Как прошёл день со страховым агентом в Докшицком районе

Рабочы дзень пачынаецца.

Рабочы дзень пачынаецца.

Прафесія страхавога агента мае на ўвазе пастаянны кантакт з людзьмі, работу з грашыма і з бланкамі строгай справаздачнасці. Галоўны абавязак такога спецыяліста – расказаць кліенту пра віды страхавання, зацікавіць, растлумачыць, наколькі важна мець страхавы поліс, а таксама ўважліва сачыць за працягам дагавора.

Зоя Паплёўка, да якой удалося напрасіцца ў “суправаджэнне”, у страхавой сферы ўжо без малога дваццаць два гады. Больш за яе ў прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Докшыцкім раёне працуюць толькі страхавыя агенты Святлана Сіўко і Аляксандр Юхнавец. Напачатку цікаўлюся ў дырэктара прадстаўніцтва Віктара Жакаўкі, якія дзелавыя і чалавечыя якасці неабходна мець агенту, ці патрэбна спецыяльная адукацыя.
– У прынцыпе, на такую пасаду мы можам браць чалавека з любой адукацыяй, – гаворыць Віктар Мікалаевіч. – Адразу вызначыць, ці стане прэтэндэнт добрым супрацоўнікам, немагчыма – пакажа толькі час. У нейкай ступені дапамагаюць тэсты, якія праходзяць навічкі, але і яны абсалютнай гарантыі не даюць. Так што шанс стаць страхавым агентам ёсць у любога дастаткова адукаванага чалавека. Наяўнасці дыплома па дадзеным накірунку мы не патрабуем, хаця ў шэрагу ВНУ ёсць кафедра страхавой справы. А вось пэўная адукацыя ў галіне псіхалогіі, педагогікі, эканомікі – як, па вялікім рахунку, амаль у любой сферы – думаю, не перашкодзіць, так жа, як і наяўнасць вопыту работы з людзьмі. Страхавы агент абавязкова павінен быць, калі разглядаць яго як спецыяліста, граматным, працаздольным, ініцыятыўным і адказным, а як чалавек – камунікабельным, мабільным, энергічным, лёгкім на пад’ём і разам з тым вытрыманым і цярплівым.

Пра важныя дробязі ў рабоце страхагента
На пачатку рабочага дня Зоя Віктараўна, у якой гатовы план у галаве, да якіх кліентаў трэба накіравацца, робіць кантрольны “абзвон”: ці будуць на месцы. Пасля гэтага адпраўляемся ў “паход” па арганізацыях, установах і жылых дамах.
Найперш мой куратар аглядае, як я абутая. Тлумачыць: абутак павінен быць лёгкім і зручным, на невысокіх абцасах, бо за дзень часам прыходзіцца накруціць значны кіламетраж . Што там праславутыя дзесяць тысяч крокаў! – смяецца. І дадае:
– На зары сваёй страхавой дзейнасці я спрабавала купляць танныя боцікі, красоўкі ці туфлі. Шкада было збіваць даражэйшыя мадэлі, ма­чыць іх у непагадзь, аддаваць на з’ядзенне солі на зімовых вуліцах і дарогах. Але затым падлічыла частату пакупак таго бюджэтнага абутку, і выявілася, што лепш ад-
даць грошы на даражэйшы і больш якасны – носіш нашмат даўжэй.
Яшчэ Зоя Віктараўна адзначыла, што ў страхавога агента павінен быць тэлефон з вялікім аб’ёмам памяці. Не бу­дзеш жа кожны раз у папяровых спісах шукаць патрэбны нумар кліента. Таму ўсе яны знаходзяцца ў кантактах, часта адзін чалавек можа быць запісаны тройчы – нумары стацыянарнага тэлефона і мабільныя. Можаце ўявіць сабе, колькі імён у кантактах жанчыны, калі страхаваннем яна займаецца ў Докшыцах – па вуліцы Палявога, у раёне катэджавых забудоў у напрамку Параф’янава, шэрагу завулкаў, а таксама заключае дагаворы страхавання ў Валкалатах і каля дзясятка прылеглых вёсак.

Пра асаблівасці прафесіі
Афіцыйна графік рабочага дня ў страхавога агента традыцыйны: з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед. Але прытрымлівацца яго выпадае не заўсёды. Зразумела, неабходныя восем гадзін адпрацоўваюцца абавязкова, але, каб заключыць дагавор, прыходзіцца ісці ва ўсім насустрач кліентам: наведвацца зранку, да работы, пасля ці ў абедзенны час – па дамоўленасці. Паехаўшы ў вёску, немагчыма разлічыць час, які давядзецца там прабыць. Пажылым людзям, напрыклад, і пагаварыць хочацца. За столькі гадоў працоўнай дзейнасці Зоя Віктараўна для многіх стала блізкім чалавекам. Кажа, людзі ідуць насустрач: калі суседу не выпадае заплаціць патрэбную суму, закладваюць за яго. “Ён жа побач, атрымае пенсію – ­адд­а­сць­­, а табе ж кожны раз не наездзіцца”, – шкадуюць.
Сапраўды, шчы­расць і адкрытасць Зоі Паплёўка, яе ўменне ладзіць дыялог, даступна даносіць людзям патрэбную інфармацыю, дар пераканання і шмат іншых, такіх патрэбных для яе роду дзейнасці, якасцей дапамагаюць у рабоце.
– Не магу сказаць ніводнага дрэннага слова ў адрас маіх кліентаў, якіх я выдатна вывучыла за многія гады. Вядома, ёсць такія, што самі тэлефануюць, хвалююцца, ці не пара ўжо рабіць узнос, а ёсць тыя, каму пра гэта неабходна напомніць, часам неаднаразова. Тым не менш, заўжды прыходзім да кансэнсусу. Людзей можна зразумець: у асноўным, плацячы грошы, яны атрымліваюць за іх нейкі тавар. Мой жа немагчыма патрымаць у руках і выкарыстаць практычна, але ж я прапаную кліентам своеасаблівыя ‘‘лекі ад страху’’, гарантыю, што, калі раптам у іх жыцці здарыцца непрыемнасць, яны не пазбавяцца ўсяго і адразу і не застануцца сам-
насам з бядой, атрымаюць падтрымку ад дзяржавы.
Цяжкасці? Зоя называе іх выдаткамі прафесіі. Бывае складана патрапіць у дом, бо пажылы чалавек зачыняецца знутры, а слых ужо падводзіць, – тут, як супрацоўнік рэдакцыі, падпісваюся абедзвюма рукамі. Бывала, што раптоўна накідваўся сабака. А яшчэ часам чалавек абяцае чакаць, прыходзіш – а яго няма дома, забыўся.
Такія размовы мы вядзём па дарозе, у перапынках паміж тэлефоннымі званкамі і непасрэдна наведваннем кліентаў. Каб людзям не было няёмка, прадстаўляюся агентам-стажорам. Не ўсюды праходзіць: дзе пазнаюць, дзе глядзяць насцярожана і хвалююцца: “А што, Зоечка, цяпер ужо не ты нас страхаваць будзеш?” Выклікаюць падазрэнні і мае пытанні пра тое, якімі, на думку кліентаў, якасцямі абавязкова павінен вало­даць страхавы агент і што ў яго рабоце адпрэчвае. Тым не менш адказваюць: станоўчае – неабыякавасць да іх праблем і прафесіяналізм, адмоў­нае – празмерная напорыстасць, назойлівасць, няўпэўненасць у адказах і ўхіленне ад іх. Тут жа адзначаюць маю “супрацоўніцу” толькі са станоўчага боку.
Стомленасць у нагах адчулася ўжо ў 11 га­дзін. Накіроўваемся ў будынак прадстаўніцтва. Зоя Віктараўна засядае за афармленне дакументаў, напісанне справаздач – канец месяца. Да абеду яшчэ двое кліентаў прыходзяць да яе самі. Пасля абеду працуем па тым жа распарадку. Застрахаваць аўтамабіль кліента – апошняя кропка ў рабочым дні Зоі Паплёўка. Яна паставіць яе ўжо без мяне, пасля васьмі гадзін вечара.

Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *