В Парафьяново выбрали властелина села (+фото)


Cвой падворак прэзентуе сям'я Фролаў.

Cвой падворак прэзентуе сям’я Фролаў.

У мінулую суботу ў аграгарадку Параф’янава было “горача” не толькі ад па-летняму цёплага надвор’я, але і ад вясёлага, шумнага мерапрыемства, у час якога маладыя сем’і змагаліся за тытул “Уладар сяла”. Сёлета ў конкурсе прымалі ўдзел пяць працавітых, творчых, энергічных і таленавітых сем’яў: Абуховічы з аграгарадка Крулеўшчына, Альфяровічы з вёскі Вецяра, Фролы з аграгарадка Сітцы і гаспадары конкурсу, сем’і Ясюлевічаў і Татарчукоў з Параф’янава.

Напачатку мерапрыемства з уступным словам да ўсіх звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, якая з радасцю прывітала ўсіх прысутных, адзначыла, што колькасць сем’яў, якія б хацелі паўдзельнічаць у конкурсе, з кожным годам павялічваецца, а таксама пажадала ўсім удзельнікам поспеху.

Спаборніцтва пачалося з творчага конкурсу “Вітаем па-беларуску”, падчас якога ўдзельнікі змаглі і на другіх паглядзець, і сябе паказаць. Усе творча падышлі да гэтага этапу: са сцэны гучалі прыпеўкі, вершы, песні, якія шчыра віталі гледачы і заўзятары.

У народзе кажуць: “Па гнязду відаць, якая птушка”. Гэта выслоўе як нельга лепш тлумачыла конкурс, дзе сем’і-ўдзельніцы прэзентавалі свае сямейныя падворкі. Драўляная брама, па-майстрэску зробленая Ігарам Абуховічам, адразу выдзялялася сярод іншых падворкаў, а яго цудоўныя карціны выклікалі захапленне ў прысутных. Выстава Фролаў адрознівалася шматлікімі спартыўнымі ўзнагародамі, якія належаць гаспадару сям’і Андрэю. “Фішкай” падворка Дзмітрыя і Веранікі Татарчукоў стала хатняя жывёла: сужэнцы займаюцца развядзеннем трусаў, і гэтыя маленькія шэрыя камячкі сабралі вакол сябе не толькі дзяцей, але і дарослых. Асаблівасцю падворка сям’і Ясюлевічаў сталі малюнкі іх дачкі Вікторыі.

Пераможцы конкурсу — сям’я Ясюлевічаў.

Пераможцы конкурсу — сям’я Ясюлевічаў.

Дзмітрый і Вераніка Татарчукі зладжана рэжуць  дровы.

Дзмітрый і Вераніка Татарчукі зладжана рэжуць дровы.

Сям’я Абуховічаў на сваім падворку.

Сям’я Абуховічаў на сваім падворку.

Сужэнцы Альфяровічы “становяцца на лыжы”.

Сужэнцы Альфяровічы “становяцца на лыжы”.

Прэзентаваўшы сябе як выдатных гаспадароў, старэйшыя прадстаўнікі сем’яў накіраваліся па спецыяльным маршруце, дзе іх чакала шмат цікавых і арыгінальных конкурсаў. Дзеці тым часам стваралі малюнкі на тэму “Мама, тата, я – дружная сям’я”.

Найбольш цікавым і багатым на разнастайныя этапы стаў конкурс “Вясковая эстафета”, у якім мужчыны бегалі дыстанцыю з ухватам, спавівалі дзіця, пераносілі вёдры з вадой, а пасля і сваю гаспадыню. Жанчыны павінны былі аддзяліць цыбулю ад часнаку, а таксама забіць цвік у бервяно. Хоць снегу на свяце не было, але ж падчас аднаго з конкурсаў сужэнцы павінны былі прайсці эстафету, абуўшыся ў лыжы. Конкурсы “Майстар” і “Сельскае асарці” дапамаглі вылучыць найбольш хуткіх гаспадароў: моцная палова рабіла насечкі на бервяне, што аж трэскі ляцелі, жанчыны займаліся нарыхтоўкай садавіны. Акрамя гэтага, сем’і разам хадзілі “па дровы”, дзе павінны былі напіла­ваць, насекчы дроў і скласці іх у асобным месцы, а таксама касілі траву падчас чарговага конкурсу “Касцы”. Бульба – наш другі хлеб, таму адзін з конкурсаў быў звязаны з гэтай агароднінай. Мужчыны стараліся патрапіць бульбінай у вядро, а жанчыны павінны былі перакаціць яе з аднаго месца на другое, карыстаючыся толькі драўлянай палачкай.
Відовішча было дынамічным і захапляльным. Сем’і прахо­дзілі маршрут адначасова: выканаўшы адно заданне, імкліва рухаліся далей – лік ішоў на хвіліны. Напрыканцы ўсе стаміліся і ў чаканні вынікаў з радасцю адпачывалі, слухалі песні ў выкананні самадзейных артыстаў.

Усе сем’і былі адзначаны граматамі і атрымалі добрыя падарункі, а ў тройцы лідараў апынуліся наступныя ўдзельнікі: сям’я Фролаў заняла трэцяе месца, на другім месцы – сям’я Татарчукоў. Тытул “Уладар сяла” атрымала сям’я Ясюлевічаў.

– Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім удзельнікам, – падвяла вынік мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. – Спадзяюся, што натхненне, якое суправаджала вас падчас конкурсу, застанецца з вамі, а гэта спаборніцтва яшчэ больш аб’яднае і згуртуе.

Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *