Мандэльштам. Некалькі такіх жа паэтычных аб’яднанняў існавалі ў Маскве, Тбілісі, Баку, Берліне і Парыжы.

У 1921 годзе сям’я перабралася ў ЗША. У Нью-Ёрку Дукельскі працягвае ствараць музыку і піша вершы на рускай мове ў перайманне акмеістаў і футурыстаў, а таксама спрабуе сілы ў жанры папулярных песень, якія падпісвае англізаваным імем Вернон Дзюк.

У 1923 годзе па ініцыятыве піяніста Артура Рубінштэйна заканчвае пачаты яшчэ ў Кіеве “Фартэпіянны канцэрт” і адпраўляецца ў Парыж, дзе яго сачыненне было дастаткова высока ацэнена Сяргеем Дзягілевым, Ігарам Стравінскім і Сяргеем Пракоф’евым. Дзягілеў заказвае Дукельскаму балет “Зефір і Флора”, які ў 1925 годзе ставіцца Леанідам Мясіным у “Рускіх балетах С.П. Дзягілева”. У 1928 годзе ў Парыжы адбываецца прэм’ера Першай сімфоніі Дукельскага. Кампазітар збліжаецца з Пракоф’евым, публікуе артыкулы ў еўразійскіх выданнях, адначасова піша нумары для англійскіх музычных камедый. У 1929 годзе вяртаецца ў ЗША.

Пачынаючы з гэтага часу ў Дукельскага развіваюцца дзве паралельныя біяграфіі. З аднаго боку ён – трагіка-рамантычны рускі кампазітар, які гнеўна асуджае канверсаваную ў культурныя рысы ідэалогію мадэрнізму. З другога – як Вернон Дзюк – паспяховы вытворца таго ж самага музычнага тавару для Брадвея і Галівуда. Дзюку належыць музыка папулярных брадвейскіх рэвю, кінарэвю.

На пачатку 1940-х гадоў Дукельскі вяртаецца да сур’ёзнай музыкі і стварае “Скрыпічны і Віяланчэльны канцэрты”. У 1942 годзе, у самы разгар Другой сусветнай вайны, будучы прызнаным нягодным да страявой, усё роўна падае заяву аб залічэнні ў амерыканскую армію і праходзіць службу ў войсках берагавой аховы Нью-Ёрка. У 1945-м звольнены ў запас у званні капітан-лейтэнанта. У 1946 годзе па ініцыятыве Пракоф’ева атрымлівае афіцыйнае запрашэнне вярнуцца ў СССР, аднак у апошні момант ад паездкі адмаўляецца. У 1948 годзе стварае франка-амерыканскае Грамадства забытай музыкі, мэтай якога з’яўляецца выкананне і аўдыязапіс недаацэненых класічных твораў. У 1950 годзе пераязджае ў Каліфорнію для работы над музыкай да кінафільмаў “Яна спрабуе вывучыцца ў каледжы” з будучым прэзідэнтам Рональдам Рэйганам у адной з роляў і “Красавік у Парыжы”.
У 1955 годзе ў свет выдаецца кніга яго англійскіх мемуараў “Парыжскі пашпарт”. У 1957 годзе ён жэніцца на спявачцы Кэй МакКрэкен. У 1958 годзе ставіцца яго адзіная опера “Барышня-сялянка” па аповесці А.С. Пушкіна на ўласнае рускае лібрэта.

Пачынаючы з 1962 года Дукельскі публікуе кнігі вершаў на рускай мове. У 1966-м ён запісвае вялікі цыкл перадач для рускай рэдакцыі радыё “Свабода”, прысвечаных гісторыі амерыканскай музычнай камедыі.
Памёр Уладзімір Дукельскі 19 студзеня 1969 года ў Санта-Моніцы ад спынення сэрца падчас паўторнай аперацыі на лёгкіх.

У 1980 – 1985 гг. яго велізарны музычна-літаратурны архіў аўтара опер, балетаў, сімфанічных, вакальна-сімфанічных і камерных твораў, многіх песень для брадвейскіх мюзіклаў быў перададзены ўдавой у Бібліятэку Кангрэса ЗША.

Падрыхтавала
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *