Железнодорожник из Крулевщины — находка для своего коллектива

IMG_7704Міхаіл Багданаў, якога вы бачыце на здымку, як і шматлікія яго калегі, у нядзелю будзе адзначаць сваё прафесійнае свята. Яшчэ з дзяцінства ён марыў далучыцца да кагорты працаўнікоў стальных магістраляў. Узяць прыклад было з каго. Бацька і дзядзька адпрацавалі на чыгунцы памочнікамі машыніста, бабуля была стрэлачніцай, цёця – дзяжурнай па станцыі. Ды і ўвогуле Міхаіла вабіла прафесія чыгуначніка своеасаблівым стукам колаў, лічыў яе ў нейкай ступені рамантычнай.

Пасля службы ў пагранічных войсках хлопец уладкаваўся слесарам у абаротнае лакаматыўнае дэпо Круляўшчызна. Праз месяц яго накіравалі на вучобу ў Гомель, ужо потым Міхаіл стаў працаваць памочнікам машыніста. Праз паўгода ажаніўся. Па сямейных абставінах прыйшлося змяніць месца жыхарства і перавесціся ў Маладзечна. Але, пажыўшы там два гады, адчуў, што зноў цягне на радзіму. Маладая сям’я прыняла рашэнне вярнуцца ў вёску.

Працоўны дзень памочніка машыніста праходзіць у звычайным рэжыме. Пасля інструктажу і медагляду Міхаіл накіроўваецца да цеплавоза, дзе трэба ўсё дасканала перагледзець. Атрымаўшы дазвол, адпраўляецца ў рэйс у накірунку Лынтупаў альбо Друі.

Акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, Багданаў займаецца яшчэ прафсаюзнымі справамі. Але гэта не толькі адны паперы. Па словах начальніка дэпо Уладзіміра Батуры, Міхаіл для калектыву проста знаходка. Сваім цудоўным голасам ён зможа заваражыць кожнага, хто пачуе песні ў яго выкананні. Маэстра, так паміж сабою яго называюць калегі, дорыць свой талент гледачам і слухачам, якія збіраюцца на ўрачыстыя мерапрыемствы, што ладзяць на працягу года для чыгуначнікаў. Вось і сёння, напярэдадні прафесійнага свята, Міхаіл будзе ствараць святочны настрой калегам. Для гэтага, між іншым, ёсць уся патрэбная апаратура і з густам падабраны рэпертуар. А падтрымаць на сцэне спевака прыедзе ўзорны ансамбль танца “Ладушкі” з Віцебска.

Міхаіл Багданаў з’яўляецца пастаянным удзельнікам разнастайных канцэртаў і фестываляў, якія праходзяць у Віцебску і Мінску, мае шмат узнагарод. Вось і сёлета ён быў адзначаны дыпломам лаўрэата на фестывалі народнай творчасці “Сузор’е талентаў”, арганізатарам якога з’яўляюцца Беларуская чыгунка і галіновы прафсаюз.

Любоў да музыкі прачнулася яшчэ ў школе. Пісаць вершы і музыку да іх ён спрабаваў у 7-м класе, але абнародаваць уласныя творы пакуль не рашыўся. Зараз Міхаіл знаходзіцца ў некалькіх кроках ад стварэння асабістага гурта, ёсць нават аднадумцы.

Адно з галоўных месцаў у жыцці мужчына, безумоўна, адводзіць сваім блізкім людзям – жонцы і дачушцы Яначцы, якія чакаюць мужа і тату з работы і падтрымліваюць яго захапленне музыкай.

Зараз Міхаіл завочна вучыцца ў Мінску на тэхніка-электрыка, так сказаць, павышае свой прафесіяналізм, які, мабыць, у будучым дапаможа яму ўзняцца яшчэ на адну прыступку па кар’ернай лесвіцы.

На пытанне, за што любіце сваю работу, памочнік машыніста коратка аргументуе:
– За стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *