Родной завод стал судьбой для работников предприятий перерабатывающей промышленности Докшицкого района

DSC01078Перапрацоўчая прамысловасць у нашым раёне прадстаўлена Докшыцкім хлебазаводам і вытворчым цэхам Лепельскага МКК. Працоўныя калектывы гэтых прадпрыемстваў адны з самых стабільных у раёне, большасць работнікаў працуе на іх па некалькі дзясяткаў гадоў. Словы, што вынесены ў загаловак, можа сказаць пра сябе кожны з герояў, пра якіх наш перадсвяточны аповед.

Вольга Суднік у школе марыла быць урачом, але медінстытут застаўся недасягальнай марай, а першым прафесійным прыпынкам стаў Пінскі тэхнікум мяса-малочнай прамысловасці. Пасля яго заканчэння ў 1998 годзе вярнулася на малую радзіму ў Докшыцкі раён і пайшла працаваць на малаказавод. Нягледзячы на дыплом, яе спачатку прызначылі прыёмшчыкам малака, потым перавялі на лабаранта. Калі ж дырэкцыя ўпэўнілася ў грунтоўных прафесійных ведах маладога спецыяліста і патрэбных чалавечых якасцях, то дзяўчына атрымала пасаду майстара па выпуску суцэльна-малочнай прадукцыі. У 2008 годзе, пасля таго, як на заслужаны адпачынак пайшла легенда прадпрыемства Ганна Самковіч, пасаду загадчыка лабараторыі прапанавалі Вользе Юр’еўне. Яна ж да гэтага часу ўжо мела дыплом Магілёўскага ўніверсітэта харчавання.
На невялічкі калектыў, які ўзначальвае Вольга Суднік, ускладзена вялікая адказнасць па кантролі за якасцю прадукцыі. Лабаранты Ірына Барысевіч, Алена Багданава і Марына Ляўко правяраюць малако, якое паступае ў цэх з гаспадарак і ад насельніцтва, на кіслотнасць, шчыльнасць, масавую долю тлушчу, ступень чысціні, вызначаюць мікрабіялагічныя паказчыкі, наяўнасць у ім антыбіётыкаў. Вольга Юр’еўна адзначае, што з пачатку года гатункам “экстра” паступіла большая палова сыравіны, а ў кастрычніку і наогул 64 працэнты. Гэта можна растлумачыць тым, што сельгаспрадпрыемствы больш адказна падрыхтаваліся да ўтрымання жывёлы ва ўмовах зімова-стойлавага перыяду. Асабліва прыемна, па яе словах, працаваць з ААТ “Барсучанка”. Засмучае толькі тое, што аб’ёмы змяншаюцца з кожным годам і некалі паўнаводная малочная рака, якая “цякла” на прадпрыемства, зараз ператварылася ў маленькі ручай. Але гэта акалічнасць ні ў якім разе не ўплывае на работу лабараторыі, калектыў якой годна выконвае свае прафесійныя абавязкі. Яго кіраўнік Вольга Суднік сёлета да прафесійнага свята ўзнагароджана Ганаровай граматай ААТ “Лепельскі МКК”.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) В.Ю. Суднік і вопытны лабарант прадпрыемства І.Ч. Барысевіч.

DSC01075Працоўныя біяграфіі электраманцёра Аляксея Ермаковіча і аператара Сяргея Чурко падобныя, як блізняты. Галоўнае, што іх вызначае, – гэта прафесіяналізм і адданасць іх уладароў аднойчы выбранаму калектыву. Абое маладымі хлопцамі пасля службы ў арміі ў 1991 годзе прыйшлі працаваць на Докшыцкі хлебазавод.
Аляксей да гэтага часу закончыў Віцебскі політэхнічны тэхнікум, меў прафесію тэхніка-электрыка, а Сяргей набыў спецыя­льнасць слесара кантрольна-вымяральных прыбораў у Вілейскім вучылішчы. За 25 гадоў працы на прадпрыемстве яны сталі незаменнымі работнікамі.
Аляксей Уладзіміравіч тэхнічна высокаадукаваны спеціяліст і, па словах дырэктара завода Аляксея Байкова, увесь энергетычны складальнік прадпрыемства на ім. З электрычнасцю, дзе б яна ні знаходзілася: у завадскім абсталяванні, у аўтамабілях, у электраасвятленні – ён на “ты”. У час мадэрнізацыі вытворчасці ўсе энергетычныя пытанні праекта вырашаліся завадскімі спецыялістамі. Пры неабходнасці Ермаковіч можа і інжынера-энергетыка замяніць. За добрасумленную бездакорную працу яго прозвішча заносілася на раённую Дошку гонару.
Чалавек ён сур’ёзны, нешматслоўны і вельмі пастаянны. На завод дабіраецца з Крыпуль 25 гадоў і не скардзіцца на нязручнасці, як гэта часцяком робяць іншыя. З нядаўняга часу ездзіць разам з жонкай. Пасля таго, як закрылася Крыпульская школа, дзе Святлана Пятроўна працавала намеснікам дырэктара па гаспадарчай дзейнасці, ёй знайшлося месца прадаўца ў завадской краме “Гарачы хлеб”.
Сяргей Чурко сваю палавінку знайшоў на заводзе. Дачакаўся, пакуль прыедзе працаваць пасля заканчэння інстытута сённяшні начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі, і развітаўся са сваім халасцяцкім жыццём. Зараз Святлана Аляксандраўна працуе над тым разнастайным асартыментам, на які багаты Докшыцкі хлебазавод, а Сяргей Уладзіміравіч у нейкай ступені дапамагае яго выпя­каць. Ён адказвае за работу такога складанага механізма, як склад бястарнага захоўвання мукі. Справа ў тым, што ўжо больш за два дзесяцігоддзі мука ў ёмістасці для замесу цеста паступае са склада па трубах без ніякага ўдзелу чалавека. Сяргей Чурко рэгулюе працэс толькі з дапамогай аўтаматычнага пульта кіравання. Акрамя выканання абавязкаў аператара, ён яшчэ адказвае за работу станцыі абезжалезвання вады, кампрэсарнага і іншага абсталявання. Усюды паспявае, а яго выдатная праца неаднаразова адзначалася кіраўніцтвам.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа)
А.У. Ермаковіч і С.У. Чурко.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *