Мама с большой буквы из деревни Барсуки Докшицкого района

img_8871Мацярынства – вялікі дар, падуладны не кожнаму. Але нарадзіць дзіця – гэта яшчэ не значыць стаць сапраўднай маці. Трэба выгадаваць таго, хто так патрабуе цеплыні і пяшчоты, стаць дастойным прыкладам для яго. Алена Гарохава з Барсукоў – мама з вялікай літары. Выгадавала дзвюх прыгожых дачушак і зараз дорыць мацярынскую цеплыню яшчэ дваім дзецям, якіх таксама лічыць сваімі.

З гэтай актыўнай, жыццялюбівай жанчынай мы сустрэліся ў адну з лістападаўскіх нядзель, бо ўсе астатнія дні тыдня ў Алены Анатольеўны вельмі загружаныя. Яна працуе прыбіральшчыцай у Доме культуры, але, як творчы чалавек, удзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах, спявае ў музычным калектыве “Чабарок”. Толькі чым бы яна ні займалася, яе любыя сонейкі-дзеці, а таксама дзве маленькія ўнучачкі, з’яўляюцца галоўнымі ў яе сэрцы.
Нарадзілася Алена ў Латвіі, жыла ў дружнай сям’і разам з братам Толем і сястрой Марынай. У пачатку дзевяностых разам з мамай і дачушкай Алачкай прыехала ў Беларусь і пасялілася ў Барсуках, тут жа ў Алены нара­дзілася другая дачка – Ганна.
Аленіна мама – выхавацель, як кажуць, ад Бога: з дзяцінства прывівала любоў да працы, вучыла быць адказнымі і самастойнымі. Таму не дзіва, што ў сям’і Макаравых заўсёды гучаў дзіцячы смех. За сваё жыццё Ала Альбертаўна, акрамя сваіх дзетак, гадавала іншых. Усе яны – былыя выханцы інтэрната, жылі ў згодзе з роднымі дзецьмі і вельмі паважалі матулю, цанілі яе і любілі, нягледзячы на тое, што Ала Альбертаўна даволі строга іх выхоўвала. Вось і зараз, стварыўшы свае сем’і, абавязкова заязджаюць у Барсукі да людзей, якіх працягваюць называць мамай і сёстрамі.
Не дзіва, што і Алена, і яе старэйшы брат Анатоль прынялі рашэнне ўзяць на выхаванне прыёмных дзяцей. Яны добра разумеюць словы “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”, дораць дзеткам усю сваю любоў і клопат і дапамагаюць ім адбыцца ў жыцці.
– Калі дачушкі выраслі і паехалі вучыцца, у хаце стала сумна. Зразумела, што ў такой цішыні можна звар’яцець. Трэба было абавязкова вярнуць у гэтыя сцены дзіцячую гаману і гульні, – гаворыць Алена Анатольеўна і, кінуўшы позірк на прыгожага сціплага хлопчыка, дадае: – Я шчаслівая, што ў мяне з’явіўся Андруша, і нават не верыцца, што некалі ён быў непаслухмяным.
Андрэй трапіў у сям’ю пяць гадоў таму. Жанчына прызнаецца, што перыяд адаптацыі быў складаны. Але зараз хлопчык вядзе актыўнае жыццё: цікавіцца інфарматыкай, захапляецца валейболам і тэнісам, прыслужвае ў касцёле.
– Андрэйка – гэта мая правая рука, – працягвае расповед задаволеная маці. – Усё ўмее рабіць і з радасцю дапамагае спраўляцца з хатнімі клопатамі і гаспадаркай. Напачатку дапамагаў мне даглядаць Дзіяну, а зараз і яна пакрысе становіцца самастойнай. Так?
Жанчына звяртаецца да русавалосай дзяўчыны, якая ся­дзіць тут жа, на стуле са спінкай. Дзіяне шаснаццаць, і, на першы погляд, яна нічым не адрозніваецца ад іншых падлеткаў, але абставіны яе з’яўлення ў сям’і мама Алена без слёз успамінаць не можа.
Родная маці Дзіяны памерла вельмі рана, і дзяўчынка выхоўвалася ў бабулі з дзядулем. Хворая ад нараджэння, яна патрабавала шмат увагі. Клапатлівая бабуля песціла сваю любімую ўнучачку, але з цягам часу злёг дзед, ды і бабка аслабла. Спецыялісты з сектара аховы дзяцінства вырашылі аддаць дзяўчынку ў сям’ю Гарохавых, дзе Дзіяну адразу акружылі клопатам: змайстравалі ў кватэры поручні для больш зручнага перамяшчэння па пакоях, у двары зрабілі месца дзеткам для гульняў. Гэта пастараўся Юрый Гарохаў.
Восем месяцаў прайшло з той пары, як Дзіяна ўпершыню пераступіла парог кватэры Гарохавых. За гэты час дзяўчынка вельмі змянілася, стала больш жыццярадаснай.
– Алена Анатольеўна – выхавацель з вялікай літары, – сцвярджае галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства Ганна Раманенкава. – Яна нераўнадушная да сваіх абавязкаў, не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых, любіць і шчыра клапоціцца пра іх. У гэтай сям’і сапраўды ёсць сям’я.
Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у першым ра­дзе (злева направа):
Ала Макарава, Дзіяна,
Алена Гарохава;
у другім радзе (злева направа): Ала і Андрэй.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *