В Ситцевском сельсовете деревни освобождают от ветхих домов

IMG_4370 IMG_4409 IMG_4435Журналісцкае шчасце – птушка экзатычная і капрызная: бывае, махне крылом і схаваецца за гарызонтам, а то неспадзявана сядзе проста на плячо і адорыць цудоўнай тэмай. Толькі журналісцкім шанцам можна растлумачыць той факт, што ў час чарговай камандзіроўкі, едучы да жыхаркі адной з вёсак Сітцаўскага сельсавета, любуючыся па дарозе яго цудоўнымі краявідамі, у Курдзеках натрапілі на сюжэт, які літаральна прасіўся на старонкі “раёнкі”.

За знаёмай акуратнай хаткай, дзе жыве адзіная на ўсю вёску маладая сям’я Грыгаровічаў, пра якую пісала наша газета, не ўбачылі звыклых рэшткаў былой сядзібы. Каля лесу надрываўся, вурчаў бульдозер, а ля самай дарогі ляжала вялікая, запэцканая граззю бляха. Бачна было, што тут толькі што закончылася вялікая работа, вынікам якой і стала чыстая, роўная пляцоўка. Спыніліся. Пакуль аглядаліся, на трактары пад’ехаў Андрэй Грыгаровіч, выйшла з суседняй хаты яго маці Вольга Аляксееўна, а ў канцы вуліцы паказаліся знаёмыя сельсавецкія “Жыгулі”. І адразу на вясковай вуліцы адбылася імправізаваная нарада па адным з самых актуальных на сёння пытанняў для мясцовай улады – навядзенню парадку на зямлі.
Старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Валерый Палідавец пацвердзіў нашы высновы і расказаў, што сапраўды ўчора, нягледзячы на непагадзь, тут кіпела работа. На бляху закачвалі камяні, рэшткі падмурку, карчы і бульдозерам адцягвалі. Тут бы, канечне, пусціць “Амкадор”, але яго прыдбаць не ўдалося, таму і прыдумалі штукарства з бляхай. Упраўляцца трактарысту Мікалаю Жгутаву дапамагалі Андрэй з бацькам. Яны не спадчыннікі гэтай сядзібы, проста людзі неабыякавыя, і не толькі жадаюць, але і робяць многае, каб іх родная вёска мела жылы, дагледжаны выгляд. Зямлю любяць і апрацоўваюць не адзін гектар. Ачышчаную тэрыторыю таксама будуць засяваць.
Работа на названым участку, у прынцыпе, не была запланавана, але не мог кіраўнік мясцовай улады пакінуць без дапамогі руплівых людзей, якія не страцілі сваёй сялянскай годнасці, не “абраслі” абыякавасцю. Большасць вяскоўцаў цяжка расстаецца са сваімі радавымі гнёздамі. Некалі ж самі рубілі гэтыя хаты, садзілі пладовыя дрэвы, радаваліся наваселлю і першай антонаўцы з яблынькі. Усё гэта абсалютна зразумела, але як бы ні было шкада, а, калі не можаш адрамантаваць дах, што праваліўся ў хляве, паставіць новую сцяну ў лазні ці абрэзаць сад, які ўжо стаў лесам, аддай таму, хто навядзе там парадак. Трымаць сваю сядзібу ў парадку ад кожнага ўласніка патрабуе закон, грамадзянскі доўг і, канечне, уласнае сумленне. Пакуль жа з чмарнікамі, паваленымі платамі, напаўразбуранымі пабудовамі “ваюе” больш за іншых мясцовая ўлада.
Старшыня сельвыканкама лічыць, што перамогай сваю работу ў гэтай “вайне” можна назваць толькі тады, калі вызваленая з палону недагледжанасці зямля будзе абарана і засеяна. Інакш уся дзейнасць па выдаленні дрэў, пабудоў і падмуркаў страчвае смак, і сэнс яе невялікі.
Праехаўшы далей па Новай Вёсцы, Вянюціна, убачылі, што падрыхтаваных да ўключэння ў севазварот участкаў даволі шмат. Чаркасы наогул уразілі сваім чысценькім выглядам. Можна толькі здагадвацца, якіх намаганняў каштавала за даволі кароткі тэрмін зрабіць падобны аб’ём работ з адзінкай тэхнікі з ПМС, за якую старшыня сельвыканкама вельмі ўдзячны Уладзіміру Шульгату, і памочнікамі з замацаваных за населенымі пунктамі арганізацый. Валерый Васільевіч добрым словам адзначае раённы вузел электрасувязі разам з яго начальнікам Віктарам Шаўцовым, Параф’янаўскі ўчастак РУП ЖКГ і яго начальніка Генадзя Кальчынскага, Валкалацкае і Параф’янаўскае лясніцтвы, спажывецкую кааперацыю. Каб усё зробленае атрымала патрэбны фінал, кропку павінна паставіць мясцовая гаспадарка. Хочацца думаць, што яе дырэктара Сяргея Кучко, як патомнага селяніна і даволі неардынарнага чалавека, нягледзячы на цяжкасці, якія перажывае зараз ДП “АграСітцы”, усё ж такі кране за сэрца тое станоўчае, што зрабілі на яго зямлі людзі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Надзея і апора в. Курдзекі – механізатар Андрэй Грыгаровіч.
2. Не дае згоды бабуля ў Лісавічах разабраць вось такую гора-лазню. 3. Чаркасоўскія прасторы.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *