Июль традиционно собрал вместе любителей скорости и экстрима в Докшицах (+ ФОТО)

img_0832

Ліпень традыцыйна сабраў разам аматараў хуткасці і экстрыму ў Докшыцах – у мінулыя выхадныя адбыліся адкрытыя асабіста-камандныя спаборніцтвы па картынгу, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 610-годдзю Докшыц. Вельмі прыемна, што наша каманда зноў узнялася на п’едэстал. Дзякуючы старанню і прагі да перамогі кожнага докшыцкага гоншчыка, яна заняла другое месца.

no images were found

Сёлета за кубкі і медалі спрачаліся як даўнія сябры – прадстаўнікі картынгавых цэнтраў Полацка, Лепеля, Глыбокага, Магілёва, Оршы, Ушач і Наваполацка, — так і дэбютанты дадзенага мерапрыемства — юныя гоншчыкі з Салігорска. На ўрачыстым адкрыцці спартсменаў віталі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі і старшыня Глыбоцкага ГА ДТСААФ Максім Алексін.
Наладзіцца на пазітыў спартсменам дапамаглі дзяўчаты з узорнай вакальнай студыі “Тоніка”, і паветра прасяк роў матораў. Удзельнікі розных класаў змянялі адзін аднаго на старце. Заўзятары перабягалі ад адной кропкі да другой па ўсім перыметры трасы і гучна спрабавалі перакрычаць падобны на чмяліны гул. Калі самыя малыя ўдзельнікі асабліва не разганяліся, то “старшакі” накручвалі кругі, здавалася, на неймавернай хуткасці.
— Хуткасць залежыць ад класа. Напрыклад, у «Папулярным» яна можа дасягаць 100 кіламетраў у гадзіну, – раз’ясніў трэнер докшыцкіх картынгістаў Мікалай Стадольнік. – Увогуле ж, сучасны карт дазваляе давесці яе да 260 км/г.
Каманду Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі прадставілі не толькі вопытныя кіроўцы Аляксей Каляга, Канстанцін Стадольнік, Уладзіслаў Сасноўскі, Вячаслаў Нагурный, Максім і Дзяніс Чымпой, а і пачынаючы картынгіст Ян Шульгат. Яго дэбют адбыўся не так даўно на спаборніцтвах у Лепелі. Першакласнік загарэўся прагай хуткасці ў пяцігадовым узросце, калі разам з бацькамі перажываў за докшыцкую каманду на такім жа мерапрыемстве. Сёлета яго мара здзейснілася – яго прынялі ў мясцовую сям’ю гоншчыкаў. Пакуль яго галоўная задача на спаборніцтвах – даехаць да фінішу, каб набраць балы камандзе. І, канечне, атрымаць вопыт, з якім і ісці да перамог. І Ян не падвёў.
Парадавалі докшыцкія пілоты і ў асабістых заездах: другое і трэцяе месца заваявалі ў класе “Папулярны” Уладзіслаў Сасноўскі і Канстанцін Стадольнік адпаведна.
З годнымі перамогамі спартсменаў павіншаваў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Словы падзякі ён адрасаваў арганізатарам мерапрыемства і самым галоўным натхняльнікам і заўзятарам – бацькам. Алег Леанідавіч адзначыў, што, дзякуючы любым спаборніцтвам, дзеці вучацца дысцыпліне, фарміруюць характар, шліфуюць майстэрства і з карысцю бавяць вольны час.
Акрамя кубкаў, дыпломаў і медалёў картынгісты атрымалі памятныя падарункі ад спонсараў спаборніцтва: ЧУП “АўтаКУРАЖ” і РК ГА “БРСМ”.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *