На Докшицкой земле возрождают храмы
Яны ёсць і іх няма. Старажытная царква Усіх Святых закрытая для карыстання па прычыне сваёй аварыйнасці, а капліца ў гонар Нараджэння Багародзіцы толькі будуецца. Але Бягомльскі прыход існуе, і яго свяшчэннік Валерый Цімкоў робіць многае, каб у гэтым краі вернікі хутчэй займелі магчымасць прыходзіць у храм і маліцца ў ім з палымянай душой.
Царква Усіх Святых была пабудавана ў 1876 годзе. Значная частка сродкаў, неабходных для яе будаўніцтва, была сабрана вернікамі. Па ўспамінах, некалі Бягомльская царква была адным з самых прыгожых храмаў Віцебскай губерні – з сямю купаламі і больш чым метровай таўшчыні сценамі. На пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя па распараджэнні мясцовых уладаў царкву закрылі, іканастас разбурылі, царкоўныя рэчы разрабавалі. Тады ж была знесена і званіца. Пазней у царкве размясцілі спіртзавод. Замест веры людзі атрымалі гарэлку. Толькі ў 1991 годзе храм быў вернуты прыходу.
З жніўня 2002 года ў прытворы царквы сталі праводзіцца богаслужэнні. Але ўжо ў 2006 годзе яны былі спынены, бо будынак быў прызнаны аварыйным. Праз два гады Саветам Міністраў і Сінодам было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы дакументаў па ўнясенні царквы Усіх Святых у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь для далейшага разгляду пытання аб яе рэстаўрацыі. І 18 чэрвеня 2008 года храму быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб распрацоўцы праекта з улікам асаблівасцей аб’екта на правядзенне рэстаўрацыйных работ. Заказчыкам выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама. Атрыманы спецыяльны дазвол Міністэрства культуры РБ на правядзенне праектна-пошукавых работ. Назначаны і зацверджаны кіраўнік. Папярэдняя сума праекта складае 183 мільёны рублёў. Яна непад’ёмная для маленькага прыходу, вернікі якога сабралі толькі 10 мільёнаў рублёў. Жадаючых стаць фундатарамі богапажаданай справы пакуль што не знайшлося.
Разумеючы, што рэстаўрацыя храма – справа не блізкай будучыні, айцец Валерый надумаў будаваць капліцу. Па благаславенні яго праасвяшчэнства архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, было прынята рашэнне аб будаўніцтве капліцы ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Ужо закладзены падмурак новага храма (на здымку). Гэтай вялікай справе неацэнную дапамогу аказалі сталічны будтрэст № 217 і “Беларуськалій”. Зараз Цімкоў прыцэньваецца да зруба, які каштуе каля 300 мільёнаў рублёў. З Божай дапамогай, спадзяецца айцец Валерый, атрымаецца пабудаваць храм для аблудных душ чалавечых. Яшчэ падлеткам, калі і не думаў пра сан свяшчэнніка, ён прысніў, што правіць службу ў бягомльскім храме. Таму, калі па заканчэнні Жыровіцкай семінарыі атрымаў Бягомльскі прыход, успомніў пра свой прарочы сон і зараз лічыць сваім абавязкам вярнуць бягомльчанам магчымасць маліцца ў святыні.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.