На кожны званок — канкрэтны адказ
У панядзелак старшыня райвыканкама Алег Пінчук правёў «прамую тэлефонную лінію» з насельніцтвам раёна. Пытанні, якія паступілі ад жыхароў, тычыліся, у асноўным, паляпшэння ўмоў іх быту.
Першай патэлефанавала дачка Лідзіі Мікалаеўны Каляга, жыхаркі вёскі Ветахмо Крыпульскага сельсавета. Яна папрасіла ў старшыні райвыканкама садзейнічання, каб да дома яе маці зрабілі пад’езд. Акрамя гэтага, жанчына паведаміла, што ў вёсцы не працуе водаразборная калонка. А.Л. Пінчук даручыў старшыні райсавета дэпутатаў Валянціне Сівіцкай выехаць на месца і разам з прадстаўнікамі мясцовай улады разабрацца ў дадзеных пытаннях і вырашыць іх.
Ад імя жыхароў вёскі Маладзеева Бярозкаўскага сельсавета і ад сябе асабіста на “прамую лінію” звярнулася Таццяна Іванаўна Уланава. Яе просьба тычылася аднаўлення мясцовага возера. Справа ў тым, што два гады таму ў вёсцы было возера, але прарвала дамбу, і вады ў ім не стала.
Старшыня райвыканкама даў грамадзянцы адказ, што будзе зроблены выезд на месца, каб разабрацца ў сітуацыі і вырашыць пытанне з аднаўленнем вадаёма. Гэта даручэнне было адрасавана начальніку райсельгасхарчу Наталлі Бортнік і старшыні райсавета дэпутатаў Валянціне Сівіцкай.
З вёскі Валкалата патэлефанаваў удзельнік вайны, інвалід першай групы, 87-гадовы Фёдар Іосіфавіч Тышкевіч. Расказаў, што пражывае разам з унучкай і яе мужам, якія ажыццяўляюць за ім догляд. Але паколькі здароўе ў такім узросце ўжо слабае ды яшчэ нага баліць, то хацелася б старому чалавеку мець у доме санвузел. Папрасіў дапамогі ў яго абуладкаванні.
Кіраўнік раёна растлумачыў грамадзяніну і яго нявестцы, якая таксама ўключалася ў размову, што пры неабходнасці ім будзе выдзелена тэхніка. Будуць таксама накіраваны спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія заключаць дагавор на паслугу, выканаюць усе неабходныя работы, а ўжо за гэта гаспадары павінны заплаціць самі.
І апошні званок на “прамую лінію” паступіў з г.п. Бягомль.
Пенсіянер Іван Ільіч Мугака, які пражывае там па вуліцы Набярэжнай, узняў пытанне забеспячэння жыхароў вадой. Галоўны інжынер РУП ЖКГ А.М. Трахінін, які прысутнічаў на правядзенні «прамой тэлефоннай лініі», паабяцаў, што ўжо на наступны дзень пачнуцца работы па пракладцы водаправода. Іх выканаюць рабочыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Жыхарам неабходна толькі аплаціць кошт трубы.