В районе прошёл день Докшицкого сельсовета

Фота А. Варанковіча.

Фота А. Варанковіча.

Дзень Докшыцкага сельсавета пачаўся з аб’езду населеных пунктаў. Першай на маршруце была вёска Лаці, дзе наведзены адносны парадак: амаль паўгектара пустой зямлі ўключана ў агульны севазварот. Зараз ААТ “Таргуны” выкарчоўвае кусты, каб паспець сёлетняй вясной абараць і засе­яць вызвалены ад іх участак. Гэта работа загітавала аднаго са спадчыннікаў адмовіцца ад трухлявай пабудовы і згадзіцца на яе знос. Ёсць усе падставы да таго, што сёлета Лаці набудуць выгляд узорнага населенага пункта. Праведзеную станоўчую работу адзначыў і старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, калі ўдзельнікі мерапрыемства спыніліся ў вёсцы на невялічкую нараду. Далей кіраўнік раёна нечакана для арганізатараў змяніў накірунак маршруту і пажадаў наведаць вёску Янкі, у прыватнасці, тэрыторыю ля СААТ “Хальцымпэкс”. Ужо на месцы, калі ўбачыў усё на свае вочы, выказаў незадаволенасць станам вясковай вуліцы. Кіраўніцтву вышэйназванага прадпрыемства, а таксама ААТ “Таргуны”, прапанаваў прыспешыць з разбіраннем будынка былой фермы і паклапаціцца аб хутчэйшым навядзенні парадку ў гэтым куточку вёскі.

Праведзеная работа была бачна ў Рашкаўцы, Камайску, дзе разабрана больш за 10 трухлявых пабудоў. Прываблівае сваім выглядам вёска Лапуты, парадак у аграгарадку Барсукі. Разам з тым, на думку старшыні райсавета дэпутатаў В.У. Сівіцкай, кіраўніку мясцовай улады разам з замацаванымі арганізацыямі, адказнымі службовымі асобамі і актывам, маюцца на ўвазе дэпутаты сельскага Савета і старэйшыны, трэба далей наводзіць парадак у вёсках Восава, Туркі, разабрацца з доўгабудоўлямі ў Лапутах і Чырвоным Беразіно, прасачыць за чысцінёй на асабістых падворках грамадзян.

Як паведаміў старшыня Докшыцкага сельвыканкама А.В. Сценнік, сёлета плануецца завяршыць культуртэхнічныя работы не толькі ў вёсцы Лаці, але яшчэ і ў Шантарах. Пустыя ўчасткі ўключыць у севазварот. Абараць і засеяць пасля раней праведзеных культуртэхнічных работ участкі ў Дубавым і Козіках. Ліквідаваць восем падмуркаў у вёсцы Восава, тры – у Камайску. Завяршыць работу па зносе пабудоў у гэтых населеных пунктах, а таксама ў Козіках і Дубавым.

У час прыёму грамадзян жыхар вёскі Барсукі выказаў пажаданне, каб менавіта ля яго сядзібы камунальнікі ўстанавілі кантэйнер для смецця. У Падомхах папрасілі завяршыць падсыпку вуліцы, у Камайску – зрабіць рамонт у доме, які належыць сельгаспрадпрыемству. У вёсцы Дубавое ў час маразоў выходзіць са строю нядаўна ўстаноўленая воданапорная калонка. Вяскоўцы папрасілі, каб за лета яе падрыхтавалі да наступнага зімовага сезона. Усе ўзнятыя пытанні будуць вывучаны і пры неабходнасці вырашаны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *