Районка разузнала, где коротают тёмные зимние вечера жители Докшицкого района

IMG_0331

НА ЗДЫМКУ: вось такое прыгожае і цікавае захапленне выбрала для сябе настаўніца Парплішчанскай СШ Таццяна Адзінцова. Плеценыя з паперы кошыкі, вазы і іншыя рэчы практычна немагчыма адрозніць ад аналагічных работ з лазы. Яны больш простыя ў выкананні і не патрабуюць вялікіх грашовых затрат.

IMG_3363

Заняткі ў трэнажорнай зале водна-аздараўленчага цэнтра.

IMG_2340

Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту з задавальненнем танцуюць у гуртку “Сударушка”.

Змрочнымі асеннімі і зімовымі вечарамі, напэўна, кожнаму хочацца больш цяпла, святла і ўтульнасці. Каб адпачыць ад працоўнага дня, сагрэцца і набыць станоўчыя эмоцыі, адным хапае кубка любімай гарбаты. Другія ж вяжуць, вышываюць, чытаюць, іншымі словамі, выбіраюць занятак для душы. Сёння разнастайнасць хобі людзей уражвае. Дэкупаж, мылаварэнне, мадэляванне, калекцыянаванне не толькі рэчаў, а нават успамінаў – гэта малы пералік захапленняў сучаснага чалавека. Мы пацікавіліся ў некаторых чытачоў, якое хобі выбралі яны.

Вераніка Дрокіна,
г. Докшыцы:
– Мой муж захапляецца гульнёй у шахматы. Неаднойчы прымаў удзел у раённых і абласных спаборніцтвах, на якіх станавіўся прызёрам. А яшчэ ён піша вершы. Менавіта я вельмі люблю коней! Маё хобі стала захапленнем для ўсёй сям’і: адзін раз на месяц разам з маленькай дачкой мы стараемся наведаць конны клуб у Глыбокім.
Наталля Крук,
агр. Порплішча:
– Маё самае вялікае захапленне – дамашняя выпечка, якую вельмі любяць і сямейнікі. Таму можна сказаць, што гэта агульнае хобі нашай сям’і. А яшчэ разам з дачушкай мы часта спяваем… для душы.
Наталля Рандарэвіч,
агр. Крулеўшчына:
– Усёй нашай дружнай сям’ёй, а гэта я, муж і дзве дачкі, вельмі любім актыўны адпачынак на прыродзе і сумесную працу на прысядзібным участку. Захапляемся біятлонам: зімой з задавальненнем усе разам ходзім на лыжах, не прапускаем тэлевізійныя перадачы са спартыўнымі спаборніцтвамі біятланістаў. Асабіста ў мяне некалькі любімых заняткаў – турызм, гісторыя і вязанне.
Аляксандр Глінскі,
г. Докшыцы:
– Прыярытэтам у арганізацыі свайго вольнага часу лічу спорт. Гэта не толькі маё хобі, гэта – стыль жыцця. Напэўна, як ніхто, чакаю зіму, і абавязкова снежную, каб была магчымасць здаво­ліць сваё жаданне паганяць на лыжах. Не забываюся пра любімы від спорту і летам – штодня стараюся патрэніравацца на лыжаролерах. Маё захапленне поўнасцю падтрымлівае мая жонка Таццяна, яна таксама з’яўляецца апантаным аматарам здаровага ладу жыцця.

За здаровы лад жыцця

Для тых, хто клапоціцца пра сваё здароўе і замест адпачынку на канапе выбірае больш актыўнае баўленне вольнага часу, у райцэнтры дзейнічаюць тры трэнажорныя залы: у буднія дні: з 8 і да 20 гадзін – у ФСК “Ураджай” (будынак былой вочна-завочнай школы па вул. Школьнай), і з 19 да 21 гадзіны ў раённай ДзЮСШ. Таксама ў спартыўнай школе ў гэтым годзе адкрыта група для пенсіянераў, заняткі з якімі праходзяць у панядзелак і сераду з 11 да 12 гадзін.
Зала ў водна-аздараўленчым цэнтры чакае наведвальнікаў у аўторак, сераду і пятніцу – з 14 да 21 гадзіны, у суботу з 10 да 17-ці, у нядзелю – з 11 да 17 гадзін.
Сярод жанчын карыстаюцца папулярнасцю фітнес-трэніроўкі: у панядзелак (19.20) і сераду (19.00) група збіраецца ў танцавальнай зале раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, у пятніцу (у 19.00) – у трэнажорнай зале ФСК “Ураджай”. Яшчэ адна група трэніруецца ў гэтыя ж дні і ў такі ж час у харэаграфічнай зале ГЦК.
Аматары валейбола сустракаюцца пасля працоўнага дня ў спартыўных залах СШ № 1 г. Докшыцы, а таксама Крулеўшчынскай, Парплішчанскай і Бягомльскай СШ. Па пятніцах, з 18 да 21 гадзіны, у ДзЮСШ можна пагу­ляць не толькі ў мяч, але і ў настольны тэніс. Спартыўную залу ў СШ № 2 на працягу тыдня арандуюць футбольныя каманды некаторых арганізацый раёна.
Карыстаецца папулярнасцю не толькі ў жыхароў нашага раёна, але і суседніх, басейн у водна-аздараўленчым цэнтры. У аўторак і сераду паплаваць можна з 13 да 22 гадзін, у пятніцу – з 13 да 23 гадзін. З 10 да 23 гадзін басейн працуе ў суботу, з 10 да 22 — у нядзелю.
У Параф’янаўскім СДК тых, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, аб’яднаў клуб аматараў спорту “+1”.

Для грамадзян пажылога ўзросту

Шмат цікавых клубаў па захапленнях адкрыта ў аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту. Па аўторках і чацвяргах наведвальнікі аддзялення з задавальненнем танцуюць у гуртку “Сударушка” і спяваюць у вакальнай групе “Спявае душа”. У сераду і чацвер тут адбываюцца заняткі па дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Раз на месяц збіраюцца наведвальнікі аддзялення ў клубах зносінаў і баўлення вольнага часу “Кацюша”, аматараў кулінарыі “Скатерть-самобранка”, кветкаводаў-аматараў “Камелія”, валанцёраў “Белы рамонак”. Кожны дзень, з 8 да 17 гадзін, ахвотныя наведваюць трэнажорную залу, якая ёсць у будынку аддзялення, а з 8 да 12-ці – камп’ютарны гурток.

Творчасць

 Каля пяцідзесяці клубных фарміраванняў працуе ва ўстановах культуры раёна. Сярод іх наведвальнікаў — самадзейныя вакалісты, танцоры, акцёры, мастакі. Для тых, хто любіць падарункі, зробленыя сваімі рукамі, або захапляецца народнай творчасцю, майстры раённага Дома рамёстваў прапануюць майстар-класы па лозапляценні, саломапляценні, вышыўцы і ткацтве, мастацкай разьбе па дрэве і мастацкай апрацоўцы скуры. У нядзелю і панядзелак ва ўстанове – выхадныя дні, у іншыя можна патэлефанаваць па нумары 2-12-30 і запісацца на заняткі, якія вас цікавяць.

Шмат сярод жыхароў раёна аматараў драматычнага мастацтва. У райцэнтры служыцелі Мельпамены бавяць свой вольны час на рэпетыцыях народнага тэатра, тэатра гульні “Балагуры”, тэатра мініяцюр і Докшыцкай батлейкі. Аматарскія драматычныя калектывы праводзяць заняткі ў выхадныя дні ў Параф’янаўскім СДК, аўторак і сераду – у Сітцаўскім СДК, чацвер і пятніцу – у Гарадзішчанскім СДК, сераду і пятніцу – у Бярэзінскім клубе-бібліятэцы.
Развіць свае вакальныя здольнасці можна ў народным ансамблі народнай песні “Раніца”, заняткі якога адбываюцца па серадах і пятніцах у ДШМ, у народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” (аўторак і чацвер у ККЗ “Іскра”). У такія ж дні ў ДШМ збіраюцца ўдзельнікі хору ветэранаў.
У выхадныя дні ў Параф’янаўскім СДК адбываюцца рэпетыцыі народнага вакальнага ансамбля “Землякі, у сераду і пятніцу – ансамбля народных інструментаў. Па аўторках і пятніцах сустракаюцца ў Барсукоўскім СДК удзельнікі вакальнай групы “Чабарок”, а таксама фальклорнага калектыву. У Валкалацкім СДК па аўторках і чацвяргах рэпеціруюць вакалісты народнага ансамбля народнай песні “Прызбачка”. Сольныя спевы па серадах і нядзелях развіваюць у Таргуноўскім СДК, па аўторках і суботах – у Парплішчанскім СДК. У панядзелак і нядзелю адбываюцца заняткі вакальнай групы “Дубравушка”, у пятніцу і нядзелю – калектыву эстраднай песні “Жемчужина” Сітцаўскага СДК. У суботу і нядзелю збіраюцца вакалісты ў Прудніцкім СДК, у сераду і нядзелю – у Гарадзішчанскім і Бярозаўскім СДК. Дарослая сольная група ёсць і ў Бярэзінскім клубе-бібліятэцы, заняткі якой адбываюцца па аўторках і суботах. Па аўторках і пятніцах збіраюцца вакалісты ў Крыпульскім СДК.
Калі ж вы любіце танцаваць, то ў райцэнтры вас чакаюць у студыі ўсходняга танца “Заіра” (аўторак і пятніца, ГЦК) і ў калектыве эстраднага танца “Акцэнт” (панядзелак, чацвер, ГЦК). Сёлета адзін раз на тыдзень заняткі па харэаграфіі адбываюцца і ў Парплішчанскай СШ.

Аб’яднанні па інтарэсах

Для тых, хто “баіцца” сцэны або проста не мае мастацкіх талентаў, створаны аб’яднанні па іншых цікавых інтарэсах, як, напрыклад “Народны доктар” і “Камелія” ў Барсукоўскім СДК, “Голас душы” ў Валкалацкім СДК, жаночы клуб “Жемчужина” ў Гняздзілаўскім СДК, “Суседкі” і “Вытокі” ў Таргуноўскім СДК, “Азбука здароўя” ў Парплішчанскім СДК, клуб пчаляроў і аматараў мёду “Залатая пчолка” ў Прудніцкім СДК, “Спадчына” ў Гарадзішчанскім СДК, “45+-5” і клуб нацыянальнай кухні “Смачна есці” ў Крыпульскім СДК.

 

БУККРОСІНГ – кругазварот кніг ва ўсім свеце.
ПОСТКРОСІНГ – кругазварот паштовак ва ўсім свеце.
МОДЗІНГ – калі звыклую або зламаную рэч спрабуюць адрамантаваць або палепшыць яе функцыянальнасць.
ЧЫНДОГУ – вынаходніцтва і стварэнне ўнікальных, цікавых, часам смешных і абсалютна непрактычных рэчаў.
КАРВІНГ – асаблівая нарэзка садавіны і агародніны, якая выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання страў.
ПАРКУР – спартыўна-акрабатычнае захапленне.

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Яўгенія МАЛЕВІЧ

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *