Свою малую родину помнят бывшие жители Докшицкого района

У калодзежнай вады – смак дзяцінства...

У калодзежнай вады – смак дзяцінства…

Праязджаючы ў час журналісцкай каман­дзіроўкі праз вёску Малажане, у адным з двароў ля калодзежа ўбачылі жанчынку. Падышлі пазнаёміцца. Шчырай усмешкай сустрэла нас Валянціна Талкачова.
– Гэта мая маленькая радзіма, – з задавальненнем стала расказваць гаспадыня. – У сямнаццаць гадоў з’ехала з вёскі ў горад. Але, па праўдзе кажучы, за столькі гадоў жыцця ў сталіцы так і не стала гарадской. Перш у любую вольную хвілінку спяшаліся ў Малажане да бацькоў. І дзеці нашы любілі адпачываць на вёсцы. Няма ўжо побач таты з мамай. Ды і суседзі, сярод якіх было шмат родзічаў, адышлі ў іншы свет. Але гняздо сваё не кідаем. Узімку, хата, канечне, пустуе, але як толькі сонца прыгрэе, лячу як на крылах. Праўда, дабірацца цяжкавата. Раней ездзілі на цягніку і пяць кіламетраў да дому праходзілі пешшу. Гады ўжо не тыя, таму апошнім часам дабіраемся на аўтобусе праз Докшыцы. Ад райцэнтра – на рэйсавым да Слабады, а потым два кіламетры да Малажань пехам. Кожны год угаворваю сябе, што ў апошні раз, яшчэ адно лета – і ўсё. І не магу не прыехаць. Вы нават не ўяўляеце, якая тут Божая Ласка! Што можа быць смачнейшым за калодзежную ваду? А незабыўныя мясціны! У нас жа колісь і школа васьмігадовая была, і магазін, і клуб. На танцы збіраліся з усіх суседніх вёсак – Кляпіц, Слабады, хутара Жураўлёва. Цяпер, каб надта не сумаваць, прыдумваю сабе розныя заняткі. Агародзік саджу, кветкі разводжу. А за справай і не заўважаеш бязлюддзя. Некаторыя пытаюцца, як не баюся быць тут адна. А я не разумею, як можа быць страшна ў роднай хаце?

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *