Продавец из Докшиц обслуживает посетителей и пишет стихи

bez-imeni-1У сістэме спажывецкай кааперацыі Ала Юркова (на здымку) працуе ўжо каля трыццаці гадоў. Заўсёды ветлівая, з прыязнай усмешкай, яна сустракае пакупнікоў у краме “Дзяжурная”. Прафесію сваю вельмі любіць не толькі за магчымасць кожны дзень мець зносіны з людзьмі, і за дружны, зладжаны калектыў.

Пасля школы Ала пайшла вучыцца ў Полацкі гандлёва-тэхналагічны тэхнікум па спецыяльнасці таваразнаўства і арганізацыя рознічнага гандлю. Першым месцам працы стала невялікая крама ў Рашкаўцы. Набыты там вопыт удасканальвала ва ўнівермагу, цэнтральным універсаме. Пасля дэкрэтнага водпуску прапанавалі ісці прадаўцом у краму “Заазёрная”. У гэтай гандлё­вай кропцы абслугоўвала пакупнікоў 15 гадоў. Зараз жа адпускае тавар у краме “Дзяжурная”.
– Мінулы год для калектыву крамы «Дзяжурная» стаў своеасаблівым іспытам на ўменне працаваць ва ўмовах канкурэнцыі, – гаворыць Ала Васілеўна. – Пасля адкрыцця па-суседству “Дабранома” нам трэба было прымаць кардынальныя меры, каб не страціць сваіх пакупнікоў. Таму сумесна з камерцыйнай службай райста былі вызначаны найбольш запатрабаваныя сярод пакупнікоў групы тавараў, пашыраны іх асартымент, зніжаны цэны на 10-20 працэнтаў, прадстаўлены акцыённыя тавары на палетнай выкладцы. Для нарошчвання аб’ёмаў тавараабароту гандлявалі на гарадскім рынку, выязджалі ў сельскія населеныя пункты. У нашай краме заўсёды шырокі выбар малочнай прадукцыі розных пастаўшчыкоў, свежы хлеб і хлебабулачныя вырабы, а таксама прадукцыя ўласнай вытворчасці. У шырокім асартыменце і па самых нізкіх цэнах прадстаўлены макаронныя вырабы, мука, алей і гародніна. Таму запрашаем у краму “Дзяжурная”, а нашы прадаўцы зробяць усё магчымае, каб пакупнікі засталіся задаволеныя.
На банальнае пытанне, у якой прафесіі яшчэ змагла б сябе рэалізаваць, Ала Васілеўна ўпэўнена адказвае, што была б настаўніцай беларускай мовы.
– Пасля заканчэння Докшыцкай школы збіралася паступаць вучыцца на педагога, – гаворыць прадавец шостага разраду, – бо адным з любімых прадметаў была родная мова, якую ведала нядрэнна. Здольнасці ж дапамагла развіць любімая настаўніца Фаіна Андрэеўна Юнцэвіч. Менавіта дзякуючы ёй сёння свабодна магу размаўляць па-беларуску з пакупнікамі, і, што самае галоўнае, ім гэта падабаецца.
Дарэчы, на аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці “Таленты Докшыччыны” Ала Юркова была адзначана дыпломам. На суд гледачоў яна прэзентавала аўтарскі твор пра любоў да роднага горада і заняла другое месца. А яшчэ па просьбе кіраўніцтва райста напісала верш, прысвечаны 100-годдзю Белкаапсаюза, з якім летась выступіла на абласным аглядзе-конкурсе мастацкай сама­дзейнасці ў Полацку і таксама заняла прызавое месца.
Акрамя сваіх асабістых поспехаў, Ала радуецца і поспехам сыноў. Сапраўдны гонар баць­коў – старэйшы Андрэй, які вучыцца на трэцім курсе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, сёлета юнак удзельнічаў у ваенным парадзе на Дні Незалежнасці. Малодшы, Мікіта, пакуль вучыцца ў школе, але прыносіць дамоў выключна добрыя адзнакі.

Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *