В Витуничском лесничестве Докшицкого района открыли новый административный дом (+ ФОТО)

img_5615Шыкоўны падарунак атрымаў калектыў Вітуніцкага лясніцтва напярэдадні прафесійнага свята. У мінулую пятніцу адбылося ўрачыстае адкрыццё новага адміністрацыйнага будынка. Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Алег Пінчук, генеральны дырэктар Віцебскага ДВЛГА Сяргей Даніловіч, дырэктар ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Аляксандр Давідовіч (на здымку).

Звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама выказаў удзячнасць абласному лесагаспадарчаму аб’яднанню за падтрымку пры будаўніцтве аб’екта, якое было распачата яшчэ былым дырэктарам лясгаса, а зараз генеральным дырэктарам Брэсцкага ДВЛГА Аляксеем Пракопавым і завершана сённяшнім кіраўніц­твам установы. Алег Леанідавіч пажадаў калектыву Бягомльскага лясгаса, які сёлета занесены на рэспубліканскую “Дошку гонару”, і надалей утрымліваць высокі ўзровень дзейнасці.
Кіраўнік лясной галіны вобласці Сяргей Даніловіч прызнаўся, што пабываць на адкрыцці Вітуніцкага лясніцтва – справа асабістага гонару, бо Вітунічы – яго маленькая радзіма.
– Хоць я і жыў у Вітунічах да першага класа, а потым бацьку перавялі на работу ў Докшыцы, – падзяліўся Сяргей Аляксандравіч, – заўжды адчуваю сябе ў гэтай вёсцы не ў гасцях, а дома. Дарэчы, гэты прыгожы, сучасны, функцыянальны аб’ект, адзін з узорных у галіне, дзе ўсё прадумана да дробязей, нават пытанні энергаэфектыўнасці, пабудаваны менавіта на месцы той старой школы. Такім адміністрацыйным будынкам можна ганарыцца.
У падарунак ён перадаў камп’ютарную тэхніку.
Аляксандр Давідовіч, які ў свой час працаваў ляснічым у Вітунічах, паведаміў, што створана лясніцтва было ў 1960 годзе, столькі ж гадоў і былому адміністрацыйнаму будынку. Калектыў увесь час быў адным з лепшых у лясгасе.
Старшыня Бярозкаўскага сельвыканкама Таццяна Славікоўская падзякавала лесаводам за той вялікі аб’ём работы, які яны выконваюць па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Бярозкаўскага сельсавета, а ляснічы Сяргей Трахінін расказаў, што, акрамя камфортных кабінетаў ляснічага і яго памочніка, майстроў лесу і бухгалтара, добраўпарадкавана тэрыторыя лясніцтва, пабудаваны гаражы на чатыры машына-месцы, пункт супрацьпажарнага інвентару, кацельная, абуладкавана зручная стаянка. Малады ляснічы шчыра прызнаўся, што такі важкі падарунак для калектыву — гэта вялікі давер і не меншая адказнасць.
***
У другой палове дня ўжо ў Бягомлі адбылася ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята работнікаў лясной гаспадаркі. На ім Ганаровая грамата Мінлясгаса была ўручана памочніку ляснічага Параф’янаўскага лясніц­тва Андрэю Зінкевічу. Грамату і Удзячнасць галіновага міністэрства атрымалі вальшчык майстарскага ўчастка №2 Сяргей Радзюк і начальнік цэха дрэваапрацоўкі Аляксандр Юхнавец.
Ганаровай граматай Віцебскага ДВЛГА ўзнагароджаны станочнік Аляксандр Пусташыла, галоўны бухгалтар Галіна Аўтушка, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алена Вішнеўская, вальшчык Аляксандр Бобрык. Граматай Віцебскага ДВЛГА адзначана праца галоўнага інжынера Алега Якубовіча, начальніка гадавальніка Аляксандра Ярашэвіча.
Удзячнасць генеральнага дырэктара абласнога ДВЛГА аб’яўлена бухгалтару Наталлі Церах.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *