Эксклюзив: Тот самый Леонид Якубович прилетел в Бегомль с подарками (+ ФОТО, ВИДЕО)

Паверыць у тое, што 31 жніўня адбылося ў Бягомлі, практычна немагчыма, але гэта ўжо гістарычны факт. А 11 гадзіне ў гарпасёлку прызямліўся верталёт, за штурвалам якога знаходзіўся…Леанід Якубовіч. Той самы Леанід Аркадзьевіч з тэлеперадачы “Поля цудаў”, на якой вырасла не адно пакаленне тэлеглядачоў.

Ніякай пазаштатнай сітуацыі не ўзнікла. Справа ў тым, што вядомы расійскі шоўмэн, акцёр, сцэнарыст, пісьменнік і прадзюсар па запрашэнні начальніка Мінскага аэраклуба ДТСААФ Мікалая Мачанскага здзейсніў дабрачынны візіт напярэдадні 1-га верасня да выхаванцаў Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната, дапамогу якой аэраклуб аказвае некалькі гадоў запар.

Нібы той чараўнік, праўда не з дывана-самалёта, а з зялёна-жоўтага верталёта, пілот Якубовіч дастаў некалькі пакетаў-халадзільнікаў з марозівам, а таксама канцылярскія тавары для дзятвы. За ганаровым госцем тут жа пад’ехала Газель, каб падвезці яго да школы-інтэрната, аднак Леанід Аркадзьевіч не стаў чынна размяшчацца ў якасці пасажыра. Ён папрасіўся за руль і праехаў па вуліцах Бягомля.

З хлебам-соллю гасцей сустрэлі дырэктар школы-інтэрната Валерый Міхайлоўскі і педагагічны калектыў, а таксама старшыня райсавета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна.

Літаральна на школьнай пляцоўцы ў цёплай сяброўскай абстаноўцы Леанід Якубовіч і Мікалай Мачанскі пагутарылі з бягамальчанамі, якія шчыльным колам абступілі гасцей, а затым пачаставалі дзятву марозівам. Тыя ж, у сваю чаргу, аддзячылі канцэртнымі нумарамі проста пад адкрытым небам, а імправізаванай сцэнай стала палуба карабля, які некалькі гадоў таму таксама ў межах дабрачыннай акцыі быў змайстраваны для школы.

Просьбы даць аўтограф і  зрабіць сэлфі сыпаліся з усіх бакоў, і Якубовіч не адмовіў нікому. На памяць дзеці падарылі тэлевядучаму свае работы і сказалі дружны шчыры: “Дзякуй!”.

Апісаць тое, што адбывалася ў гэты дзень у двары школы-інтэрната можна адным трапным выразам: “неверагодны пазітыў”. Падхапілі яго і мы, журналісты раёнкі, ад велізарнага прафесіянала сваёй справы, які выглядаў і вёў сябе выключна дэмакратычна, шчыра і тактоўна. А таму дзякуй вам, Леанід Аркадзьевіч, за жыццёвы ўрок чалавечнасці.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Фота аўтара і В. Чарвінскага.

img_4374

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *