В Докшицком районе большое внимание уделяется благоустройству воинских захоронений
Памяць пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны – гэта тое, што аб’ядноўвае пакаленні і жыве ў сэрцы кожнага беларуса.
У нашым раёне ўдзяляецца вялікая ўвага добраўпарадкаванню і рамонту воінскіх пахаванняў і брацкіх магіл, што даказваецца канкрэтнымі фінансавымі справамі: сёлета з раённага бюджэту на гэтыя мэты было выдаткавана 19 500 рублёў.
Частка сродкаў пайшла на абнаўленне помніка ў вёсцы Улессе Бягомльскага сельсавета. Гэта месца смутку, дзе пахаваны мірныя жыхары, загінулыя ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады ваеннага ліхалецця.
У апошнія жнівеньскія дні рамонтныя работы распачаліся ў райцэнтры. Зараз над абнаўленнем знакавага месца – пахавальнага комплексу, дзе размешчаны помнік Герою Савецкага Саюза Івану Сцяпанавічу Палявому, працуюць работнікі філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.
На аб’екце задзейнічана вопытная брыгада: рабочыя Дзяніс Шыталь, Аляксандр Малашонак, Сяргей Махонь і вадзіцель Аркадзій Карніловіч. Будаўнікі ўжо завяршылі першы этап – акуратна дэманціравалі старое плітачнае пакрыццё, якое з цягам часу стала непрыглядным. Умацавалі канструкцыі: атынкавалі элементы помніка з выкарыстаннем спецыяльнай арміруючай сеткі, каб абараніць манумент ад дажджлівага і марознага надвор’я. Зараз займаюцца абліцоўваннем – укладваюць сучасную дэкаратыўную плітку карычневага колеру – бесер. Матэрыял ідэальна падыходзіць для аднаўленчых работ і павінен надаць помніку яшчэ больш велічны выгляд.
Наступны ў раёне памятны аб’ект, які плануецца адрамантаваць, – Брацкая магіла воінаў і партызан у вёсцы Вітунічы Бярозкаўскага сельсавета.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

